Темы

“Сенафэст” – свята працы і традыцый

“Сенафэст” – свята працы і традыцый

У суботу, 21 чэрвеня, на маляўнічым беразе
Чыгірынскага вадасховішча прайшоў фестываль сена

Ва ўсе часы сенакос у народзе лічыўся адным з самых важных і ганаровых этапаў сельскагаспадарчага года. Яго чакалі з асаблівым трапятаннем, бо ад таго, наколькі ўдала і своечасова ён пройдзе, залежаў дабрабыт усёй вёскі на доўгую зіму. Нарыхтоўка сена – гэта не проста праца, а сапраўдны рытуал, напоўнены глыбокім сэнсам, працоўнай доблесцю і народнымі традыцыямі. У беларускай культуры касавіца была часам асаблівага ўздыму – і фізічнага, і духоўнага. Людзі ўставалі з першымі промнямі сонца, выходзілі ў поле цэлымі сем’ямі, спявалі песні, каб лягчэй ішла праца, і заўсёды дапамагалі адзін аднаму. Існавала нямала прыкмет, звычаяў і нават замоў, звязаных з сенакосам.

Фестываль сена, які прайшоў у гэтыя выхадныя, стаў працягам традыцый – яркім напамінам аб тым, як важна захоўваць і перадаваць далей народную памяць, одай да зямлі, працы і тым, хто з касой адчувае сябе на роўных з прыродай. “Сенафэст” прайшоў на маляўнічым беразе Чыгірынскага вадасховішча і сабраў удзельнікаў і гледачоў з усяго раёна, а таксама з суседняга Клічаўскага. На цэнтральнай паляне, упрыгожанай фігурамі з сена, у атмасферы свята і народнай весялосці адбылося ўрачыстае адкрыццё фестывалю. З прывітальным словам да прысутных звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Бяляўская, якая нагадала аб важнасці сялянскіх традыцый і ўменняў, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. “Сёння чыгірынская зямля прымае не толькі ўдзельнікаў і гасцей фестывалю, але яшчэ і ўдзельнікаў турыстычнага злёту, – адзначыла яна. – Як аматары цяжкай, але вельмі паважанай сельскагаспадарчай працы, так і аматары здаровага ладу жыцця і спорту сёння яднаюцца ў адзіным свяце. І цудоўна, што ёсць добрае надвор’е, добры настрой, ёсць людзі, улюбёныя і ў сельскагаспадарчую справу, і ў нашы народныя традыцыі, і ёсць людзі, якія нягледзячы на абставіны, надвор’е, жыццёвыя ўмовы, заўсёды ў страі”.
Ключавым момантам адкрыцця фестывалю стаў традыцыйны беларускі абрад “Сянны пояс”. Здаўна ў першы дзень касавіцы жанчыны выконвалі абрадавую песню, павольна рухаліся да месца сенажаці. Старэйшая з жанчын благаслаўляла на касьбу, прасіўшы дапамогі ў Бога. Пасля гэтага збіралі свежаскошаную траву, завівалі, скручвалі яе ў доўгія жгуты і плялі з іх травяныя паясы, уплятаючы туды палявыя кветкі і таксама загаворваючы яго на паспяховую касьбу. З поясам жанчыны выконвалі абрадавы карагод, потым гэтым поясам абвязвалі сваіх мужчын, нават маленькіх хлопчыкаў. Продкі лічылі, што трава першага ўкосу валодае гаючай і ахоўнай сілай.
Звон касы і пах сена Галоўнай падзеяй “Сенафэсту” стала спаборніцтва па сенакашэнні, у якім удзельнічала 10 каманд. Удзельнікі дэманстравалі сілу, вынослівасць і спрыт спачатку ў касьбе на хуткасць. Спаборніцтвы праходзілі ў выглядзе эстафеты, у якой удзельнічалі 3 касцы. Ацэньваліся не толькі хуткасць, але і якасць пракосу. Касцы з бляскам у вачах, звонкія косы, роўныя рады травы і гледачы, якія з заміраннем сачылі за кожным рухам гаспадароў, дзе важны былі не толькі сіла і спрыт, але і дыханне, вывераны рытм. І, вядома ж, строгі, але кампетэнтны погляд журы пад старшынствам Таццяны Бяляўскай.


