Темы

Настаўнік. Партызан. Краязнаўца

Настаўнік. Партызан. Краязнаўца

У часы Вялікай Айчыннай вайны на барацьбу з акупантамі ўзняліся патрыёты Радзімы, людзі самых розных сфер дзейнасці – ад селяніна да рабочага, ад урача да настаўніка. Адны вялі барацьбу з ворагам на фронце, іншыя, знаходзячыся ў тыле праціўніка, набліжалі доўгачаканыя дні вызвалення, змагаючыся ў саставе партызанскіх атрадаў.

Мужнасцю і адвагай вызначаліся ў тым ліку педагогі: А.М.Сілкін, В.М.Брацянкова, Ф.Ц.Папоў, В.У.Жабуртовіч, Ф.Ф.Дабравольскі і многія іншыя. Толькі ў саставе Кіраўскай ваенна-аператыўнай групы змагаліся 92 чалавекі, якія да вайны шчыравалі на педагагічнай ніве раёна.
У гэтыя дні, калі набліжаецца святкаванне 75-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, нельга не ўзгадаць Івана Васільевіча Пятруніна – настаўніка, партызана, вядомага краязнаўцу. Нарадзіўся ён у Дрыбінскім раёне, аднак сваё цікавае, насычанае рознымі падзеямі жыццё правёў на Кіраўшчыне.
…Вайна заспела маладога настаўніка ў Казулічах, дзе ён працаваў у школе-сямігодцы. Група мабілізаваных у Чырвоную Армію людзей, сярод якіх быў і І.В.Пятрунін, накіравалася ў Бабруйск, аднак па дарозе сустрэлася з фашысцкімі танкамі. Частка прызыўнікоў загінула, астатнія разбегліся па навакольных лясах, некаторыя вярнуліся дамоў. Іван Пятрунін прыйшоў назад у Казулічы. Бачыў зверствы ворагаў і не жадаў падпарадкоўвацца фашысцкаму рэжыму. Праз нейкі час ён увайшоў у групу, якая актыўна вяла пошук зброі і падбор людзей у партызанскі атрад. У будучым ён атрымаў нумар 537 і камандаваў ім С.І.Свірыд. І.В.Пятрунін у гэтым атрадзе ўваходзіў у дыверсійную групу, якую ўзначальваў У.А.Парахневіч. Яна дзейнічала на ўчастку чыгункі Бабруйск – Жлобін, пусціла пад адхон 20 варожых эшалонаў, некалькіх тысяч рэек. Як пазней распавядаў сам І.В.Пятрунін, назаўсёды ў яго засталіся ўспаміны пра цяжкія метры да чыгуначнага палатна, закладка ўзрыўчаткі, моцныя выбухі, пругкія клубы полымя, узнятыя да неба рэйкі…У адной з такіх дыверсійных аперацый малады партызан быў паранены.
Пасля вызвалення Кіраўшчыны настаўнік зноў вярнуўся на педагагічную працу. За гады акупацыі была разбурана значная частка навучальных устаноў раёна, знішчаны абсталяванне, падручнікі, вучэбна-наглядныя дапаможнікі… Трэба было прыкласці шмат намаганняў, каб аднавіць работу школ. І.В.Пятрунін у розныя гады працаваў дырэктарам Папоўшчынскай, Баравіцкай, Скачкоўскай школ.
Памяць аб вайне, загінуўшых таварышах, перажытым не дазваляла яму маўчаць. У 1969 годзе настаўнік узначальвае атрад чырвоных следапытаў, які актыўна займаецца пошуковай работай. Удалося аднавіць імёны 4-х раней невядомых лётчыкаў, якія загінулі ў апошні дзень чэрвеня 1941 года на тэрыторыі Баравіцкага сельсавета, адшукаць іх родных. Знайшлі следапыты і 2-х былых народных мсціўцаў 537 партызанскага атарада, што жылі ў нашым раёне: І.С.Гарадовіча і М.А.Свірко.
Работа атрада чырвоных следапытаў пад кіраўніцтвам І.В.Пятруніна не абмяжоўвалася пошукам людзей, якія змагаліся з ворагам на тэрыторыі Кіраўшчыны. Напрыклад, была нала­джана сувязь з 2 героямі, што засталіся жывымі з 18 салдат, ваяваўшых на славутай Безыменнай вышыні. Знайшлі 4 героі-панфілаўцы, якія засталіся жывымі з 28 байцоў, змагаўшыхся з ворагам у 1941 годзе пад Масквой.
Доўгі час настаўнік плённа супрацоўнічаў з рэдакцыяй раённай газеты “Кіравец”. Яго нататкі, карэспандэнцыі, артыкулы не толькі распавядалі аб ваенных гадах, але яшчэ і закраналі актуальныя пытанні жыцця грамадства.
І.В.Пятрунін з’яўляўся дэпутатам Баравіцкага сельскага Савета дэпутатаў некалькіх скліканняў, з увагай і клопатам ставіўся да патрэб адна­вяс­коўцаў.
Баявы шлях настаўніка быў адзначаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны І ступені, медалём “За адвагу”. І былі ўзнагароды за працоўныя заслугі на ніве педагагічнай працы. Галоўнае – жыве памяць аб гэтым чалавеку, які змог перадаць падрастаючаму пакаленню свае веды, дабрыню, павагу да людзей, інтарэс да гісторыі Айчыны.
Аляксандр ДЗМІТРЫЕЎ.

Последние новости

Актуально

В Кировском районе газоснабжения состоялась концертная программа

15 сентября 2026
Читать новость
Актуально

Александр Лукашенко отметил положительную динамику стратегического партнерства Беларуси и Зимбабве

15 сентября 2026
Читать новость
Актуально

17 сентября состоится заселение комиссии по координации работы по содействию занятости населения

15 сентября 2026
Читать новость
Прямая линия

18 сентября пройдет горячая линия по вопросам качества технического обслуживания домов

15 сентября 2026
Читать новость
Актуально

VI ВНС: от народного форума – к конституционной реформе

15 сентября 2026
Читать новость
В районе

37 гадоў вернасці кнізе: як Ларыса Фралова знайшла прызванне

15 сентября 2026
Читать новость