Темы

Квітнее і плоданосіць рассветаўская агародніна

Квітнее і плоданосіць  рассветаўская агародніна
Вопытны агароднінавод Людміла Кахновіч сартыруе агуркі.

Ужо ў сакавіку аматары свежай агародніны мелі магчымасць у гандлёвых кропках Мышкавіч, Кіраўска, Бабруйска, Магілёва і Расійскай Федэрацыі набыць таматы і агуркі з выбаркі сёлетняга года. Акрамя таго калектыў цяплічнага камбіната ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” рабіў выганку цыбулі на пяро, а ў верасні плануе атрымаць першы ўраджай кавуноў. 

Рэсурсазберагальная тэхналогія
Для вырошчвання агародніны выдзелена 10 га цяплічных плошчаў, большую частку з якіх – 8 га – займаюць таматы. Галоўны тэхнолаг камбіната Марыя Бяляўская расказала, што летась было атрымана 3600 тон памідораў і 1076 тон агуркоў. Сёлетні сезон рассветаўскія агароднінаводы распачалі напрыканцы мінулага года – у снежні, менавіта тады палажылі ў глебу насенне. У сярэдзіне студзеня расада адправілася ў блокі.
Нагадаем, што вырошчванне агародніны ў цяплічным камбінаце таварыства наладжана па галандскай тэхналогіі – на малааб’ёмнай гідрапоніцы. Гэта значыць, што агародніну вырошчваюць без глебы, на штучных субстратах пры дапамозе пажыўных раствораў. У “Рассвеце” ў якасці субстрата ўжо некалькі год выкарыстоўваюць спецыяльную мінеральную вату для раслінаводства.
Аграном камбіната Таццяна Стэльмах расказала, што ў блок з мінеральнай ватай высаджваюць звычайна па дзве расліны. Напрыклад, сцябло таматаў за сезон можа вырасці ў вышыню да 15 метраў. З сакавіка да лістапада з раслін збіраюць плады. Да кожнай падведзена індывідуальная кропельніца, праз якую па спецыяльнай схеме ажыццяўляецца кропельны паліў, заснаваны на тым, што вада падаецца з пэўнымі інтэрваламі. Таццяна Стэльмах падкрэсліла, што сярод сучасных метадаў вырошчвання агародніны малааб’ёмная гідрапоніка займае асаблівае месца, бо яна экалагічна бяспечная, рэсурсазберагальная, эканамічна эфектыўная. Важна, што расліна атрымлівае з раствораў усе неабходныя пажыўныя рэчы ў патрэбнай колькасці і дакладных прапорцыях, таму расце моцнай і здаровай.
Кожны год – новы гатунак
Марыя Бяляўская займае пасаду галоўнага тэхнолага пяты год, а наогул у цяплічнай справе – з 1996-га. Да слова, у камбінаце было яе першае і пакуль што адзінае працоўнае месца. Таму Марыя Мікалаеўна добра ведае сваю справу – як гаворыцца, ад А да Я.
Перш чым разлічваць на добры ўраджай, трэба не памыліцца з выбарам гатункаў. М.М.Бяляўская адзначыла, што вырошчваюць правераныя віды таматаў і агуркоў, аднак кожны год спрабуюць і новыя – у пошуках больш устойлівых, пладавітых, прыстасаваных да ўмоў камбіната. Напрыклад, летась апрабавалі новы гатунак таматаў “алтадэна”. У мінулым сезоне пад яго было выдзелена 1,5 га, сёлета ўжо – 4,5 га. “Праверку на якасць і ўстойлівасць гэты гатунак прайшоў паспяхова, – адзначыла Марыя Мікалаеўна, – таму вырашылі пашырыць аб’ём вырошчвання. Робім стаўку менавіта на гэты від, бо летась атрымалі вялікія прыгожыя смачныя плады, акрамя таго пладаножка больш устойлівая і моцная: памідоры нават вялікіх памераў не абрываюцца і не падаюць уніз, а спакойна даспяваюць, што, зразумела, павялічвае ўраджайнасць.
Таксама на цяплічных палетках растуць таматы гатунку “сікурытус”, “тарэра”, навінка гэтага сезона – ружовыя памідоры “малуна” – усяго больш за 70 тысяч раслін. Агуркі высадзілі сярэднеплодных гатункаў “яні” і “магура”.

