Маладыя механізатары Кіраўшчыны вылучаюцца працавітасцю і адказнасцю

Аляксандр Сідарэнка
Асаблівае стаўленне ў земляробчай справе да моладзі. Першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Алена Осіпава адзначыла: “Маладыя механізатары нашага раёна вылучаюцца працавітасцю і адказнасцю. Яны старанна выконваюць прафесійныя абавязкі, з гатоўнасцю бяруцца за любую справу. Старэйшыя таварышы падтрымліваюць і дапамагаюць моладзі асвойваць нялёгкую прафесію земляроба. Такім чынам, з пакалення ў пакаленне на Кіраўшчыне перадаюцца слаўныя працоўныя традыцыі.
Сёлета маладыя трактарысты-машыністы, вадзіцелі ўнеслі значны ўклад у своечасовае і якаснае выкананне сельскагаспадарчых работ: добрасумленна шчыравалі падчас веснавой палявой кампаніі, жніва, на сяўбе азімых культур, корманарыхтоўцы. Варта адзначыць, што механізатары з ліку моладзі адчувалі адказнасць за сваю работу, разумеючы яе важнасць, імкнуліся не адстаць ад сваіх больш вопытных калег, шчыравалі нараўне з імі, а часам і лепш, дасягнулі годных вынікаў”.
Каб прыцягваць моладзь да рэалізацыі дзяржаўнай аграрнай палітыкі, своечасова і якасна праводзіць веснавыя палявыя работы, павышаць прэстыж рабочых прафесій, а таксама выхоўваць паважлівае стаўленне да зямлі-карміцелькі і значнай для грамадства прафесіі земляроба, штогод у раёне наладжваюцца працоўныя спаборніцтвы сярод маладых трактарыстаў-машыністаў, вадзіцеляў. Іх пераможцы ўзнагароджваюцца адпаведнымі дыпломамі і грашовымі прэміямі.
Па выніках раённага спаборніцтва сярод сельскагаспадарчых арганізацый, фермерскіх гаспадарак, трактарыстаў-машыністаў за своечасовае і якаснае правядзенне веснавых палявых работ, сяўбы азімых культур і ўздыму зябліва пераможцамі сярод трактарыстаў-машыністаў прызнаны два прадстаўнікі ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” – Аляксандр Кахновіч – на ўзворванні глебы і Мікалай Карпаў – на вывазцы і ўнясенні арганічных угнаенняў.
Годная змена мэтанакіраваных маладых механізатараў расце ў ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне”. Па выніках спаборніцтваў два трактарысты-машыністы ў ліку лепшых: Аляксандр Сідарэнка (на здымку) – на сяўбе збожжавых і зернебабовых культур і Дзмітрый Комар, які заняў другое месца на ўнясенні мінеральных угнаенняў. Да слова, Дзмітрый – з працоўнай дынастыі Комараў, шлях у земляробчую справу яму адкрыў бацька Уладзімір, з якім ён не адзін сезон удзельнічаў у палявых кампаніях, на розных відах работ.
Лідарства ў намінацыі “унясенне мінеральных угнаенняў” – у маладога механізатара КСУП “Ніва-Барсукі” Аляксандра Рымарава.
На добрым рахунку ў кіраўніцтва КСУП “Чырвоны баец” Аляксей Масюковіч. Па выніках спаборніцтва яму прысуджана другое месца на сяўбе збожжавых і зернебабовых. Нягледзячы на малады ўзрост, Аляксей – вопытны земляроб. Гэтая пасяўная кампанія была для яго дзясятая.
У лідарах спаборніцтва – адразу двое маладых механізатараў КСУП “Жылічы”: Сяргей Міхнёў – лепшы на доглядзе за пасевамі, Раман Данілаў – на сяўбе цукровых буракоў.
Малады трактарыст-машыніст філіяла “Бераснёўскі” ААТ “Упраўляючая кампанія холдынга “Бабруйскаграмаш” Яўген Міхалап – пераможца на падрыхтоўцы глебы. Культывацыя, чызеляванне, перадпасяўная апрацоўка – усё яму па плячы.
У кіраўскіх земляробаў расце годная змена, ёсць на каго ўскладваць надзеі. Паспяховыя маладыя механізатары – прыклад для пераймання прадстаўнікам падрастаючага пакалення і гонар сельгасарганізацый.