Прафесія высокай адказнасці

Он знает цену свету
Калі ў разгар непагадзі патухаюць ліхтары ці абрываюцца правады, адным з першых, хто збірае аператыўную інфармацыю і накіроўвае брыгады электрыкаў на ўхіленне непаладак, часцей за ўсё з’яўляецца галоўны інжынер раёна электрычных сетак Віталь Ваганаў. 21 год ён працуе на гэтай пасадзе, а дагэтуль 2 гады тут жа быў дыспетчарам. Вопыт, багаты багаж ведаў і практыкі, а таксама такія рысы характару, як сабранасць, мэтанакіраванасць, адказнасць дапамагаюць Віталю Станіслававічу быць паспяховым у сваёй прафесіі.
Віталь Ваганаў ураджэнец Скрыпліцы. У яго родзе – далёкія карані: дзядуля з Алтайскага краю, падчас вайны пазнаёміўся з мясцовай дзяўчынай з вёскі Рогаўка, што была каля Баравіцы, але знік без вестак на фронце…
Пасля заканчэння Скрыпліцкай школы Віталь паступіў у БДАТУ на спецыяльнасць інжынер-электрык. Ужо ў студэнцкія гады ярка выявілася яго захопленасць дакладнымі навукамі: на першым курсе ён аказаўся адзіным са 170 студэнтаў, хто завяршыў першы семестр на “выдатна”. Вучоба ішла лёгка, дапамаглі любоў да фізікі і матэматыкі і настаўленні бацькоў. Тата працаваў заатэхнікам, маці – педагогам. “Я да гэтага часу ўдзячны бацькам, асабліва маме Ганне Мікалаеўне за тое, што яны заўсёды падтрымлівалі мяне і дваіх маіх братоў, вучылі нас працаваць сумленна”, – падзяліўся Віталь Станіслававіч. З гэтымі ж прынцыпамі ён ставіцца і да выхавання сваіх дзяцей. Дарэчы, Віталь Ваганаў – мнагадзетны бацька. Яго старэйшы сын Аляксандр ужо будуе сваё дарослае жыццё, дачка Віталіна вучыцца на дызайнера, а малодшыя Ева і Яна яшчэ зусім малышкі: ходзяць у дзіцячы сад.
Пасля ўніверсітэта Віталь у ліку лепшых выпускнікоў, быў накіраваны ў Клічаўскі аграрна-тэхнічны тэхнікум выкладчыкам. Затым была служба ў арміі, якая прайшла ў зенітна-ракетных войсках у Барысаве. Гэтыя гады ён успамінае як важную школу дысцыпліны і ўзаемавыручкі. Вярнуўшыся дадому, пачаў шукаць работу, усе вакансіі ў РЭС былі заняты. Некалькі гадоў ён працаваў у райспажыўтаварыстве інжынерам па ахове працы, затым галоўным інжынерам, і менавіта ў гэты час пазнаёміўся з галоўным інжынерам РЭС Рыгорам Алдашкіным, які і запрасіў Віталя Ваганава ў раённыя электрасеткі. Так пачалася новая частка яго прафесійнай біяграфіі.
“Як галоўны інжынер, я каардыную тэхнічную дзейнасць і рамонтныя мерапрыемствы, і ў мяне вельмі шырокая зона адказнасці, – расказаў Віталь Станіслававіч. – На балансе арганізацыі амаль
400 трансфарматарных падстанцый, каля 1200 км ліній электраперадач, каля 100 км ліній, якія пралягаюць праз лясныя масівы, 200 км кабельных сетак. Для абслугоўвання гэтай інфраструктуры працуюць 4 рамонтныя брыгады, дзейнічае кругласутачнае дзяжурства. Пад нашай апекай вулічнае асвятленне амаль 120 населеных пунктаў. У непагадзь ці пры аварыях менавіта ад нас залежыць, як хутка людзі зноў атрымаюць святло і цяпло”.
Да слова, пагадзіцеся, перабоі з электраэнергіяй сталі рэдкімі, што пацвярджаюць і дадзеныя энергетыкаў: аварыйнасць знізілася. “Новае абсталяванне і сучасныя падыходы патрабуюць пастаяннага павышэння кваліфікацыі персаналу – бесперапыннае навучанне для нас стала нормай”, – адзначыў галоўны інжынер. Прыкладам тэхналагічнага прагрэсу служыць дыстанцыйнае кіраванне: каля 75 камутацыйных апаратаў ужо кіруюцца прама з РЭС, што эканоміць час і рэсурсы пры рэагаванні на непаладкі. Аўтаматычна здымаюцца дадзеныя з лічыльнікаў, сучасныя прыборы ўліку палягчаюць працу і спажыўцам, і энергетыкам.
У рабоце энергетыкаў няма гучных перамог – ёсць будні, калі трэба праводзіць рамонты на падстанцыях альбо лініях электраперадач, каб было менш аварый, ці аператыўны выезд пры непагадзі. І менавіта гэтыя “ціхія подзвігі” трымаюць на плаву жыццё. Работнікі сферы энергетыкі – сімвал надзейнасці: пакуль ёсць тыя, хто адказвае за святло, нашы дамы застаюцца цёплымі, а вечары – светлымі. Менавіта за гэта і за тое, што праца іх дружнай каманды нясе ў дамы ўтульнасць, Віталь Ваганаў і любіць сваю прафесію.
У РЭС працуе 75 чалавек. Калектыў згуртаваны, што дазваляе дзейнічаць зладжана. Падзякі заслугоўвае праца вопытных работнікаў: дыспетчараў Дзмітрыя Бэндэра, Вячаслава Летуна, электраманцёраў аператыўных брыгад Ігара Ціхановіча, Аляксандра Шубарава, Сяргея Кудзіна, майстроў Валерыя Прымака, Івана Сямёнава, тэхнікаў Вольгі Лазаковіч, Ганны Вішнеўскай, старшых брыгад электраманцёраў Максіма Нікіфарава, Яўгена Стэльмаха, Сяргея Леснікоўскага, Сяргея Кушнерава, кантралёраў Наталлі Юрковай, Святланы і Валянціны Савельевых; маладых майстроў Вячаслава Хлапкова, Віктара Кажарына, электраманцёра Яўгена Ханяка.
Яугенія БЯЛЬКО.