Темы

Стартавала ўборка капусты

Стартавала ўборка капусты

У рэгіёне працягваецца збор ураджаю. На палетках актыўна вядзецца ўборка агародніны, частка якой фарміруе стабілізацыйны фонд, запасы на міжсезонне. Па інфармацыі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама, гэтай восенню ў Магілёўскай вобласці плануецца закласці ў стабфонд больш за 12,1 тысячы тон садавінагароднінай прадукцыі – бульбы, капусты, яблыкаў, морквы, буракоў, рэпчатай цыбулі. Удзел у закладцы прымаюць некалькі сельскагаспадарчых арганізацый вобласці і сялянска-фермерскіх гаспадарак, у тым ліку ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”.

На мінулым тыдні ў сельгаставарыстве стартавала ўборка ўраджаю капусты. Тое, як наладжаны гэты працэс, мы ўбачылі на свае вочы, наведаўшы рассветаўскае капуснае поле ў пятніцу.
Сёлета пад гэтую культуру было адведзена 15 гектараў: адзін – пад раннія і сярэднія гатункі, якія ўжо сабралі, і 14 – пад познія. З позніх гатункаў вырошчваюцца “Старыдор”, “Эпікур” і “Лексікон”. Аграном гаспадаркі Іван Фядотаў адзначыў, што гэтыя тры гатункі ў “Рассвеце” вырошчваюць ужо не адзін сезон, для ўмоў надвор’я ў нашых шыротах яны ідэальныя. Самому Івану Аляксандравічу падабаецца гатунак «Лексікон»: шчыльныя, роўныя качаны, вагой па 3,5-4 кілаграмы. Капуста гэтага гатунку добра захоўваецца і мае прыемны смак, без горычы.

Працэс уборкі вядзецца выключна ўручную. Саспелыя качаны зразаюць нажом, адразу сартыруюць і ўкладваюць у кантэйнеры, якія з поля адвозяць у сховішча для захоўвання садавіны і агародніны. Да слова, агароднінасховішча разлічана на 11 тысяч тон прадукцыі.

Ірына Бяляўская працуе ў брыгадзе агароднікаў “Рассвета” больш за 10 гадоў, яе напарніца Святлана Бацюня – другі год. Жанчыны адзначылі, што зараз стаяць добрыя пагодлівыя дзянькі –
працаваць прыемна!

“Мінусавых тэмператур пакуль што няма, капуста на палетках адчувае сябе добра. Гадзін з дзевяці раніцы мы ўжо на полі. У дзень убіраем, прыкладна, гектар. Таму на працягу двух тыдняў уборку завяршым”, – расказала Ірына Мікалаеўна.

У працэсе ўборкі капусты задзейнічана 50 працаўнікоў, большая частка з якіх – рассветаўцы. Ім дапамагаюць 14 чалавек з ліку часова беспрацоўных, накіраваных сюды ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

Частка сабранага ўраджаю адразу адпускаецца на рэалізацыю ў гандлёвую сетку гаспадаркі, частка будзе закладзена ў стабфонд. Іван Фядотаў расказаў, што сёлета з аднаго гектара збіраюць у сярэднім па 530 цэнтнераў капусты. Па яго словах, гэта нядрэнная ўраджайнасць, але бывалі і лепшыя.

“Працэс вырошчвання капусты шматэтапны. Спачатку ў цяплічным камбінаце гадуем рассаду, – рассказаў Іван Аляксандравіч. – Затым высаджваем яе на палеткі. Апрацоўваем ад шкоднікаў, праполваем. На кожным этапе могуць чакаць сюрпрызы. Калі казаць пра чалавечы фактар, то тут у нас усё адпрацавана да аўтаматызму, не першы ж год рассветаўцы ў гэтай тэме. А вось надвор’е непрадказальнае. Сёлета спачатку нас напаткалі праліўныя дажджы, потым на працягу доўгага часу панавала спёка. І калі капуста больш менш вытрымала, то іншыя агародніныя культуры значна пацярпелі, што ў выніку адбілася на ўраджаі”.

Больш за ўсё “дасталася” рэпчатай цыбулі. З 70 гектараў, якія яна займала, рассветаўцам удалося сабраць каля 1200 тон. Па словах Івана Фядотава, гэта значна горш, чым некалькі папярэдніх гадоў. “Зачапіла” таксама і моркву. Удала ва ўмовах сёлетняга надвор’я выстаялі цукровыя буракі, якія займалі 10 гектараў. Атрымалі ўраджайнасць гэтай культуры – 510 цэнтнераў з гектара – лепш за леташні паказчык.

Цыбуля, морква, цукровыя буракі ўжо поўнасцю ўбраны з палеткаў.

Вытворчасцю агародніны ў ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” Іван Фядотаў займаецца каля дзесяці гадоў. Да назапашанага прафесійнага вопыту дадаецца яго жыццёвая актыўнасць, энергічнасць і неабыякавасць да даручанай справы. Родам Іван Аляксандравіч з Рагачова. Шляхі прывялі яго ў “Рассвет” у якасці маладога спецыяліста – па размеркаванні пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Пасля непрацяглага перыяду работы Івана прызвалі на службу ў армію, аддаўшы абавязак Айчыне, ён вярнуўся ў “Рассвет”. Кажа, не бачыў для сябе найбольш спрыяльных умоў для працы і прафесійнага развіцця ў іншым месцы, таму і вярнуўся.
Агародніну ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” можна бачыць у фірмовай гандлёвай сетцы і на восеньскіх кірмашах.

Яўгенія БЯЛЬКО. Фота аўтара.

Последние новости

Актуально

Августовская педагогическая конференция

28 августа 2026
Читать новость
Безопасность жизнедеятельности

Опасный макияж: шаг до трагедии

28 августа 2026
Читать новость
Знай наших!

Скрыжавалі ракеткі

28 августа 2026
Читать новость
Физкультура и спорт

Триумф на велотрассе

28 августа 2026
Читать новость
Знай наших!

Прафесія, ад якой залежыць жыццё

28 августа 2026
Читать новость
Безопасность жизнедеятельности

Как защитить телефон?

28 августа 2026
Читать новость