Темы

На палях Кіраўскага райаграпрамтэхзабеспячэння кіпіць напружаная праца

На палях Кіраўскага райаграпрамтэхзабеспячэння кіпіць напружаная праца

На палях Кіраўскага райаграпрамтэхзабеспячэння кіпіць напружаная праца. На адным з сямі камбайнаў, задзейнічаных на ўборцы ўраджаю, працуе сямейны экіпаж Уладзіміра і Дзмітрыя Комараў, якія з’яўляюцца лідарамі на жніве ў гаспадарцы.

Дзмітрый і Уладзімір Комары

Напружанне звязана не толькі з фізічнай працай. Для хлебаробаў жніво – гэта не руціна, а вырашальны экзамен усяго года. Ды і сучасная тэхніка палягчае працу, але яна не можа спыніць дождж… Збожжа саспела, і цяпер самае нязначнае прамаруджванне пагражае стратай: перестаяўшы колас можа абсыпацца, а раптоўны дождж – прыбіць пасевы да зямлі або павысіць вільготнасць збожжа, што ўскладніць яго ўборку і сушку. А адказнасць за будучы каравай ляжыць на ўсіх удзельніках уборачнай кампаніі, таму яны і аддаюць працы ўсе сілы.

Для Комара старэйшага – гэта 26-е жніво, для малодшага – 17-е. Працуючы ў пары, яны штогод займаюць лідзіруючыя пазіцыі ў раёне сярод экіпажаў на айчынных камбайнах. Бацька – інжынер па адукацыі, сын – мастак. Здавалася б, такія розныя прафесіі, але на хлебнай ніве яны дапаўняюць адзін аднаго. Абодва шчыра любяць родную зямлю, тонка адчуваюць яе характар і беражліва, з душой ставяцца да тэхнікі. Таму ў мінулым годзе кіраўніцтва сельгаставарыства даверыла Комарам новы высокапрадукцыйны камбайн айчыннай вытворчасці ГОМСЕЛЬМАШ GS12А1PRO, які яны летась толькі і паспелі апрабаваць. А ўжо сёлета з першага дня ўпэўнена выйшлі ў поле на сучасным камбайне. Іх зладжаная праца – гэта сплаў дакладнага разліку і глыбокага натхнення. На раніцу 23 ліпеня сямейны дуэт намалаціў 398,3 тоны збожжа. Наперадзе – гектары яшчэ не ўбранага ўраджаю, тоны збожжа, якое павінна своечасова сысці з палёў у засекі Радзімы. Кожны новы круг па хлебнай ніве – гэта агульны ўклад іх сям’і ў харчовую бяспеку краіны, у мір і сытае жыццё беларусаў. Бацька і сын глядзяць наперад з упэўненасцю: пакуль у адной кабіне разам вопыт, маладосць і любоў да роднай зямлі, бітва за ўраджай абавязкова будзе выйграна.

Ганарыцца Уладзімір Дзмітрыевіч, што працуе ў тандэме з сынам. Дзмітрый жа адчувае вялікую адказнасць, працуючы з бацькам. Бо Комара старэйшага добра ведаюць не толькі ў раёне. Ён неаднаразова станавіўся пераможцам і прызёрам раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў, у скарбонцы яго ўзнагарод – медаль «За працоўныя заслугі». Вось і імкнецца сын утрымаць высокую бацькаву планку. Для яго гэта не проста экзамен на прафесіяналізм, гэта праверка на права называцца сапраўдным гаспадаром зямлі.

Гледзячы на гэтых людзей, разумееш: пакуль на нашых палях працуюць такія адданыя справе сямейныя дынастыі, харчовая бяспека краіны ў надзейных руках.
Ва ўборачнай кампаніі важны ўклад кожнага, таму гаспадарка стварае ўсе ўмовы, каб аблегчыць напружаную працу хлебаробаў. Прама ў поле, да месца працы двойчы на дзень прывозяць сытныя гарачыя абеды і вячэры. Акрамя таго, пастаянна дастаўляюць пітную ваду. Кухонны рабочы Таццяна Слуцкая (на здымку), раздаючы порцыі, абавязкова знаходзіць для кожнага механізатара добрае слова падтрымкі і шчыра ўсміхнецца, нагадваючы: у тыле жніва пра іх памятаюць і клапоцяцца.


Маладыя хлебаробы ААТ «Рассвет імя К.П.Арлоўскага» на сучаснай сельгастэхніцы айчыннай вытворчасці ўносяць важкі ўклад у забеспячэнне харчовай бяспекі краіны.

