Праграма развіцця для ўсіх і кожнага
Праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады, а затым яго абмеркаванне падчас пятага Усебеларускага народнага сходу выклікалі жывы інтарэс у грамадстве, у тым ліку ў жыхароў нашага раёна. Некаторых з іх мы папрасілі падзяліцца сваімі ўражаннямі з чытачамі “раёнкі”.
Аляксандр Уладзіміравіч СЕРАКОЎ, ганаровы грамадзянін раёна, узнагароджаны ордэнам Пашаны, медалём “За працоўныя заслугі”, былы старшыня СВК “Чырвоны баец”:
— З задавальненнем слухаў выступленне Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі на пятым Усебеларускім народным сходзе, трансляцыя якога вялася ў прамым эфіры па тэлебачанні. Галоўнае, і аб гэтым гаварыў Кіраўнік дзяржавы, — гэта забеспячэнне міру, эканамічнай бяспекі і дастойнага жыцця грамадзян.
Прыемна, што асноўны курс развіцця нашай дзяржавы не мяняецца: у цэнтры ўвагі паранейшаму застаюцца людзі — добрасумленныя, старанныя, душой хварэючыя за даручаную справу. Прыемна, што на бліжэйшую пяцігодку флагманам развіцця краіны застаецца павышэнне якасці жыцця насельніцтва.
Значнае месца ў дакладзе адведзена пытанням развіцця эканомікі: будзе развіцца эканоміка, будуць людзі мець высокааплачваемую заработную плату, нармальныя перспектывы. Калі чалавек бачыць, што яго дастойны ўклад у агульную скарбонку па заслугах ацэньваецца, ён будзе больш адказна ставіцца да выканання сваіх абавязкаў. І тады не давядзецца спецыялісту ці кіраўніку стаяць у яго за спіной і кантраляваць ход работы.
Добра, што асаблівая ўвагу ўдзяляецца пытанню эфектыўнасці сельгасвытворчасці: з’явіліся новыя малочна-таварныя комплексы, магутная энерганасычаная сельгастэхніка, змяніліся падыходы ў рабоце. Павялічваецца пагалоўе грамад-скай жывёлы, яе прадуктыўнасць, колькасць і якасць прадукцыі.
У апошнія гады шмат зроблена для прыцягнення інвестыцый, кардынальна мадэрнізаваны цэлыя галіны. Зараз самы час сканцэнтравацца на эфектыўнасці выкарыстання матэрыяльна-тэхнічных рэсурсаў.
Мяне таксама хвалююць пытанні дзяржаўнай падтрымкі сем’яў, паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі, занятасці насельрніцтва, аказання дапамогі малазабяспечаным грамадзянам, развіцця медыцыны, адукацыі, культуры і спорту. Прыемна, што ў праекце Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016-2020 гады ўсё гэта прадугледжана.
Яшчэ раз пераканаўся: тое, што адбываецца ў Беларусі, цесна звязана са становішчам у нашых суседзяў, сітуацыяй у сусветнай эканоміцы. І Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця задае той курс, які дапаможа пераадолець складаную эканамічную сітуацыю.
Спадзяюся, што рашэнні, прынятыя на пятым Усебеларускім народным сходзе, будуць развівацца і прыносіць агульную карысць на месцах.
Наталля СВЯЦЕЦКАЯ, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама:
— Сёння Рэспубліка Беларусь — дзяржава стабільная ва ўсіх адносінах. Трэба адзначыць, што, нягледзячы на аб’ектыўныя эканамічныя цяжкасці, з якімі сутыкнулася айчынная эканоміка, дарэчы, як і ў многіх іншых краінах свету, дзяржаўная ўлада не адмовілася ад узятых на сябе абавязацельстваў па сацыяльнай абароне неабароненых слаёў насельніцтва.
Кіраўніцтва нашай дзяржавы клапоціцца і будзе клапаціцца аб росце заработнай платы, пенсій, стыпендый і іншых выплат насельніцтву, аб паляпшэнні жыллёвых умоў, умоў працы і адпачынку з тым, каб чалавек адчуваў сябе камфортна, ганарыўся тым, што жыве і працуе ў краіне, імя якой — Беларусь.
Безумоўна, мне, як і многім грамадзян нашай краіны, імпануе, што ў праекце Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады захаваецца сацыяльная накіраванасць, прыярытэт якой — чалавек. Дзяржаўная палітыка ў галіне сацыяльнай абароны насельніцтва будзе нацэлена на ўзмацненне адраснасці, павышэнне даступнасці і эфектыўнасці сацыяльнай дапамогі, далейшае развіццё сацыяльнага абслугоўвання і павышэнне якасці сацыяльных паслуг.
У Беларусі праводзіцца эфектыўная эканамічная і сацыяльная палітыка, якая абараняе інтарэсы ўсіх класаў і слаёў насельніцтва, у тым ліку і тых, хто па розных прычынах мае невялікія даходы альбо не мае іх зусім (састарэлыя, інваліды, мнагадзетныя сем’і, студэнты, навучэнцы і інш.). Гэта выключае сацыяльныя катаклізмы і забяспечвае сацыяльную стабільнасць у грамадстве.
Дагэтуль было прынята нямала мэтавых праграм, сканцэнтраваных на паляпшэнні дабрабыту народа, забеспячэнні яго законных правоў і інтарэсаў, яшчэ больш плануецца зрабіць і ў бягучую пяцігодку.
Асаблівая ўвага ў рэспубліцы традыцыйна надаецца ветэранам вайны і працы. Клопат дзяржавы аб ветэранах з’яўляецца сведчаннем прызнання іх заслуг перад грамадствам і накіраваны на аказанне дапамогі ў вырашэнні іх жыццёвых праблем. З мэтай паляпшэння становішча пажылых людзей, ветэранаў вайны і ўзмацнення іх сацыяльнай абароненасці рэалізуюцца дзяржаўныя праграмы.
Значная ўвага надаецца выхаванню дзяцей-сірат і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Для іх у краіне функцыянуе шырокая сетка дзіцячых школ-інтэрнатаў, цэнтраў карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, аздараўленчых лагераў для дзяцей-інвалідаў і дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Актыўна падтрымліваюцца альтэрнатыўныя формы выхавання такіх дзяцей — усынаўленне, прыёмныя сем’і, апякунства, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу.
Шмат чаго прадпрымаецца па аказанні дапамогі маладым сем’ям, выхоўваючым дзяцей ва ўзросце да 3-х гадоў: дзяржаўныя дапамогі, даплаты, бясплатнае харчаванне для малышоў, адрасная дапамога, сямейны капітал, ільготнае будаўніцтва жылля для сем’яў, у якіх выхоўваецца трое і больш дзяцей. Усё гэта дало свае станоўчыя вынікі: 2015 год стаў рэкордным па колькасці нованароджаных за апошнія больш чым 20 гадоў. У тым ліку і ў нашым раёне за апошнія гады назіраецца станоўчая дынаміка нараджальнасці: у мінулым годзе нарадзілася 256 немаўлят, што на 37 больш, чым два гады таму. Дзеці — гэта будучыня, развіццё і стабільнасць Беларусі!