Перамогу на гэтым этапе заваявала каманда ААТ “Дабаснянскае” “Дабаснянскія хлопцы”. На другім месцы касцы з КСУП “Ніва-Барсукі” – каманда “Рэактыўныя касцы”, на трэцім –
“Сябрукі” з ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне”.
Асабліва відовішчнай аказалася “Ювелірная касьба”, сапраўднае мастацтва – конкурс, дзе ацэньваліся не толькі хуткасць, але і акуратнасць, роўнасць зрэзу і эстэтыка працы касца. Лепш за ўсіх гэтыя якасці прадэманстраваў прадстаўнік каманды сектара спорту і турызму райвыканкама “Суперспорцік” Валянцін Шакараў, другое і трэцяе месцы занялі адпаведна Валерый Паўлоўскі з каманды “Асілкі” СГФ “Чыгірынка” і Павел Лебедзеў з каманды Скрыпліцкага сельскага Дома культуры “Хлопцы бравыя”.
Завяршылася спаборніцтва, мабыць, самым душэўным этапам. Удзельнікі фарміравалі стагі ўручную, выконваючы ўсе правілы. Тут важна было не толькі ўкласці сена хутка, але і стварыць устойлівую, акуратную форму – як рабілі нашы дзяды.
У гэтым відзе спаборніцтваў не было роўных камандзе Жыліцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага каледжа “Вікторыя”. За імі размясцілася каманда Кіраўскага філіяла Аўтапарк №14. Замкнулі тройку “Клічаўскія гаспадары” з Клічаўскага раёна.
Эка-куцюр па-кіраўску
Яркай і крэатыўнай падзеяй “Сенафэсту” стаў конкурс касцюмаў з прыроднага матэрыялу “Карнавал лясных фей”. Удзельнікі прадэманстравалі неверагодную фантазію і любоў да роднай прыроды, ператварыўшы сена, лісце, кару, шышкі і кветкі ў сапраўдныя творы мастацтва.
На імправізаваным подыуме дзеці і дарослыя, дзяўчынкі і хлопчыкі дэфіліравалі ў касцюмах, якія адлюстроўвалі сельскія матывы. Кожны ўбор быў унікальны, бо выкарыстоўваліся толькі натуральныя матэрыялы – усё, што шчодра дорыць наша зямля.
Парад мадэляў стаў сапраўдным упрыгожаннем конкурсу, падарыўшы прысутным усмешкі, апладысменты і адчуванне свята. Гэты конкурс не толькі раскрыў творчы патэнцыял яго ўдзельнікаў і стваральнікаў касцюмаў, але і нагадаў усім, наколькі прыгожая і багатая наша прырода.
Пераможцам стаў Ігнат Куксік у касцюме “Лясны жыхар” з Чыгірынскага сельскага Дома культуры. Прырода і творчасць спалучыліся ў яго касцюме ў адзінае цэлае. Яго вобраз пакарыў і журы, і гледачоў сваёй арыгінальнасцю і дзіцячай непасрэднасцю.
Другое месца – у прадстаўніцы Любоніцкага сельскага Дома культуры Кацярыны Касцюковай з вытанчаным касцюмам пад назвай “Любавушка”. Яе ўбранне, упрыгожанае каласамі пшаніцы і палявымі кветкамі, адрознівалася вытанчанасцю і гармоніяй. Вобраз атрымаўся лёгкім і насычаным па сэнсе адначасова.
Варвара Савянкова са Стайкаўскага сельскага клуба з прыгожым касцюмам “Пунсовая кветачка” заняла трэцяе месца. Дзяўчынка ўразіла журы і гледачоў не толькі сваім убраннем, але і выразнай падачай вобразу.

