Темы

Сустрэчы з жыхарамі населеных пунктаў Стайкаўскага сельсавета

Сустрэчы з жыхарамі населеных пунктаў Стайкаўскага сельсавета

На Кіраўшчыне працягваюцца сустрэчы з насельніцтвам рабочай групы райвыканкама ў саставе прадстаўнікоў раённай улады, дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў, кіраўнікоў арганізацый і служб, якія адказваюць за забеспячэнне жыццядзейнасці сяльчан. Гэтая форма работы трывала прыжылася ў раёне і з’яўляецца вельмі запатрабаванай у жыхароў населеных пунктаў, бо ў адкрытых дыялогах па актуальных тэмах у іх ёсць магчымасць адчуць у свой адрас увагу і клопат, задаць хвалюючыя пытанні, звярнуцца з праблемамі і адпаведна атрымаць дапамогу, кампетэнтныя адказы і тлумачэнні. Усе звароты грамадзян абавязкова вывучаюцца і бяруцца на кантроль.

Для значнай колькасці сяльчан кожная такая сустрэча – яшчэ і своеасаблівая аддушына. Асабліва для жыхароў аддаленых, маланаселеных вёсачак.Часцей за ўсё гэта пажылыя людзі, многія – адзінокія ці адзінока пражываючыя Для іх непасрэдная сувязь з тым жа райцэнтрам – гэта прыезды аўталаўкі ды паштовых машын (якія, дарэчы, як было адзначана, наведваюцца згодна графіка, без нараканняў), а крыніца навін – газеты ці тэлебачанне. А вось так, калі ў вёску адначасова наведваецца такая шматлікая колькасць людзей (бывае, што іх нават больш, чым саміх жыхароў населенага пункта), якія цікавяцца тваімі клопатамі, гатовы дапамагчы ў вырашэнні тых ці іншых пытанняў, ды і проста з кім можна ад душы пагутарыць, – гэта ўжо адпавядае свайго роду маленькаму святу, бо чалавечых зносін не заменіць ніякі тэлевізар…

Менавіта такі настрой – адкрытасці, даверу, узаемаразумення – панаваў падчас сустрэч з насельніцтвам вёсак Стайкаўскага сельсавета Падсёлы, Дубцы, Шмакі, Нямкі. Сюды завіталі старшыня райвыканкама Галіна Слабоднікава, спецыялісты райвыканкама, прадстаўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях, цэнтральнай райбальніцы, УКП “Жылкамгас”, райспажыўтаварыства, Кіраўскага участка паштовай сувязі. У размове прымалі ўдзел старшыня Стайкаўскага селскага Савета дэпутатаў Міхаіл Фрэйберг, дырэктар СГФ “Чыгірынка РУП “Беларуснафта-Магілёўаблнафтапрадукт” Ігар Кузняцоў.

Ва ўсіх чатырох населеных пунктах жыхары з задавальненнем удзельнічалі ў дыялогу, уважліва слухалі гасцей, па ходу задаючы цікавячыя іх пытанні.

Тэма бяспекі жыццядзейнасці была і застаецца самай актуальнай, якая абавязкова ўзнімаецца падчас прыездаў рабочай групы, бо нічога няма больш каштоўнага за жыццё і здароўе людзей. У гэтай сувязі асаблівую ўвагу жыхарам неабходна звяртаць на захаванне правілаў пажарнай бяспекі, асабліва зараз, з наступленнем халадоў. Менавіта на гэтым сакцэнтаваў увагу прысутных начальнік РАНС Сяргей Собаль.  Кожнаму домаўладальніку варта яшчэ раз праверыць печы, эксплуатаваць іх правільна. Пакоі ў дамах патрэбна абсталяваць аўтаномнымі пажарнымі апавяшчальнікамі. Як адзначыў падчас сустрэч старшыня Стайкаўскага сельскага Савета дэпутатаў Міхаіл Фрэйберг, жыхары наведваемых у гэты дзень вёсак – людзі дысцыплінаваныя і да ўласнай бяспекі ставяцца уважліва, а таму імкнуцца выконваць усе рэкамендацыі.

