Новыя насельнікі лясоў Кіраўшчыны — высакародныя алені



Высакародны алень — упрыгожванне беларускіх лясоў. Даўжыня яго цела дасягае 2,5 м, а вышыня ў карку — каля 160 см. Сярэдняя маса — 150 кг, але бывалі выпадкі, калі яна дасягала 300 кг. У самцоў вялікія рогі, якія яны скідаюць у першыя дні вясны. Алені выбіраюць для пражывання лісцевыя і змешаныя лясы, са шматлікімі палянамі, прыроднымі і штучнымі вадаёмамі.

У Беларусі, пачынаючы з мінулага года, дзейнічае дзяржаўная праграма “Беларускі лес” на 2016-2020 гады. Яна складаецца з трох падпраграм: “Павышэнне эфектыўнасці выкарыстання лясных рэсурсаў Рэспублікі Беларусь”, “Будаўніцтва лесагаспадарчых дарог” і “Развіццё паляўнічай гаспадаркі”. Менавіта ў мэтах рэалізацыі апошняй падпраграмы і было прынята рашэнне ў тым ліку і на тэрыторыі нашага раёна правесці пэўныя мерапрыемствы, каб разнастаіць паляўнічую фаўну, павялічыць прадуктыўнасць паляўнічых угоддзяў, задаволіць попыт паляўнічых.
У мінулым годзе ў межах лясной праграмы раённай арганізацыйнай структуры РДГА “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” былі выдзелены грашовыя сродкі на рассяленне ў мясцовых лясах высакароднага аленя.
Летась у раёне в.Новы Гарадок быў пабудаваны спецыяльны вальер пад адкрытым небам, у які былі прывезены і змешчаны 15 асобін высакароднага аленя. На працягу лета яны асвойваліся, праходзілі адаптацыю, а ўвосень у натуральнае асяроддзе было выпушчана ўжо 18 жывёлін: тры самачкі прынеслі прыплод.
У бягучым годзе работы па рассяленні высакароднага аленя на тэрыторыі раёна працягваюцца. Запланавана закупіць яшчэ 24 асобіны аленя, 17 з іх ужо дастаўлены спецтранспартам і змешчаны ў вальер. У хуткім часе да іх далучацца і астатнія. Усе высакародныя алені былі закуплены ў нацыянальным парку “Прыпяцкі”.
Як адзначыў дырэктар раённай арганізацыйнай структуры РДГА “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” Дзмітрый Дзмітрынок, зараз іх арганізацыя займаецца доглядам і кармленнем аленяў, якія знаходзяцца ў вальеры, а таксама тых, якія ўжо жывуць у лясах і асвоіліся ў прыродным асяроддзі. Рацыён жывёлы разнастайны: лісце дрэў і кустоўе, сена, камбікорм, зерне, асабліва да спадобы ім соль.
Па словах дырэктара таварыства, значную дапамогу ў забеспячэнні аленяў кармамі аказваюць кіраўнікі сельгасарганізацый раёна, а таксама паляўнічыя. Менавіта апошнія прымалі актыўны ўдзел у будаўніцтве вальера для аленяў, прычым у асабісты час і на бязвыплатнай
аснове. Гэтыя людзі ўдзельнічаюць у разнастайных мерапрыемствах па рассяленні і павелічэнні колькасці жывёлы і птушак у лясах нашага раёна, адзначыў Дзмітрый Дзмітрынок.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота
Міксіма МІКЕШЫНА.