Сімвалы, што нас аб’ядноўваюць

У нядзелю, 11 мая, плошча імя Кірава райцэнтра зноў стала месцам прыцягнення кіраўчан і гасцей горада – на гэты раз з нагоды святкавання Дня Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. Урачыстае мерапрыемства аб’яднала людзей розных пакаленняў пад знакамі нацыянальнага гонару і суверэнітэту.

Выказаць сваю павагу да галоўных дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь прыйшлі кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі дэпутацкага корпуса, палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, моладзь.

З самай раніцы плошча напоўнілася атмасферай свята: гучала патрыятычная музыка, луналі дзяржаўныя сцягі, што выклікала ва ўсіх хваляванне і гонар.
Сама ўрачыстасць пачалася з унясення групай сцяганосцаў гарадскіх школ сцяга і герба Рэспублікі Беларусь. Знакавым момантам для ўсіх прысутных стаў вынас вялікага палотнішча сцяга і гучанне гімна Рэспублікі Беларусь. Дзяржаўныя сімвалы ўвасабляюць дух адзінства, згуртаванасці і глыбокіх каштоўнасцяў нашага народа, з’яўляюцца неад’емнай часткай нашай ідэнтычнасці.
Да прысутных звярнулася старшыня райвыканкама Галіна Слабоднікава, якая падкрэсліла значнасць свята, значнасць для кожнага беларуса дзяржаўных сімвалаў: “Для сапраўднага грамадзяніна няма нічога свяцейшага і даражэйшага за сімвалы роднай краіны. Гледзячы на іх, кожны з нас адчувае сябе неад’емнай часткай адзінай вялікай сям’і, імя якой беларускі народ. Нашы герб, сцяг і гімн – адлюстраванне велічы і прыгажосці роднай зямлі, пераемнасці гістарычных традыцый і непарыўнай сувязі мінулага, сучаснасці і будучыні, мірнага стваральнага характару беларусаў. З імі мы ўпэўнена ідзём наперад да агульнай мэты – пабудовы моцнай і квітнеючай Беларусі”.

Звяртаючыся да моладзі, Галіна Паўлаўна падкрэсліла, што дзяржаўныя сімвалы аб’ядноўваюць нас у самыя важныя моманты ў лёсе краіны – ад нацыянальных святаў да спартыўных перамог. І ў які б куток свету ні закінуў нас лёс, яны заўсёды нагадваюць нам пра дом, пра родную Беларусь. “Сваімі думкамі, чыстымі справамі даказвайце вернасць Радзіме, – акцэнтавала яна. – Няхай свяшчэнныя нацыянальныя каштоўнасці асвятляюць галоўныя падзеі вашага жыцця, напаўняючы сэрцы высокімі пачуццямі любові да Айчыны і адказнасці за яе лёс”.
Затым маладыя патрыёты Кіраўшчыны – вучні гарадскіх школ – ад імя сваіх аднагодкаў далі ўрачыстую клятву вернасці Дзяржаўнаму сцягу, Дзяржаўнаму гербу і Дзяржаўнаму гімну Рэспублікі Беларусь.
Святочную атмасферу падтрымлівалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці раённага Цэнтра культуры і вольнага часу, Кіраўскай дзіцячай школы мастацтваў, вучні Мышкавіцкай сярэдняй школы.
Гэты дзень стаў яшчэ адным пацвярджэннем таму, што павага да сімвалаў краіны – гэта не фармальнасць, а жывое пачуццё датычнасці да агульнага лёсу, да гісторыі і будучыні сваёй краіны.
Урачыстае мерапрыемства аб’яднала пакаленні, нагадала аб гістарычнай памяці, абудзіла шчырыя пачуцці гонару і павагі.
Галіна РУСЕЦКАЯ.
Фота аўтара і Яўгеніі БЯЛЬКО.