Малочныя рэкі ад рук працавітых

Па выніках работы за адзінаццаць месяцаў бягучага года сярод лідараў працоўнага спаборніцтва ў жывёлагадоўчай галіне – аператар машыннага даення кароў у даільных залах МТК «Валосавічы» ААТ «Рассвет імя К.П.Арлоўскага» Раіса Быкава. Ад кожнай рагулі сваёй групы жанчына атрымала па 9951 кг малака! Гэта лепшы рэзультат у раёне.
Па словах загадчыцы фермы Гульнары Емяльяненка, менавіта дзякуючы такім працаўніцам, як Раіса Паўлаўна, шчырым, руплівым, адказным, сельгаставарыства дасягае добрых вынікаў у жывёлагадоўлі. Галоўнае правіла жанчыны – працаваць сумленна. Яна і неабходныя тэхналагічныя патрабаванні даення кароў выконвае, і да жывёлы ставіцца з душой. Гэта, магчыма, і ёсць адны з галоўных крытэрыяў для атрымання высокіх надояў. Раіса Паўлаўна вельмі шчырая і таварыская, у цяжкую хвіліну заўсёды прыйдзе на дапамогу, а калі трэба, то і плячо падставіць.
Даяркай у «Рассвеце» Раіса Быкава працуе больш за 30 гадоў. А пачынала даіць кароў яшчэ зусім маленькай дзяўчынкай, калі разам з сястрой бегала на ферму дапамагаць маці. Менавіта тады і вырашыла, што звяжа сваёй жыццё з такой жа працай, так яно і адбылося. Дарэчы, даяркай стала і яе сястра, так што ў іх сям’і – дынастыя.
Раіса Паўлаўна нават і не спрабавала шукаць шчасця ў іншай прафесіі, была ўпэўнена ў сваім выбары. Вось так, месяц за месяцам, год за годам і праляцелі тры дзесяцігоддзі. Колькі тысяч тон малака за гэты час прайшло праз яе працавітыя рукі, нават складана ўявіць. І практычна заўсёды даярка ў лідарах. Па словах жанчыны, асаблівага сакрэту ў гэтым няма, трэба проста душой хварэць за справу, якой займаешся.
Часта можна пачуць, што праца ў жывёлагадоўлі нялёгкая, яно і сапраўды так. Аднак, лічыць Раіса Паўлаўна, калі займацца справай, якая прыносіць задавальненне, то яна не здаецца такой цяжкай. І сапраўды, гледзячы якой радасцю свяціліся яе вочы, калі яна расказвала пра сваіх падапечных, якія штодня чакаюць клапатлівых рук і пяшчотнага голасу даяркі, пераконваешся: калі чалавек знаходзіць сябе ў любімай справе – ён сапраўды шчаслівы.
Раіса Быкава не толькі добрасумленная і працавітая даярка, яна пяшчотная і клапатлівая матуля, якая выхвала і дала пуцёўку ў дарослае жыццё пецярым дзецям. Шчаслівыя моманты дораць любімай бабулі 11 унукаў.
На пытанне, ці хацела б яна штосьці змяніць у сваім жыцці, калі б была такая магчымасць, Раіса Паўлаўна з усмешкай адказала «Не, усё б пакінула так, як і здарылася». Напэўна, у такія моманты, азіраючыся ў мінулае, чалавек разумее, што ўсё зрабіў правільна…
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.