Не будзем раўнадушнымі да фактаў бескультур’я!

Усе ведаюць слоган, што рэклама з’яўляецца рухавіком гандлю. Яна ідзе да патэнцыяльных спажыўцоў з экранаў тэлевізараў і камп’ютараў, са старонак газет і часопісаў, мабільных тэлефонаў. Рознакаляровыя лістоўкі можна знайсці і ў паштовых скрынях — шматлікія арганізацыі, установы, прадпрыемствы, фірмы такім чынам інфармуюць насельніцтва аб таварах, якія яны выпускаюць ці аб паслугах, якія аказваюць.
Ну і няхай сабе рэалізуюць, аказваюць. Але ж навошта сваю рэкламу размяшчаць у месцах, не прызначаных для гэтых мэт? Дзе толькі не ўбачыш шматкі паперы: на уваходных дзвярах і ў пад’ездах шматкватэрных дамоў, электрычных слупах, агароджах, нават на дрэвах. Нягледзячы на тое, што для гэтых мэт у нашым горадзе маюцца спецыяльна адведзеныя месцы: стэнд на аўтавакзале, тумбы каля раённага Дома культуры і дзіцячай школы мастацтваў.
Да таго ж, сваю рэкламу, аб’яву можна размясціць на старонках раённай газеты, агучыць па раённым радыё. Зразумела, за гэта неабходна за-плаціць пэўную суму грошай. Многія кіраўнікі прыватных унітарных прадпрыемстваў, прадпрымальнікі, фізічныя асобы так і робяць, бо ведаюць, што вельмі многія жыхары горада і сельскіх населеных пунктаў “раёнку” выпісваюць, набываюць у кіёсках “Саюздруку” і ўпэўнены, што рэклама, аб’ява ў абавязковым парадку імі будзе прачытана.
Жыхары шматпавярховага дома №16а ў г.Кіраўску каля абодвух сваіх пад’ездаў павесілі спецыяльныя рэкламныя шчыты. Толькі імі не заўсёды карыстаюцца расклейшчыкі, а наклейваюць свае паперкі на жалезныя дзверы, тым самым псуючы іх знешні выгляд. Сваімі абыякавымі адносінамі да ўласнасці грамадзян яны выклікаюць у кіраўчан гнеўнае абурэнне.
Неаднойчы даводзілася чуць ад гараджан: няўжо няма ўправы на гэтых расклейшчыкаў? Зразумела, што кожны з іх стараецца зарабіць пабольш грошай. Толькі ж не такім шляхам гэта трэба рабіць. Засілле рэкламы і яе паўсюднае размяшчэнне парушае ўсе правілы добраўпарадкавання.
Актывісты, жыхары, вучні гімназіі актыўна змагаюцца за эстэтычны выгляд горада: падчас праводзімага месячніка па навядзенні парадку на зямлі яны ачысцілі слупы, агароджы ад наклеек, аб’яў. Але ўжо на наступны дзень на іх зноў з’явіліся першыя “ластаўкі”.
Для таго, каб ачысціць наш горад ад “выгадных прапаноў”, неабходна, напэўна, выкарыстоўваць меры пакарання, прадугледжаныя заканадаўствам, і нераўнадушныя адносіны да такой з’явы ўсіх жыхароў горада і сельскіх населеных пунктаў, не праходзіць міма фактаў бескультур’я.
Таццяна БАРАДЗІНА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.





