Кіраўчане дзеляцца меркаваннямі пра VI Усебеларускі народны сход

Наталля ВАЛЫНЦАВА, галоўны бухгалтар УЗ “Кіраўская ЦРБ”:
– Радуе, што ў сваім выступленні на народным форуме Прэзідэнт нашай дзяржавы Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка сярод шырокага спектру ўзнятых пытанняў шмат увагі надаў рэалізацыі маладзёжнай палітыкі, бо моладзь – гэта крэатыўная, дзейная, мэтанакіраваная частка грамадства, якая актыўна цікавіцца ўсімі накірункамі жыццядзейнасці дзяржавы. Важна, што будзе захавана існуючая ў краіне сістэма размеркавання пасля атрымання адукацыі, такім чынам маладым спецыялістам гарантавана першае працоўнае месца. Развіццё інфраструктуры сельскіх населеных пунктаў будзе садзейнічаць замацаванню моладзі ў вёсках і аграгарадках.
Згодная я і з тым, што сучаснае маладое пакаленне трэба вучыць думаць, разважаць, аналізаваць: развітае інфармацыйнае асяроддзе, сацыяльныя сеткі, мэсэнджэры часам аднабакова ўздзейнічаюць на свядомасць і самавызначэнне маладых людзей.
Як работніка галіны аховы здароўя, мяне зацікавіла, што ў дакладзе Прэзідэнта былі адлюстраваны асноўныя напрамкі яе ўдасканалення. Плануецца развіваць мабільную медыцыну з той мэтай, каб медыкі мелі магчымасць дайсці да кожнага пацыента і выканаць мінімальны спектр лабараторных і дыягнастычных даследаванняў. Так, на няўдным агульным сходзе работнікаў нашай медустановы намеснік галоўнага ўрача Жанна Афонькіна сярод пастаўленых задач адзначыла, што больш увагі будзе нададзена людзям з хранічнымі паталогіямі, інвалідам, якім па стане здароўя фізічна складана дабрацца да паліклінікі, каб прайсці належнае абследаванне. Ужо сёлета плануецца забяспечыць агляд такіх пацыентаў на даму, з выкананнем агульнаклінічных аналізаў.
Згодная я таксама і з думкамі ўдзельнікаў Усебеларускага народнага сходу наконт таго, што для сельскай мясцовасці вельмі актуальная работа перасовачных фельчарска-акушэрскіх пунктаў. У нашым раёне зараз функцыянуе 14 ФАПаў, работнікі якіх аказваюць планавую і экстраную дапамогу, а вось перасовачная “паліклініка на колах” дала б магчымасць сяльчанам выканаць неабходны ім спектр базавых аналізаў без наведвання ЦРБ.
Мы, беларусы, павінны ствараць сваю будучыню на фундаменце народнага адзінства, павагі да дзяржаўнай сімволікі і шчырай любові да сваёй Радзімы.