«Люблю, калі палеткі пахнуць хлебам!» — атрад ушанаваных на жніве хлебаробаў на Кіраўшчыне павялічыўся

З кожным днём жніво ўсё бліжэй да свайго лагічнага завяршэння, і колькасць лідараў гэтай важнай кампаніі павялічваецца.
У мінулы аўторак атрад ушанаваных на жніве хлебаробаў раёна павялічыўся на два экіпажы камбайнераў, сярод якіх адзін маладзёжны, і вадзіцеля.
Павіншаваць удзельнікаў жніва з чарговымі працоўнымі дасягненнямі і ўручыць ім заслужаныя Падзячныя пісьмы, каштоўныя падарункі і грашовыя прэміі на палеткі ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” завіталі першы намеснік старшыні райвыканкама — начальнік райсельгасхарчу Аляксандр Сухадольскі, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Ставер, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Алег Бойка.

Падзякавалі за самаадданую працу і вадзіцелю Сяргею Іваніцкаму, які на МАЗ-6501-Е9 з прычэпам перавёз больш за 1500 т збожжа, прычым, гэта 3-ці такі вынік у раёне. Віктар Ставер уручыў перадавому вадзіцелю вымпел і наклейку лідара жніва.

Літаральна некалькі хвілін у карэспандэнта “раёнкі” было на тое, каб крыху бліжэй пазнаёміцца з маладымі героямі жніва. Хлопцы спяшаліся на чарговыя хлебныя палеткі. Да слова, яны — стрыечныя браты, таму разумеюць адзін аднаго з паўслова, імгненна вырашаюць розныя ўзнікаючыя ў працэсе жніва пытанні. Магчыма, гэта адзін з фактараў, які дазволіў ім стаць лідарамі сярод маладых камбайнераў раёна.

Як толькі заканчваецца жніво, Максім вяртаецца на сваё асноўнае рабочае месца — брыгадзіра трактарнай брыгады. Справа гэтая адказная, з якой, дарэчы, спецыяліст паспяхова спраўляецца, бо ведае, што менавіта ад тэхнікі, яе спраўнасці, залежыць бесперабойная дзейнасць і раслінаводчай, і жывёлагадоўчай галін.
Каб павысіць сваю прафесійную кампетэнцыю, пашырыць навыкі і веды, Максім паступіў у Беларускую сельгасакадэмію, дзе паспяхова спасцігае навінкі і сучасныя падыходы работы ў сельскай гаспадарцы.
Аб тым, што нарадзіўся і вырас на вёсцы, Максім ніколі не шкадаваў: бацькі прывілі яму любоў да працы, зямлі, сваёй малой радзімы. А яшчэ, па яго словах, ён вельмі любіць пару года, калі далёка па навакольных палях разносіцца хлебны пах свежаўбраных каласоў, калі, нягледзячы на стому пасля дзённай работы на камбайне, адчуваеш задаволенасць ад свайго асабістага ўкладу ў агульныя намалоты і важкасць збожжавага караваю.
Несумненна, вось за такімі, улюбёнымі ў сялянскую справу спецыялістамі, — будучае беларускай аграрнай галіны.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота аўтара.