Тысячнікі на жніве – за рулём і за штурвалам

Хлебнымі дарогамі
У суботу, 26 ліпеня, у нашым раёне прайшло ўшанаванне вадзіцеляў-тысячнікаў! Шчырыя словы падзякі і віншаванні былі адрасаваны Сяргею Іваніцкаму, вадзіцелю ААТ «Рассвет імя К.П.Арлоўскага». Ён стаў першым у Магілёўскай вобласці, хто перавёз тысячу тон збожжа. Гэта важнае дасягненне, якое мае вялікае значэнне для нашага раёна і ўсёй вобласці. Нельга не адзначыць ключавую ролю вадзіцеляў і іх работу па падтрыманні харчовай бяспекі.

З працоўным дасягненнем вадзіцеля-тысячніка павіншавалі першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Сяргей Савіцкі, старшыня райвыканкама Галіна Слабоднікава, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Багель, прафсаюзныя лідары.
Разам з Сяргеем Іваніцкім, свой рубеж у тысячу тон перавезенага збожжа пераадолелі рассветаўскія вадзіцелі Аляксандр Белы, Генадзь Гукаў і Міхаіл Семянкоў. Іх поспехі таксама былі адзначаны віншаваннямі і заслужанымі ўзнагародамі.
У ходзе гутаркі з працаўнікамі палёў, Галіна Слабоднікава адзначыла, што ўраджай збожжавых культур сёлета радуе. Старанні аграрыяў не былі марнымі.

Сяргей Савіцкі пракаментаваў: «Кіраўскі раён цалкам гатовы да ўборачнай кампаніі, адзіным стрымліваючым фактарам уборкі з’яўляюцца ўмовы надвор’я. Але я думаю дзень, два і надвор’е наладзіцца. Хлебаробы на поўную сілу выйдуць у поле і будзем працаваць. Людзі настроены, тэхніка таксама, усё ёсць для атрымання добрых вынікаў».
Кіраўшчына ўшаноўвае сваіх працаўнікоў, чыя стараннасць і багаты вопыт з’яўляюцца неацэнным укладам у развіццё раёна. Яны – сапраўдны прыклад працавітасці і прафесіяналізму, адданасці роднай зямлі!

Першая тысяча – у маладзёжнага экіпажа!
У мінулую нядзелю маладзёжны экіпаж збожжаўборачнага камбайна ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” ў саставе Андрэя Дразда і Аляксандра Краўцова першым у вобласці і на Кіраўшчыне дасягнуў тысячнага намалоту! Маладыя механізатары сваёй працавітасцю і адказным стаўленнем да даручанай справы ў чарговы раз прадэманстравалі, што здольныя да новых перамог.
Павіншаваць лідараў Жніва на палеткі сельгаставарыства завіталі старшыня райвыканкама Галіна Слабоднікава, старшыня Магілёўскай абласной прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Пятровіч, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дырэктар ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” Аляксандр Багель, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Ставер, прадстаўнікі Магілёўскага абласнога і раённага камітэтаў ГА “БРСМ”.
Віншуючы маладых хлебаробаў са значным працоўным дасягненнем, Галіна Паўлаўна пажадала ім не зніжаць тэмпаў работ, каб у хуткім часе сярод чарговых перамог былі двух і трохтысячныя намалоты збожжа, а магчыма і болей.
– Моладзь задае тон на жніве і гэта толькі радуе, – адзначыла Галіна Паўлаўна. – Такая дастойная змена – упэўненасць у заўтрашнім дні для нашай краіны, для яе далейшага развіцця і працвітання, для дабрабыту беларускага народа.
Другі сакратар абласнога ГА “БРСМ” Алег Бойка віншуючы хлебаробаў адзначыў, што многія прадстаўнікі сучаснай моладзі, што працуе ў сельскай гаспадарцы, дэманструюць прыклад руплівасці, неабыякавасці, адказнасці, улюбёнасці ў сваю справу. Такія працаўнікі – прыклад для пераймання і гонар для рэгіёну.
Ужо не першы год Андрэй Дрозд разам з Аляксандрам Краўцовым дасягаюць такіх высокіх паказчыкаў. Маладое пакаленне дэманструе падчас уборачнай кампаніі адданасць хлебаробскай справе, любоў да роднай зямлі, жаданне ўнесці свой уклад у агульны хлебны каравай і палепшыць дабрабыт краіны, малой радзімы, гаспадаркі.

Сёлетняе надвор’е прымушае аграрыяў мабілізоўваць усе рэсурсы – і людскія, і тэхнічныя, каб максімальна хутка ўбраць вырашчанае, не страціць ніводнага зярнятка і папоўніць засекі залацістым збожжам.
Жніво працягваецца – гэта значыць, што колькасць герояў уборачнай кампаніі, якія з адказнасцю ставяцца да даручанай справы, клапоцяцца пра якасную ўборку хлеба, будзе толькі павялічвацца!
Подробно в номере № 58 (10680).
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота Алесі БАГДАНАВАЙ.