Была ўзнята такая важная на бягучы момант тэма, як прафілактыка каронавіруснай інфекцыі. Галоўны ўрач ЦРБ Сяргей Бычэнка расказаў пра санітарна-эпідэмічную сітуацыю ў раёне, скіраваў увагу на неабходнасць вакцынацыі, падкрэсліўшы, што гэта найбольш эфектыўны спосаб абароны ад COVID-19. Як высветлілася, гэты аспект добра разумеюць і самі вяскоўцы. Абсалютная большасць з іх прайшлі вакцынацыю. Некаторыя, зрабіўшы прышчэпку супраць каронавіруса, раілі так жа паступіць сваім суседзям, родзічам. У асобных вёсках, як, да прыкладу, у Дубцах і Нямках вакцыніраваліся ўсе жыхары.

Добрыя словы выказалі сяльчане мясцовай уладзе, кіраўніцтву СГФ “Чыгірынка”. Часта наведваецца ў вёскі Міхаіл Фрэйберг. З разуменнем і ўвагай ставіцца да просьб грамадзян, аказвае дапамогу. І яны адказваюць узаемнасцю сельвыканкаму, калі справа тычыцца навядзення парадку на зямлі, добраўпарадкавання, іншых пытанняў. Не пакідае па-за ўвагай звароты сяльчан і дырэктар СГФ “Чыгірынка” Ігар Кузняцоў. З ім, адзначылі жыхары, яны заўсёды знаходзяць узаемаразуменне ў вырашэнні бытавых праблем.

Прыйшоўшыя на сустрэчы задалі гасцям пытанні, якія тычыліся іх жыццядзейнасці. Так, у в.Падсёлы жыхар паскардзіўся на тое, што водаразборная калонка каля яго домаўладання даўно не працуе. Ды яна яму і без патрэбы. Аднак плата за карыстанне вадой налічваецца. Было дадзена даручэнне кампетэнтным спецыялістам райвыканкама разабрацца ў сітуацыі.

Пенсіянерка з Падсёл папрасіла спілаваць старое дрэва каля яе дома. Жанчыну запэўнілі, што гэтае пытанне будзе вырашана да 1 снежня бягучага года.

Ад жыхара Дубцоў паступіла просьба аб аказанні дапамогі ў рамонце калодзежнага зруба. Узяць на кантроль яе даручана кіраўніцтву Стайкаўскага сельвыканкама і УКП “Жылкамгас”.

Некалькі пытанняў задалі жыхары Нямкоў. Так, яны папрасілі дапамагчы засыпаць яміну на дарозе каля мясцовых могілак. Кіраўніцтву СГФ “Чыгірынка” і УКП “Жылкамгас” даручана разабрацца з гэтым пытаннем да пачатку снежня бягучага года.

Паступіла заўвага аб тым, што ў паліклініцы ЦРБ ствараюцца вялікія чэргі на прыём да ўрачоў. Жыхарам адказалі, што ў бліжэйшы час будуць праведзены маніторынг, каб вывучыць сітуацыю, а таксама ўнесены адпаведныя прапановы.

Хапіла месца ў размовах і для сур’ёзных тэм, і нават для жартаў. У любым выпадку жыхары аддаленых вёсак засталіся з добрым настроем і задаволенымі ад сустрэч – гэта было відавочна.

Аляксандр ХАХЛОЎ.

Фота аўтара.

Последние новости

Актуально

Профессия – восстанавливать справедливость

12 сентября 2026
Читать новость
Актуально

Уважаемые работникии ветераны Кировского районного отдела Следственного комитета Республики Беларусь!

12 сентября 2026
Читать новость
Кибербезопасность

Методы мошенников постоянно модернизируются

11 сентября 2026
Читать новость
Актуально

Праздник «Вераснёўскі фэст. Палац у Жылічах» состоится 26 сентября 2026 года

11 сентября 2026
Читать новость
Актуально

11 сентября – Усекновение главы Иоанна Предтечи

11 сентября 2026
Читать новость
Актуально

«Отставание смерти подобно». Лукашенко о важности модернизации системы связи в войсках

11 сентября 2026
Читать новость