Першы тысячнік на Магілёўшчыне па намалоце на айчынным камбайне — Дзмітрый Аляксееў з КСУП “Чырвоны баец”!

Прыемная навіна прыйшла ў раён пасля мінулых выхадных. Першым на Магілёўшчыне дасягнуў рубяжу ў тысячу тон па намалоце збожжа сярод камбайнераў, якія працуюць на машынах айчыннай вытворчасці КЗС-1218 і іх мадыфікацый, прадстаўнік нашага раёна — камбайнер КСУП “Чырвоны баец” Дзмітрый Аляксееў. Па стане на ўчарашнюю раніцу на КЗС GS-12A1 ён намалаціў 1026 т збожжа.
Учарашняе дажджлівае надвор’е не магло сапсаваць перадавому механізатару настрою, бо якраз падчас вымушанага перапынку, калі хлебаробам давялося чакаць спрыяльных умоў для ўборкі ўраджаю, прама ў поле завіталі ганаровыя госці, каб павіншаваць з поспехам. Намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Бяляўская ўручыла Дзмітрыю Аляксееву Падзячнае пісьмо райвыканкама за дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў, асабісты ўклад у забеспячэнне харчовай незалежнасці Кіраўскага раёна, актыўны ўдзел ва ўборачнай кампаніі-2019 і ў сувязі з дасягененнем першага намалоту ў 1 тысячу тон, а таксама каштоўны падарунак.


Віншуем руплівых працаўнікоў з працоўнымі перамогамі!