Павага, заслужаная працай

16 верасня свой 65-гадовы юбілей адзначыла Раіса Пятроўна Русецкая – чалавек, чыя працоўная біяграфія непарыўна звязана з Кіраўскім раёнам, якому яна прысвяціла многія гады свайго жыцця.
Раіса Пятроўна родам са Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Пасля заканчэння Пружанскага саўгаса-тэхнікума малады спецыяліст прыехала на Кіраўшчыну, дзе пачала працоўны шлях начальнікам вытворчага ўчастка саўгаса «Бераснёўскі».
З часам Кіраўская зямля стала для яе па-сапраўднаму роднай: тут яе дом, тут яе сям’я, тут прайшла значная частка жыцця.
Працуючы ў гаспадарцы на розных пасадах у галіне раслінаводства, Раіса Пятроўна працягвала адукацыю. Завочна скончыла Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію, атрымаўшы спецыяльнасць вучонага агранома.
Аднак жыццё ўнесла свае карэктывы, і ў 1993 годзе Раіса Пятроўна змяніла сферу дзейнасці, перайшоўшы на працу ў гандаль. Пачаўшы з пасады прадаўца, яна паступова прайшла шлях да начальніка гандлёвага аддзела Кіраўскага аптова-рознічнага гандлёвага аб’яднання. На кожным этапе прафесійнага шляху праяўляла сябе як ініцыятыўны і адказны спецыяліст, які ўмее добрасумленна выконваць даручаную справу і знаходзіць правільныя рашэнні.
У 2007 годзе ў працоўнай біяграфіі Раісы Русецкай адбыўся новы паварот: яна стала начальнікам аддзела гандлю і грамадскага харчавання Кіраўскага райаграпрамтэхзабеспячэння, дзе працуе і сёння. Нягледзячы на салідны прафесійны стаж, Раіса Пятроўна застаецца дзейным, энергічным і запатрабаваным спецыялістам, які выдатна ведае сваю справу. За гэты час яна назапасіла багаты прафесійны вопыт, дасканала ведае спецыфіку сваёй працы і заўсёды адказна ставіцца да выканання пастаўленых задач.
Асаблівай павагі заслугоўвае яе ўменне працаваць з людзьмі. Раіса Пятроўна ўмее выслухаць,
падтрымаць, даць параду і знайсці агульную мову з кожным. Не выпадкова шмат гадоў яна выконвае і важную грамадскую працу, з’яўляючыся старшынёй прафсаюзнага камітэта арганізацыі. І тут ёй дапамагаюць тыя ж якасці, якія цэняць у ёй калегі: спагадлівасць, справядлівасць, прынцыповасць і шчырае жаданне дапамагчы.
Для кіраўніцтва Раіса Пятроўна – надзейны работнік, якому можна даверыць адказную справу. Для калег – добразычлівы чалавек, мудры дарадца і таварыш, на якога заўсёды можна спадзявацца. Яе цэняць за прафесіяналізм і адказнасць, паважаюць за жыццёвы вопыт, прыстойнасць і чалавечае стаўленне да іншых.
65 гадоў – выдатны ўзрост, калі за плячамі ўжо вялікі жыццёвы і працоўны шлях, а наперадзе яшчэ шмат магчымасцяў, добрых спраў і шчаслівых падзей. За гады працы Раіса Русецкая зрабіла шмат, шмат чаго дасягнула. Але самае важнае яе дасягненне – гэта павага і давер людзей, якія на працягу многіх гадоў працуюць побач з ёй. Менавіта яны звярнуліся ў рэдакцыю з просьбай расказаць пра Раісу Пятроўну на старонках раённай газеты. Ім хацелася, каб пра чалавека, якога яны ведаюць як сапраўднага прафесіянала, надзейнага таварыша, добрую і спагадлівую жанчыну, даведаліся не толькі тыя, хто штодня сустракаецца з ёй на працы, але і іншыя жыхары раёна.
У гэтым, напэўна, і ёсць сапраўдная каштоўнасць чалавечага жыцця – калі гады працы вымяраюцца не толькі выкананымі задачамі і прафесійнымі дасягненнямі, але і добрым стаўленнем людзей. Калі да цябе ідуць за парадай, давяраюць, звяртаюцца за дапамогай і проста ведаюць: на гэтага чалавека можна спадзявацца.
Галіна РУСЕЦКАЯ.