Старт веснавой сяўбе дадзены!
Дзякуючы ўсталяваўшамуся цёпламу надвор’ю гаспадаркі раёна дружна распачалі веснавыя палявыя работы. У ліку тых, хто актыўна ўключыўся ў работы на ўраджай-2014 і земляробы СВК “Калгас “Беларусь”. У мінулы аўторак у свежаўзараную глебу сельгаспалеткаў былі пакладзены першыя зярняткі пшаніцы.
Па словах старшыні сельгаскааператыва Уладзіміра Ядчанкі, зараз у гаспадарцы праводзіцца ўвесь комплекс вясенне-палявых работ: падкормка азімых збожжавых і рапсу, узворванне і падрыхтоўка глебы, унясенне мінеральных угнаенняў, сяўба ранніх яравых збожжавых.
Зараз у асаблівай цэнтры ўвагі механізатараў — догляд азімых і сяўба ранніх яравых культур. Трэба адзначыць, што ў СВК “Калгас “Беларусь” зрабілі ўсё магчымае, каб яшчэ мінулай восенню закласці трывалую аснову пад будучы ўраджаю. Дбайны клопат аб азімых праяўляць тут і зараз.
Першапраходцам на сяўбеной ужо не першы год з’яўляецца адзін з самых вопытных і добрасумленных працаўнікоў гаспадаркі Генадзь Волас (на здымку), земляробскі стаж якога больш за 20 гадоў. У гэтыя дні Генадзь Аляксандравіч заняты на сяўбе яравой пшаніцы.
Наперадзе ў земляробаў СВК “Калгас “Беларусь” яшчэ шмат работы. За перыяд веснавой палявой кампаніі неабходна засеяць 390 га яравымі збожжавымі, 500 га — кукурузай, 70 з іх — на зерне, 110 га — цукровымі і кармавымі буракамі, 280 га — культурамі на зялёную масу.
Каб правесці веснавую сяўбу ў лепшыя тэрміны і на высокім агратэхнічным узроўні ў сельгаскааператыве пастараліся прадугледзець усё да дробязей. Складзены план правядзення палявых работ, распрацаваны ўмовы аплаты працы механізатараў, кожнаму з якіх даведзена канкрэтнае заданне.
Усе земляробы забяспечаны гарачым харчаваннем, якое гатуюць работнікі сталовай сельгаскааператыва і прывозяць ім прама ў поле.