Добрасумленны калектыў
У цяплічным камбінаце працуе 172 чалавекі, больш за 100 з якіх – агароднінаводы. Зараз яны занятыя на зборы ўраджаю, доглядзе за раслінамі – фарміруюць куст, выдаляюць адпрацаваныя кісці, абрываюць жоўтае лісце і гэтак далей…
За змену – да слова, працоўны дзень для агароднінаводаў ў цяпліцы пачынаецца з 6 гадзін раніцы, пакуль на двары спрыяльная тэмпература, бо ў памяшканні камбіната тэмпературны рэжым такі, каб агародніна добра расла пры любых умовах надвор’я – і ў дождж, і ў спёку – адна цяплічніца здольная сабраць ураджай з 10 – 12 сотак. Летась лепшыя паказчыкі па збору таматаў былі на рахунку агароднінаводаў Валянціны Цішковай – ураджайнасць 53,36 кг з 1 кв.м і Марыны Арлоўскай – 51,94 кг з кв.м. Па агурках лідзіравалі Наталля Андрэева – 53,93 кг з кв. м і Кацярына Бельская – 53,53 кг з кв. м.
Свежазнятыя агурчыкі і памідорчыкі цяплічніцы складаюць у картонныя каробкі альбо пластмасавыя скрыні. На кожнай з іх указваецца прозвішча агароднінавода, гатунак расліны, нумар партыі, дата збору, тэмпература і тэрмін захоўвання, вільгаць пры захоўванні і інш. Марыя Бяляўская адзначае, што дробязей у іх справе не бывае, усё павінна быць адзначана, улічана, бо гэта адбіваецца на выніках работы і якасці атрыманай прадукцыі, а значыць і агульным дабрабыце калектыву.
Чакаем рассветаўскія кавуны!
Сёлета калектыў таварыства ўпершыню заняўся вырошчваннем кавуноў. Напрыканцы красавіка пасеялі насенне турэцкай селекцыі гатунку “місон” – найбольш падыходзячага да нашых прыродных умоў. Зараз расада – а гэта 30 тысяч раслін, якія знаходзяцца ў касетах з грунтам, чакае спрыяльнага надвор’я, каб з утульных і цёплых цяплічных умоў “перабрацца” ў адкрыты грунт. Для гэтага адведзена 5 га пасяўных плошчаў.
Ад семечка да смачнага плада кавунам трэба прайсці складаны шлях даўжынёй прыкладна ў 120 дзён. Да слова, плануемая ўраджай­насць гэтага гатунку дасягае да 100 т з 1 га.
Разам з расадай кавуноў сваёй чаргі перасаджвання ў адкрыты грунт чакае і расада позніх гатункаў капусты. Галоўнае зараз – каб хутчэй прыйшлі цеплыня і сонейка, а астатняе – за сумленнай працай рассветаўскіх агароднінаводаў!
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.

 

Последние новости

Актуально

В Кировске прошел районный выпускной вечер — большой фоторепортаж

12 июня 2026
Читать новость
Актуально

Пётр Яцкевич — ветеран труда ОАО «Рассвет им. К.П.Орловского» даёт совет молодым аграриям

12 июня 2026
Читать новость
Актуально

«Беларусь помнит. Помним каждого». Как реализуют проект школьники Кировского района

12 июня 2026
Читать новость
Сельское хозяйство

Сенокосная страда в СХФ «Чигиринка»

12 июня 2026
Читать новость
Актуально

Юные кировчане приняли участие в III региональном художественном конкурсе «РЭХА ПЕРАМОГІ. Ажыўшыя лісты вайны»

12 июня 2026
Читать новость
Актуально

Конкурс для молодых семей «Властелин села-2026» состоится 16 июня

12 июня 2026
Читать новость