Кіраўчанін Сяргей Лаўрыненка дапамагае юным тэатралам акунацца ў чароўны свет фантазіі





У нашым невялікім Кіраўску ды і ў раёне наогул, безумоўна, не столькі шмат спецыялізаваных устаноў для развіцця творчых здольнасцей школьнікаў, як у буйных гарадах. Тым не менш, і для значнай колькасці рабят райцэнтра, і іншых населеных пунктаў у большай ці меншай ступені такая мажлівасць ёсць, і працэс гэты небеспаспяховы. Педагогі Кіраўскай дзіцячай школы мастацтваў будуюць сваю работу са школьнікамі па чатырох накірунках дзейнасці: музычным, выяўленчым, харэаграфічным і тэатральным. Мы спынімся на апошнім з іх — самым, пэўна, нешматлікім пакуль што ў плане ахопу школьнікаў і адзіным у раёне.
Рабяты, якія займаюцца ў тэатральным аддзяленні дзіцячай школы мастацтваў, з задавальненнем наведваюць кожны занятак. Вельмі многае ў навучальным працэсе, безумоўна, залежыць ад педагога. У гэтым плане вучням-тэатралам, можна сказаць, пашчасціла, бо кіруе імі сапраўдны энтузіяст сваёй справы Сяргей Лаўрыненка.
Сяргей і сам, здаецца, не так даўно займаўся ў тэатральным аддзяленні, як сённяшнія яго вучні. Яго тагачасны педагог Артур Міронаў нездарма лічыць Лаўрыненку адным з самых здольных сваіх выхаванцаў. Сцэнай Сяргей “захварэў”, як гаворыцца, сур’ёзна і надоўга. Акрамя таго, спрабаваў сябе часта ў ролі вядучага розных мерапрыемстваў, выступаў у самадзейнасці. Паступова дзіцячае, а потым юнацкае захапленне, і ў пераважнасці ўсё ж тэатрам, налілося преспектыўнымі мэтамі, а цяпер, як бачна, і перарасло ў прафесійную дзейнасць.
Пасля заканчэння гімназіі г.Кіраўска выбар Сяргея Лаўрыненкі быў абсалютна свядомы: звязаць далейшы свой лёс з тэатральна-педагагічнай дзейнасцю. Шмат што ў плане творчага развіцця пачэрпнуў падчас вучобы на тэатральным аддзяленні Магілёўскага дзяржаўнага коледжа мастацтваў. З вялікай удзячнасцю ён успамінае сваіх педагогаў Алену Ярашук, Таццяну Гарбачэўскую, Анжаліку Мельнікаву, якія прывілі свайму вучню высокія эстэтычныя пачуцці і, дзякуючы ўрокам якіх быў атрыманы своеасаблівы імпульс на далейшае авалоданне тэатральнай прафесіяй — ужо ў вышэйшым звяне. Паралельна з педагагічнай работай ў Кіраўскай школе мастацтваў Сяргей Лаўрыненка вось ужо амаль пяць гадоў вучыцца на акцёрскім факультэце Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Сёлета старшакурснік рыхтуецца да абароны дыплома. Майстрам курса, на якім вучыцца Сяргей Лаўрыненка, з’яўляецца заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Мішчанчук. Цікавы факт: менавіта ў гэтага педагога вучыўся ў свой час акцёрскаму майстэрству Іван Шчатко, наш зямляк-кіраўчанін, зараз папулярны беларускі акцёр тэатра і кіно. Безумоўна, у размове з Сяргеем Лаўрыненкам мы пацікавіліся аб бліжэйшых яго планах. Магчыма, на тэатральным небасхіле краіны хутка з’явіцца яшчэ адна кіраўская зорка?.. І, як крыху ні было дзіўна, атрымалі адмоўны адказ.
