Шлях да ведаў працягваецца…

Выпускнікі школ – медалісты – гэта сапраўдны гонар нашага раёна. Іх поспехі – яркае сведчанне карпатлівай працы настаўнікаў, уважлівага клопату бацькоў і, вядома, велізарнай працы саміх рабят.
Кожны залаты медаль – гэта не проста ўзнагарода, гэта вынік настойлівасці, імкнення да ведаў, адказнасці і дысцыпліны. Гэтыя юныя інтэлектуалы – сапраўднае люстэрка ўстаноў адукацыі, доказ таго, што ўпартая праца прыносіць плён.
Яны – прыклад для тых, хто яшчэ вучыцца ў школах, гонар настаўнікаў і бацькоў, надзея ўсяго раёна.
Зусім хутка, 1 верасня, учарашнія выпускнікі сядуць за студэнцкія парты ва ўніверсітэтах краіны. Іх чакаюць новыя гарызонты, новыя веды і новыя вяршыні. У іх ёсць усе магчымасці праявіць сябе гэтак жа годна, як у школе.
Удачы вам, медалісты-2025! Хай дарога ведаў будзе светлай, а поспехі – гучнымі!
Вікторыя БУЦІНА
Мышкавіцкая сярэдняя школа

Вікторыя – сапраўдны гонар школы. Яе ўпартасць і імкненне да ведаў заслугоўваюць захаплення. Яна – пераможца трэцяга этапа рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце «Працоўнае навучанне (абслугоўваючая праца)», актыўны ўдзельнік школьных і раённых мерапрыемстваў.
Плануючы звязаць сваё жыццё з медыцынай, дзяўчына заўсёды дэманстравала клопат аб людзях – актыўна ўдзельнічала ў дабрачынных праектах, дапамагаючы тым, хто мае патрэбу ў падтрымцы. Акрамя таго, яна чалавек творчы. Яе хобі – вязанне кручком – дазваляе ёй ствараць сапраўдныя маленькія шэдэўры, укладваючы ў іх цяпло і душу.
Вікторыя – чалавек з вялікім сэрцам і светлымі планамі на будучыню, упэўнена ідзе да сваёй мары і натхняе ўсіх, хто побач, сваім прыкладам.
Вікторыя Буціна – студэнтка біялагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Аляксандра КОСЦЕВА
Сярэдняя школа №2 г.Кіраўска імя К.П.Арлоўскага

Аляксандра – таленавітая і мэтанакіраваная дзяўчына, валодае высокімі інтэлектуальнымі здольнасцямі, імкнецца да самаразвіцця і пастаянна пашырае свой кругагляд. Яе інтарэсы разнастайныя.
За час вучобы ў школе праявіла сябе як ініцыятыўная, творчая, крэатыўная асоба. Дзякуючы сваёй упартасці і настойлівасці, дамагалася ўражлівых вынікаў у вучобе, ва ўсіх сваіх пачынаннях. Аляксандра была неаднаразовым пераможцам і прызёрам другога этапа рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Хімія”, раённага этапа конкурсу работ даследчага характару (канферэнцыі) вучняў па вучэбных прадметах. Яна прымала актыўны ўдзел у розных грамадскіх мерапрыемствах.
Дзяўчыну адрозніваюць дысцыплінаванасць і адказнасць, упэўненасць у сабе, самавалоданне, уменне прымаць нестандартныя рашэнні.
Аляксандра Косцева – студэнтка факультэта тэхналогіі арганічных рэчываў Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта.
Алена ФЁДАРАВА
Сярэдняя школа №1 г.Кіраўска

