Кіраўшчына ўдзельнічала ў абласным суботніку








На Магілёўшчыне прайшоў абласны суботнік. Правядзенне такіх акцый даўно стала добрай традыцый, бо іх мэта прадугледжвае сабой карысную для грамадства справу: навесці парадак на зямлі, зрабіць так, каб навокал стала больш утульна.
Актыўны ўдзел у суботніку прынялі калектывы арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў Кіраўшчыны. Хтосьці папрацаваў непасрэдна ў суботу, некаторыя выйшлі ў больш зручныя для іх дні, што яшчэ абумоўлівалася і пагоднымі ўмовамі. У любым выпадку, людзі не засталіся ў баку ад справы.
У належны санітарны стан прыводзіліся прылягаючыя і замацаваныя за арганізацыямі тэрыторыі, удзельнікі акцыі ўбіралі апаўшае лісце і смецце, садзілі дрэвы. У райцэнтры, да прыкладу, быў наведзены парадак у гарадскім парку, на прылягаючых да шэрагу домаўладанняў тэрыторыях, у раёне меліярацыйнага канала каля завулкаў Чапаева, прыбярэжнай паласы Селіцкага возера, вадаёма “Засолка”, на ўездах у Кіраўск. Было пасаджана больш за 100 дрэў у дэндрапарку райцэнтра з боку в.Букіно, у многіх месцах выдалена пустазелле. На асобных пустуючых тэрыторыях у Кіраўска і за яго межамі выдалена кустоўе, раскарчаваны пні. І гэта — толькі частка зробленага ў межах суботніка.
Акрамя людскіх рэсурсаў шэраг арганізацый і прадпрыемстваў выдзялялі тэхніку для вывазу смецця і правядзення іншых работ.
Шмат што было зроблена на тэрыторыях сельсаветаў. Удзел у суботніку прынялі работнікі сельвыканкамаў, медустаноў, культработнікі, супрацоўнікі ўстаноў адукацыі, школьнікі. Працаўнікі сельгаспрадпрыемстваў шчыравалі на замацаваных тэрыторыях, а таксама на палях і аб’ектах жывёлагадоўлі.