Темы

«Прачытай — перадай другому!»

«Прачытай —  перадай другому!»

Перажыўшы асабіста фашысцкую навалу, з вялікім хваляваннем бяру ў рукі падшыўку “Кіраўца” ваеннага часу. Гартаю пажоўклыя ад даўнасці лісткі, якія адрозніваюцца як па фармату, так і па колеру, што сведчыць аб дэфіцыце паперы ў тыя часы. Не ўсе нумары захаваліся. Але і тыя, якія засталіся, з’яўляюцца сведкамі баявых будняў партызан Кіраўшчыны.

Жыхары раёна з першых дзён фашысцкай акупацыі адчулі звярыную сутнасць захопнікаў і прасякнуліся лютай нянавісцю да ворага. Рэжым рэпрэсій і тэрору не пахіснуў веру ў сваю незалежнасць. У канцы 1941 і пачатку 1942 гадоў на Кіраўшчыне ўзніка­юць партызанскія атрады, якія становяцца грознай сілай у барацьбе з захопнікамі і іх памагатымі. 3 цягам часу партызанскі рух расце і ўзмацняецца, атрады аб’ядноўваюцца ў брыгады, а затым і ў аператыўнае злучэнне. Вялікую ролю ў выкрыцці хлуслівай прапаганды і звярынага аблічча фашызму адыгралі сродкі масавай інфармацыі.
Спачатку кіраўчане-патрыёты выпускалі рукапісныя лістоўкі, у якіх заклікалі не даваць ворагу спакою, зні­шчаць яго жывую сілу і матэрыяльныя сродкі, камунікацыі. Справы ў партызан пайшлі лепш, калі з Вялікай зямлі былі дастаўлены пераносны друкарскі станок і радыёстанцыя, што давала магчымасць аднавіць выпуск раённай газеты «Кіравец». Першы нумар выйшаў у сакавіку 1942 года. У ім, як і ў наступных, – лозунг: “Смерць нямецкім акупантам!”, а побач – заклік: “Прачытай – перадай другому!”.
Як правіла, на першай старонцы змяшчалася паведамленне Савецкага Інфармбюро аб падзеях на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Вось адзін з нумароў “Кіраўца” за 15 жніўня 1943 года: “На працягу 11 жніўня нашы войскі на Бранскім накірунку, пераадольва­ючы супраціўленне ворага, працягвалі наступленне і прайшлі наперад ад 6 да 10 кіламетраў, занялі шэраг населеных пунктаў, сярод якіх – буйны цэнтр Аляксандраўка.
На Харкаўскім накірунку нашы войскі, пера­адольваючы супраціўленне ворага, выйшлі наперад ад 10 да 15 кіламетраў і занялі гарады Ахтырка, Краскуцк і іншыя. Чыгунка Харкаў – Палтава перарэзана нашымі войскамі”.
Уся першая паласа газеты ад 6 жніўня 1943 года адведзена ліквідацыі Арлоўскага плацдарма немцаў і выз­валенню савецкімі войскамі гарадоў Арол і Белгарад. А 12 снежня 1943 года апублікаваны матэрыялы Канферэнцыі кіраўнікоў трох саюзных дзяржаў – Савецкага Саюза, ЗША і Велікабрытаніі ў Тэгеране. Чытаючы такія паведамленні, партызаны і жыхары раёна пераконваліся ў тым, што фашызму прыходзіць канец, што трэба больш рашуча змагацца з ім.
Многія заметкі свед­чаць аб мужнасці і гераізме народных мсціўцаў, кемлівасці, багацці метадаў барацьбы. А 8 снежня 1943 года на ўсю першую паласу дадзены аншлаг “Прывітанне слаўным юбілярам!”. У тэксце адзначаецца, што «ў лістападзе споўніўся год з існавання партызанскага атрада, дзе каман­дзірам т.Нікіцін, а 1 снежня – два гады атраду, дзе камандзірам т.Макей. Слаўны і гераічны шлях пройдзены імі»… Прыводзяцца факты баявых дзеянняў атрадаў Макея і Нікіціна, расказваецца аб гераічных подзвігах пад­рыўнікоў У.Парахневіча, А.Піліпенкі, Я.Салаўёва і іншых. Зазначаецца, што ў лістападзе ў партызанскія атрыды ўлілося больш за 200 чалавек.
Фашысцкая прапаганда старанна ўтойвала свае няўдачы на франтах ад насельніцтва, апаса­ючыся росту ўсенароднага супраціўлення. Партызаны і жыхары раёна хацелі, а значыць, павінны былі ведаць праўду. Яе несла газета “Кіравец”, якую чакалі ўсюды.
“Кіравец” заклікаў жыхароў раёна быць пільнымі, ні ў якім выпадку не давярацца катам.
Вось якая карэспандэнцыя надрукавана за 15 жніўня 1943 года: “На акупіраванай тэрыторыі немцы аб’явілі рэгістрацыю мужчын і жанчын. Тых, хто прайшоў рэгістрацыю, фашысты ператвараюць у рабоў і ўтрымліваюць у лагерах ваеннапалонных”. Газета працягвае “10 жніўня, як чорныя вораны, напалі гітлераўцы на вёскі Валосавічы, Папоўшчыну, Паўлавічы, Негаўлю, Скрыпліцу, а пазней і на Капланаўку. Яны хапалі моладзь для адпраўкі ў Германію”.
У газеце друкаваліся матэрыялы і аб здрадніках Радзімы, аб тых, хто пайшоў на службу да акупантаў.
Распаўсюджвалася газета партызанскімі падпольшчыкамі, сувязнымі і мірнымі жыхарамі. Рэдагавалі яе Яўсей Самуілавіч Дабрынскі, Сцяпан Сямёнавіч Зайцаў. Актыўнымі карэспандэнтамі з’яўляліся Іван Пятровіч Бяляўскі, Міхаіл Міхайлавіч Ярчак, Іван Васільевіч Пятрунін.
Набіралі і друкавалі газету Ніна Яфімаўна Купрыяненка і Серафіма Арцёмаўна Дайнека. Гэта яны ў снежную завіруху і ў дождж разам з партызанамі брыгады з паходнымі касамі за плячамі перамяшчаліся з аднаго месца дыслакацыі ў другое. Усяго за вайну было выпушчана 60 нумароў “Кіраўца” агульным тыражом 23300 экземпляраў.
Леанід ПАСЮКОЎ, былы супрацоўнік газеты «Кіравец».

Последние новости

Актуально

Александр Лукашенко отметил положительную динамику стратегического партнерства Беларуси и Зимбабве

15 сентября 2026
Читать новость
Актуально

17 сентября состоится заселение комиссии по координации работы по содействию занятости населения

15 сентября 2026
Читать новость
Прямая линия

18 сентября пройдет горячая линия по вопросам качества технического обслуживания домов

15 сентября 2026
Читать новость
Актуально

VI ВНС: от народного форума – к конституционной реформе

15 сентября 2026
Читать новость
В районе

37 гадоў вернасці кнізе: як Ларыса Фралова знайшла прызванне

15 сентября 2026
Читать новость
Актуально

Уважаемые работники и ветераны библиотек Кировского района!

15 сентября 2026
Читать новость