Галіна СЛАБОДНІКАВА, старшыня Кіраўскага райвыканкама:
“Сенафэст” – пацвярджэнне таму, што ў Беларусі адраджаюцца і захоўваюцца народныя традыцыі, захоўваецца гістарычная памяць. І гэта выдатна! Відавочна, што фестываль збірае шмат людзей. Мы рады бачыць на свяце нашых суседзяў з Клічаўскага раёна. Мяркую, што з кожным годам “Сенафэст” будзе яшчэ больш масавым.

Чараўніцтва вянкоў
На фестывалі адбыўся маляўнічы конкурс па пляценні вянкоў “Палявы цуд” –
мерапрыемства, якое сабрала як вопытных майстрых, так і юных удзельніц. Конкурс стаў сапраўдным упрыгожаннем фестывалю, аб’яднаўшы традыцыі, крэатыўнасць і любоў да прыроды. Удзельнікі працавалі з жывымі палявымі кветкамі, духмянай травой, каласамі і зялёнымі галінкамі. Па правілах – вянок павінен быў быць не толькі эстэтычна прыгожым, але і практычным, якасна сплеценым.
Самы прыгожы вянок атрымаўся ў Алены Паньковай з Клічава. На другім месцы са сваім творам мастацтва – Марына Кандрацьева з Кіраўскага РЦСАН, на трэцім – Сафія Кісель – прадстаўніца Любоніцкага сельскага Дома культуры.
Гастранамічны паядынак
Смачнай часткай “Сенафэсту” стаў конкурс страў “Палянка пачастункаў”. Тут ацэньваліся смак, арыгінальнасць падачы, а таксама яго суадносіны з тэматыкай фестывалю. Перамогу ў гэтым конкурсе святкавала Анжэла Горбач з РЦСАН за “Прысмакі з крапівы”. За работу “Дружная сямейка” Алена Курнікава з Чыгірынскага сельскага Дома культуры атрымала 2 месца.
На 3-м – Ксенія Епішына са Стайкаўскага сельскага клуба са стравай “Бульбяныя ружы”.
Хвалюючым момантам фестывалю стала ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў спаборніцтваў і конкурсаў. Старшыня райвыканкама Галіна Слабоднікава павіншавала ўсіх са святам і ўручыла падарункі за перамогу ў спаборніцтвах па сенакашэнні і ў конкурсе касцюмаў з прыроднага матэрыялу.
Старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Таццяна Арцюхова ўручыла падарункі пераможцам у конкурсе па пляценні вянкоў і конкурсе страў.
На свяце працавалі майстры клубных устаноў, дзіцячай школы мастацтваў г.Кіраўска, арганізацый раёна. Радавалі ўсіх сваімі выступленнямі фальклорныя калектывы раёна. Добра бавілі час на свяце і юныя жыхары Кіраўшчыны. Для іх былі арганізаваны гульнёвыя забаўляльныя праграмы.
Няхай “Сенафэст” застаецца добрай традыцыяй, якая аб’ядноўвае пакаленні і натхняе ўсіх нас на развіццё і росквіт нашай малой радзімы.
Галіна РУСЕЦКАЯ.
Фота аўтара.

Аб ходзе і выніках турыстычнага злёту мы раскажам у наступным нумары.

Последние новости

Актуально

Бойцы студенческого отряда «Молодая гвардия» посетили музей ОАО «Рассвет им. К.П. Орловского»

17 июля 2026
Читать новость
Актуально

На базе Кировского РЦСОН состоялся обучающий тренинг «Безопасное сопровождение»

17 июля 2026
Читать новость
Актуально

На полях СХФ «Чигиринка» активно ведётся уборка урожая озимого ячменя

17 июля 2026
Читать новость
Актуально

Антикоррупционные механизмы

17 июля 2026
Читать новость
Актуально

Уборочная страда в КСУП «Нива-Барсуки» Кировского района

17 июля 2026
Читать новость
Актуально

Дни Союзного государства и молодежный праздник стартуют сегодня в фестивальном Витебске

17 июля 2026
Читать новость

Рекомендуем