Рэпетыцыя перад галоўным экзаменам

Рэпетыцыйны цэнтралізаваны экзамен дазваляе вучням зразумець, наколькі добра яны засвоілі праграму, у якіх тэмах ёсць прабелы і над чым трэба папрацаваць перад здачай асноўнага экзамену. Акрамя таго, удзел у РЦЭ – гэта магчымасць убачыць, як менавіта будзе праходзіць экзамен, азнаёміцца з фарматам пытанняў і часам, адведзеным на іх рашэнне. Пробнае выпрабаванне вучыць школьнікаў планаваць свой час і працаваць ва ўмовах стрэсу.
Карысным РЦЭ з’яўляецца і для педагогаў і бацькоў. Па яго выніках, пры неабходнасці, яны адкарэкціруюць праграму падрыхтоўкі кожнага вучня.
У Кіраўскім раёне пунктам правядзення РЦЭ была вызначана сярэдняя школа №2 г.Кіраўска
імя К.П.Арлоўскага. Паводле інфармацыі Наталлі Траццяковай, начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама, удзел у экзамене прынялі 89 вучняў 11-х класаў, 1 адсутнічаў па хваробе. Пробныя выпрабаванні прайшлі па 11 прадметах. Самыя масавыя прадметы па колькасці зарэгістраваных вучняў: руская мова – 25 чалавек, біялогія – 9, грамадазнаўства – 15, матэматыка – 13.
– У раёне была праведзена добрая падрыхтоўчая работа да рэпетыцыйнага цэнтралізаванага экзамену, – адзначае Наталля Яўгенаўна. – У сярэдняй школе №2 імя К.П.Арлоўскага для вучняў былі створаны камфортныя ўмовы – гэта таксама свайго роду рэпетыцыя да ЦЭ, бо ён пройдзе тут жа. Гарадскія школьнікі, а іх большая частка – 59 чалавек, да месца правядзення пробных выпрабаванняў дабіраліся самастойна. Сельскія, згодна з графікам падвозу, былі своечасова дастаўлены ў пункт РЦЭ цэнтралізавана на школьных аўтобусах.
Усё прайшло па плане, строга ў адпаведнасці з інструкцыяй, без эксцэсаў. РЦЭ паўтарае цэнтралізаваны экзамен, які адзінаццацікласнікі будуць здаваць у маі. Таму гэта рэпетыцыя не толькі для вучняў, настаўнікаў і бацькоў, якія пасля атрымання вынікаў павінны будуць зрабіць работу над памылкамі, але і для аддзела адукацыі, і школы. Мы адпрацавалі арганізацыйныя моманты: размеркаванне вучэбных кабінетаў, кантроль за ходам экзамену, захаванне ўсіх яго патрабаванняў.
– Я здавала рускую мову. Для мяне ўдзел у РЦЭ – гэта карысны вопыт, – дзеліцца Марыя Сямёнава з Барчыцкай школы. – Шчыра кажучы, прыступіўшы да работы, асабіста я забылася, што гэта рэпетыцыя, і хвалявалася, што не паспею справіцца з заданнямі. Цяпер разумею, як трэба размяркоўваць час на экзамене, а галоўнае, спакойна рашаць заданні. Акрамя таго, яшчэ не атрымаўшы вынікі, я ўжо ведаю, на што мне трэба зрабіць акцэнт у падрыхтоўцы да ЦЭ.
– Рэпетыцыйны экзамен – гэта магчымасць адчуць сябе больш упэўнена, – гаворыць Марыя Храмцова з Чыгірынскай школы, якая здавала матэматыку. – Хоць гэта і не сапраўдны экзамен, і ў душы, напэўна, кожны разлічваў на нейкую слабінку, але ўсё было вельмі сур’ёзна. Затое карысна, таму што цяпер я ведаю, на што звярнуць увагу, якія моманты трэба прапрацаваць. І зразумела, што ўмець рашаць задачы – гэта важна, але не менш важна таксама ўмець правільна размяркоўваць час на экзамене і спраўляцца з нервамі.
РЦЭ стаў для 11-класнікаў свайго роду “праверкай на трываласць”, а атрыманы вопыт дапаможа ім адчуваць сябе больш упэўнена і падрыхтавана на цэнтралізаваным экзамене.
Галіна РУСЕЦКАЯ.
- «ПЬЯНОМУ И БЕСПРАВНОМУ НЕ МЕСТО НА ДОРОГЕ!»

- Единый день информирования в Кировском районе газоснабжения

- Единый день информирования прошел в Кировском районном Центре социального обслуживания населения

- О мерах безопасности на республиканском субботнике

- 18 апреля – республиканский субботник. На что пойдут заработанные деньги?

- Лукашенко подписал указ о приеме в белорусское гражданство 230 человек