Алена – яркі прыклад працавітасці, настойлівасці, высокага інтэлектуальнага ўзроўню і выключнай мэтанакіраванасці. На працягу ўсяго навучання яна з вялікай стараннасцю, цярпеннем і самааддачай ставілася да вучобы, не баялася цяжкасцей і заўсёды імкнулася да глыбокага разумення матэрыялу. Алена неаднаразова станавілася пераможцам другога этапа рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Руская мова”, прадстаўляла раён на трэцім этапе гэтай прэстыжнай алімпіяды, а па выніках цэнтралізаванага экзамену па рускай мове набрала 100 балаў, прадэманстраваўшы бездакорныя веды і валоданне мовай. Гэты поспех Алена падзяляе з настаўнікамі, роднымі і сябрамі.
Алена Фёдарава – студэнтка філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Марыя ДРОЗД
Сярэдняя школа №1 г.Кіраўска

Марыя – яркі прыклад мэтанакіраванасці, працавітасці і высокага інтэлекту. Настойлівая ў авалоданні ведамі, мае багаты ўнутраны свет.
Уладальнік дыплома III ступені трэцяга этапа рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Грамадазнаўства”, неаднаразовы пераможца другога этапа рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах: “Біялогія”, “Грамадазнаўства”, прызёр раённых этапаў рэспубліканскіх конкурсаў: сачыненняў “Што такое адзінства?”, работ даследчага характару (канферэнцыі) па вучэбных прадметах.
Акрамя бліскучых акадэмічных поспехаў, Марыя зарэкамендавала сябе як добры, спагадлівы і ўважлівы чалавек. Заўсёды гатова прыйсці на дапамогу, падтрымаць добрым словам і справай. Яе шчырасць, павага да іншых і ўнутраная высакароднасць выклікаюць заслужаную павагу ў педагогаў і аднагодкаў.
Марыя Дрозд – студэнтка факультэта філасофіі і сацыяльных навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Злата МАСЛАВА
Жыліцкая сярэдняя школа

Злата адрозніваецца шырокім кругаглядам, імкненнем да пастаяннага самаўдасканалення і ўменнем глыбока аналізаваць інфармацыю. Вывучаючы вучэбныя прадметы, разглядала іх у доўгатэрміновай перспектыве. Умела імгненна бачыць прымяненне ведаў на практыцы. Заўсёды знаходзілася ў пошуку новай інфармацыі ва ўсіх сферах жыцця. Усё гэта рабіла яе не проста паспяховай вучаніцай, а асобай, якая ўмее думаць.
Злата – творчы чалавек. Менавіта гэта дае ёй жаданне працаваць і ісці наперад. Дзяўчына захапляецца харэаграфіяй. Яе танцы напоўнены энергіяй, грацыяй і выразнасцю. Яна пастаянна ўдасканальвае сваё майстэрства, удзельнічае ў розных танцавальных мерапрыемствах і праектах. Яе талент і любоў да харэаграфіі натхняюць іншых, зачароўваюць гледачоў.
Злата Маслава – студэнтка гуманітарна-эканамічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога.
Яўгенія ШЧАРБІНІНА
Мышкавіцкая сярэдняя школа

Яўгенія заўсёды была адказнай, мэтанакіраванай і актыўнай вучаніцай, якая імкнулася да высокіх вынікаў у вучобе і ўсебаковага развіцця. Дзякуючы сваёй упартасці, працавітасці і арганізаванасці, яна дасягала значных поспехаў: была пераможцам другога этапа рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Англійская мова” і годна прадставіла сваю ўстанову адукацыі і Кіраўскі раён на трэцім этапе алімпіяды.
Уражвае яе вынік на цэнтралізаваным экзамене па рускай мове – 98 балаў! Што сведчыць аб высокім узроўні ведаў, уважлівасці, сабранасці, уменні працаваць з тэкстам і выразна фармуляваць свае думкі.
Акрамя вучэбных дасягненняў, дзяўчына праяўляла актыўнасць у жыцці школы, адрознівалася ініцыятыўнасцю, адказным падыходам да справы і ўважлівым стаўленнем да настаўнікаў і аднакласнікаў.
Яўгенія Шчарбініна – студэнтка філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.