Сярэдзіна лета – час галоўнага экзамену для аграрыяў. Сярод яркіх сонечных дзён, якія чаргуюцца з пахмурнымі дажджлівымі, на палях раёна не сціхае гул камбайнаў: на гэтым тыдні хлебаробы літаральна адваёўваюць кожны пагодлівы момант для выхаду ў поле, бо менавіта ў гэтыя дні вырашаецца галоўнае – ці будзе ў нас заўтра хлеб – падмурак харчовай бяспекі. І на гэтай перадавой разам з вопытнымі трактарыстамі-машыністамі, вадзіцелямі працуюць тыя, каму трэба будзе вызначаць будучыню вёскі – маладыя аграрыі. Яны нясуць у галіну сельскай гаспадаркі інавацыі, свежую энергію і сучасныя падыходы.

21 ліпеня ў «Рассвеце» стартавала ўборка азімага рапсу. У гэты ж дзень журналісты раённай газеты пабывалі ў полі каля вёскі Стаўпішча і назіралі за яе ходам. Працэсам кіравала начальнік вытворчага ўчастка Аляксандра Пятруша – адзіная жанчына ў полі, якая з гаспадарскім падыходам і спакойным поглядам кантралявала ўборачную. «Для мяне гэта першае жніво на пасадзе кіраўніка ўчастка, –
расказала Аляксандра Аляксандраўна. – Ці страшна? Не. Калі за спіной такі калектыў – добрасумленныя камбайнеры і вадзіцелі, якія працуюць зладжана, змагаюцца за кожны гектар і перавезеную тону, – адчуваеш толькі адказнасць, а страху няма. Для мяне ў маёй працы няма падзелу на мужчынскія і жаночыя задачы: ёсць агульная мэта – убраць збожжа без страт».

Азімы рапс на вытворчым участку «Стаўпішча» займае 512 гектараў. Ужо з 459 гектараў абмалочаны азімы ячмень. 522 гектары займае азімая пшаніца, палова гэтай плошчы таксама ўжо ўбрана.
У гэты дзень у полі працавалі 6 камбайнаў. На адным з іх шчыраваў маладзёжны экіпаж у саставе Сяргея Дразда і Эдуарда Фаміна. У працоўным спаборніцтве яны ўпэўнена лідзіруюць сярод маладзёжных экіпажаў раёна і трывала ўтрымліваюць другое месца ў агульным рэйтынгу гаспадаркі.
«Працаваць на зямлі сёння стала цікавей шмат у чым дзякуючы тэхналогіям, – падзяліўся думкамі Сяргей. – За штурвалам камбайна КЗС1218 А1 вытворчасці «Гомсельмаш» я чацвёрты год. Працаваць зручна, камфортна, цікава, нічога складанага няма. Працэсы максімальна аўтаматызаваныя, гэта здымае фізічную стомленасць, дазваляе сканцэнтравацца на якасці абмалоту».

Сяргей Дрозд і Эдуард Фамін


Хлопцы працуюць разам ужо не адзін сезон, разумеюць адзін аднаго з паўслова.
Сяргей Дрозд – патомны хлебароб. Атрымаўшы правы трактарыста-машыніста падчас вучобы ў Кіраўскім ліцэі №15, прыйшоў працаваць у «Рассвет». Для яго выбар прафесіі ніколі не быў пытаннем, шчыруючы на зямлі з дзяцінства, ведаў, што гэта будзе справай яго жыцця.
Эдуард Фамін прыйшоў у сельскую гаспадарку інакш. Спачатку ён уладкаваўся памочнікам на камбайн часова, каб падзарабіць у сезон. Але папрацаваўшы на хлебнай ніве, адчуўшы сілу зямлі, пах свежага збожжа, зразумеў, што знайшоў сваё прызванне.

Маладыя хлебаробы адзначылі, што шчыраваць на палетках не складана. Адсутнасць выхадных, напружаная праца кампенсуюцца любоўю да працы на зямлі і, вядома ж, добрымі заробкамі. Сёння галіна АПК – гэта тэрыторыя высокіх тэхналогій і дастойных зарплат. Вёска чакае не выпадковых людзей, а тых, хто гатовы ўкладваць душу ў зямлю.

Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота Алесі ПРЫГАЖАЕВАЙ.


Последние новости

Актуально

Профессия пожарный: служба как призвание

25 июля 2026
Читать новость
Актуально

Уважаемые работники и ветераны пожарной службы!

25 июля 2026
Читать новость
Прием граждан

Правовые инспекторы труда окажут бесплатную юридическую помощь жителям Могилевщины 30 июля

24 июля 2026
Читать новость
Актуально

В Могилевской области работает «горячая линия» профсоюза в период уборочной кампании

24 июля 2026
Читать новость
Знай наших!

Радуга талантов: кировчане на «Славянском базаре»

24 июля 2026
Читать новость
Актуально

На палях Кіраўскага райаграпрамтэхзабеспячэння кіпіць напружаная праца

24 июля 2026
Читать новость