— Мяне па вялікім рахунку больш цікавіць усё ж педагагічная дзейнасць, — адзначыў Сяргей Віктаравіч. — Мне падабаецца выступаць на сцэне, ужывацца ў ролі,, мяняць характары, герояў… Але, лічу, куды больш важна далучыць дзіцяці да свету прыгожага, даць яму адчуць розныя чалавечыя пачуцці, паспрабаваць сябе на месцы іншых…
Да кожнага занятку ў тэатральным аддзяленні Сяргей Лаўрыненка рыхтуецца з поўнай самааддачай, як, дарэчы, і да любога мерапрыемства, у якім удзельнічае сам (а ўдзельнічае шмат). Гэта адзначыла дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Наталля Кавалёва. Вядзе заняткі з захапленнем, з цікавасцю для дзяцей. Нібыта сам запальваючыся ствараемымі на сцэне вобразамі, кіраўнік запальвае кожнага ўдзельніка пастановак і рэпетыцый да іх. Тэмперамент педагога дзеці з лёгкасцю падхопліваюць, і вельмі хутка і дакладна ўваходзяць у той ці іншы вобраз. Але што ж такое дзіцячы тэатр? У чым яго адметнасць і карысць, і чаму тэатральныя заняткі з дзецьмі так захапляюць маладога спецыяліста. Вось як аб гэтым гаворыць сам Сяргей Лаўрыненка:
— У межах тэатралізаванай дзейнасці дзецям удаецца атрымаць вопыт розных перажыванняў, апрабаваць мноства спосабаў узаемадзеяння з сябрамі, педагогамі, гледачамі, атрымаць водгук на свае дзеянні і паводзіны. На тэатральных занятках у дзіцяці фарміруецца вопыт паводзінскіх навыкаў, паколькі кожны літаратурны твор альбо казачная гісторыя для школьнікаў, асабліва малодшых, заўсёды накіравана на выхаванне такіх паняццяў, як дружба, адвага, дабро… Дзякуючы тэатру дзеці спасцігаюць свет не толькі з дапамогай розуму, але і сэрца, выражаюць сваё стаўленне да добрых і злых учынкаў.
У многіх вучняў пачатковых класаў нярэдка з’ўляюцца розныя зрывы, страхі, комплексы. Дзякуючы тэатралізаванай дзейнасці, дзецям удаецца пераадолець баязлівасць, няўпэўненасць у сваіх здольнасцях, сарамлівасць. У рабят адбываецца стаўленне голасу, развіваюцца граматнае маўленне, фізічныя здольнасці, пачуццё такту, музычнасць, а таксма адказнасць і ўзаемавыручка.
Да сваіх выхаванцаў я імкнуся давесці на занятках і рэпетыцыях, што тэатр — гэта не толькі чароўны свет фантазіі, у які трапляюць гледачы. Гэта яшчэ і сур’ёзная праца, дзе юныя тэатралы не проста ўдзельнічаюць у рознага роду пастаноўках, але і вучацца асновам акцёрскай прафесіі. У тэатральным аддзяленні адбываецца комплекснае развіццё асобы. Дзеці вучацца працаваць у калектыве, дзе кожны адказвае не толькі за сябе, а і за ўвесь складаны арганізм. Кожны — нібыта шасцярня, шрубка, незамянімае звяно…
У Сяргея Лаўрыненкі займаюцца накалькі рознаўзроставых груп непасрэдна ў Кіраўску, паралельна ён працуе з рабятамі ў філіяле ДШІ ў Мышкавічах. Ёсць ужо і першыя поспехі. Летась яго выхаванцы былі ўзнагароджаны дыпломам І ступені на абласным конкурсе тэатральнага мастацтва, які праходзіў у Магілёве. Яшчэ крыху раней рабяты пад яго кіраўніцтвам удзельнічалі ў абласным аглядзе тэатральных калектываў школ мастацтваў у Бабруйску, дзе былі адзначаны заахвочвальным дыпломам. Для Сяргея Лаўрыненкі гэтыя першыя ўзнагароды былі асабліва адметныя, бо ў журы знаходзіліся педагогі каледжа, у якіх вучыўся сам. А, значыць, работу былога выхаванца ацанілі. Але гэта, думаецца, толькі пачатак. Наперадзе ў рабят, безумоўна, будуць новыя і значныя творчыя перамогі. А для кагосьці, магчыма, тэатр у будучым стане прызваннем, бо гэта адна са з’яў у людскім асяроддзі, якой можна па добраму “заразіцца” на ўсё жыццё…
Аляксандр ХАХЛОЎ.