На базе Кіраўскага РЦСАН прайшоў абласны семінар-практыкум
Напрыканцы снежня мінулага года на базе раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адбыўся абласны семінар-практыкум, на якім была разгледжана дзейнасць створаных на базе ЦСАН аддзяленняў дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту. Удзел у ім прынялі загадчыкі аддзяленняў дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ЦСАН вобласці пад старшынствам галоўнага спецыяліста ўпраўлення сацыяльнай дапамогі і сацыяльнага абслугоўвання камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Алены Раманавай.
З дзейнасцю РЦСАН і створанымі тут умовамі для наведвальнікаў удзельнікаў семінара пазнаёміла дырэктар цэнтра Вольга Мержый.
Зараз раённае аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту наведвае 21 чалавек. Асноўным у рабоце з пажылымі людзьмі Вольга Мікалаеўна назвала стварэнне для іх належных умоў для раскрыцця патэнцыяльных магчымасцей: пенсіянеры займаюцца фізкультурна-аздараўленчай гімнастыкай, наведваючы спартыўна-аздараўленчы клуб “Геркулес”, спяваюць, вяжуць, вышываюць, займаюцца бісерапляценнем і нават вывучаюць камп’ютарную грамату. Акрамя гэтага, з пажылымі грамадзянамі праводзіцца псіхалагічная работа, якая ўключае ў сябе дыягнастычныя заняткі, кансультацыі і трэнінгі.
Як адзначыла Вольга Мержый, вялікую ролю ў дзейнасці аддзялення адыгрываюць самі пажылыя людзі, іх актыўнасць і ініцыятыўнасць. Яны з задавальненнем прымаюць удзел у фестывалях, конкурсах, кірмашах, арганізоваўемых паездках, якія наладжваюцца па славутых мясцінах Беларусі. У іх “скарбонцы” ўдзел у міжнародным фестывалі “Вянок дружбы”, рэспубліканскім свяце “Купалле” “Александрыя збірае сяброў”, абласным і раённым фестывалях-кірмашах працаўнікоў вёскі “Дажынкі”.
Пры аддзяленні працуе швейны гурток “Срэбраная нітка”, дэкаратыўна-прыкладной творчасці — “Майстрыха”, вакальны — “Нат-хненне”, клуб “Сяброўка Восень”, ідэйным нат-хняльнікам стварэння якога стала яго старшыня Людміла Лукановіч.
Падчас семінара ўдзельнікі клуба “Сяброўка Восень”, якія напярэдадні навагодніх святаў займаліся дэкаратыўна-прыкладной творчасцю, віталі прысутных мілагучнымі песнямі. Свой музычны падарунак гасцям прыпаднеслі і рабяты з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў.
Пагутарыўшы з наведвальнікамі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту РЦСАН удзельнікі семінара ўпэўніліся, што тут створаны ўсе неабходныя ўмовы для таго, каб прадстаўнікі “залатога ўзросту” ўспрымалі гэты перыяд жыцця як час для адкрыццяў і цікавага адпачынку. Нават прагучала такая фраза: “Калі старасць нельга спыніць, яе можна зрабіць актыўнай і напоўненай сэнсам”.
Людміла СЯМЁНАВА. Фота аўтара.