На Кіраўшчыне надышоў час хлебаробскіх экзаменаў

Вось і надышоў час чарговага экзамена хлебаробаў — жніво! Яно, як і заўсёды, павінна даць ацэнку працы аграрыяў, якія, кожны на сваім месцы, уносілі свой уклад у агульны каравай.
У большасці сельгасарганізацый раёна распачалі ўборку збажыны. Пакуль гэта, як гаворыцца, “прыстрэлка” на першых гектарах, але зусім хутка яна плаўна пяройдзе ў масавую ўборку.
Першымі ў раёне вывелі камбайны на збожжавыя палеткі земляробы КСУП “Чырвоны баец”. Менавіта сюды напрыканцы мінулага тыдня мы і накіраваліся, каб увачавідкі паназіраць, як стартуе адзін з самых адказных перыядаў для вяскоўцаў.
Працоўная атмасфера — непаўторная, жніўная — адчувалася ўжо на пад’ездзе да цэнтральнай сядзібы Паўлавіч. Некалькі адзінак тэхнікі завіхаліся на ўчастку каля фруктовага сада гаспадаркі. Тут у свой час былі размешчаны пасевы азімага рапсу.
— Генеральную рэпетыцыю перад жнівом мы пачалі менавіта з уборкі гэтай алейнай культуры, — распавёў гаворку пры сустрэчы дырэктар сельгаспрадпрыемства Сяргей Лянкевіч. Займаў рапс у структуры нашых пасеваў 350 га. Выдаўся зусім неблагім: па 21 цэнтнеру на круг выходзіць масланасення. Гэта больш чым удвая
вышэй леташняй ураджайнасці. І ўсё ж, чакалі мы яшчэ большага, і выгляды пасеваў па ходу росту раслін паказвалі на тое. У тэхналагічным плане для атрымання высокага ўраджаю было зроблена практычна ўсё. Але крыху не хапіла чэрвеньскіх дожджыкаў, і рапс стаў падсыхаць. Давялося сёлета дзесьці на два тыдні чым звычайна распачаць уборачную кампанію. Гэта датычыцца не толькі нашай гаспадаркі — такое становішча ва ўсіх. Цяпер жа імкнемся паскорыць тэмпы работ, каб не страціць вырашчанае.


Вызваленыя палі задыскоўваюцца. Гэтая работа даручана Аляксею Масюковічу. Затым механізатар Павел Букаты ўзарэ глебу і — калі ласка, поле будзе поўнасцю падрыхтавана да пасеваў вызначаных агранамічнай службай наступных культур. Такі вось палявы канвеер…
…А вось і поле спелай пшаніцы! Налітыя каласкі перашэптваюцца пад ветрыкам і ствараюць сапраўднае мора. І гэтае мора “разразаюць” жаткамі сталёвыя машыны, пакідаючы следам роўныя радкі залацістай саломы. За штурваламі збожжаўборачных камбайнаў — зноў жа вопытныя “байцы”, за плячамі якіх далёка не адно жніво, Валерый Дырыкаў і Аляксандр Макаронак. Апошні з іх з асаблівым хваляваннем “збірае” пшанічныя каласкі: менавіта сам засяваў гэтае поле. 16-ты сезон убірае Аляксандр хлеб. У яго, да слова, зараз самы “вялікаўзроставы” камбайн: сталёвай машыне КЗС-10 — 15 гадоў, але тэхніка і дагэтуль на хаду і ў поўнай баявой гатоўнасці дзякуючы ўмелым рукам механізатара.
Намалочанае збожжа ссыпаецца ў кузавы МАЗаў, на якіх Юрый Кітоў, Аляксандр Ермалаеў і Мікалай Аляксееў дастаўляюць яго ў сушыльную гаспадарку. Усё зерне тут даводзіць да ладу спецыяльная брыгада. Рапсавае зерне пасля дапрацоўкі адпраўляецца на прыёмныя пункты ў кошт дзяржзаказу, а вось на збожжа “Чырвонаму байцу” пастаўкі дзяржаве не прадугледжаны, паколькі вялікая яго колькасць
неабходная для ўласных патрэб, у прыватнасці, для “жыхароў” мясцовага свінакомплексу — адзінага ў раёне.

Наогул не толькі тэхніка была своечасова падрыхтавана да ўборачнай кампаніі, у якой слабых звёнаў быць не можа. Усё прадумана і арганізавана загадзя. Для тых, хто заняты на жніве, прадугледжана двухразовае гарачае харчаванне, механізатары, вадзіцелі забяспечаны спецвопраткай, машыны ўкамплектаваны медыцынскімі аптэчкамі. Праводзяцца неабходныя супрацьпажарныя мерапрыемствы, па ахове працы. За ўсім працэсам арганізацыі работ уважліва сочаць адказныя спецыялісты, у ліку якіх галоўны аграном Сяргей Глушакоў, брыгадзір Фёдар Еўдакімаў. Яны, як і ўсе, хто заняты на жніўных работах, упэўнены, што хлеб будзе ўбраны ў як мага больш сціслыя тэрміны і якасна.
— Будаваць жа планы на ўраджай, пакуль ён “на корані”, не варта, — заўважыў напрыканцы нашай размовы кіраўнік сельгаспрадпрыемства, — усё жніво яшчэ наперадзе. Многае залежыць ад нас, але хацелася б, каб і надвор’е дапамагло сяльчанам. Вельмі не пашкодзяць дожджыкі — яшчэ шмат раслін просяць яго на палях.
І, нібыта пачуўшы гэтыя словы, у нядзелю зямлю напаіў шчодры дождж…
Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фота аўтара.