У 2016 г. споўніцца 45 гадоў з моманту афіцыйнага адкрыцця ў Кіраўску тагачаснага кінатэатра “Кастрычнік”

У бягучым годзе ў культурным жыцці раёна адбудзецца прыемная падзея — споўніцца 45 гадоў з моманту афіцыйнага адкрыцця тагачаснага кінатэатра “Кастрычнік”, які пазней набыў статус Цэнтра вольнага часу. Пасля праведзенай рэканструкцыі ў ходзе падрыхтоўкі да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2014” будынак стаў сучасным і ўпрыгожыў цэнтр нашага горада. Тут размясцілася кіназала 3D фармата і більярдная.
Першым дырэктарам кінатэатра быў назначаны ветэран Вялікай Айчыннай вайны І.А.Корзун. Пасля дэмабілізацыі з арміі ў 1951 годзе ён заступіў на пасаду старшага кінамеханіка раённага Дома культуры, затым працаваў інжынерам. Пад кіраўніцтвам Івана Аляксандравіча ўзводзіўся будынак кінатэатра.
Быў час, калі раённы аддзел кінафікацыі трымаў першае месца па рэспубліцы! А наогул, за гады работы на пасадзе дырэктара кінатэатра І.А.Корзуна толькі аднойчы кіраўчане займалі 2-е месца па вобласці, а так заўсёды толькі першынствавалі. Дасягнуць такога было няпроста, патрабавалася выкананне плана не толькі па колькасці сеансаў, але і гледачоў. Каб дабіцца гэтага, кіраўніцтва і калектыў шмат працавалі, праяўлялі ініцыятыву і кемлівасць.
Кінамеханікам даводзілася па бездарожжы, у дождж і слоту, праз сумёты, на спадарожным транспарце пераязджаць з вёскі ў вёску, каб сяльчане змаглі паглядзець мастацкія фільмы, атрымаць радасць ад сустрэчы з героямі кінастужак.
У 1987 годзе калектыў кінатэатра ўзначаліў М.Я.Логвін, які з 1973 года працаваў тут інжынерам. Вось што ён расказаў рэдакцыі “раёнкі”:
— Заўсёды з настальгіяй успамінаю гады работы ў кінатэатры “Кастрычнік”, калі папулярны фільм паказвалі на працягу 3-4 дзён на тыдні па тры сеансы ў дзень пры актыўным наведванні гледачоў. Паралельна такія кінастужкі дэманстраваліся і ў бліжэйшых сельскіх клубах, дзе былі стацыянарныя кінаўстаноўкі.
Даводзіліся заданні ў разрэзе дарослага і дзіцячага кантынгенту, па аб’ёму дакументальнага кіно. Людзі не лічыліся ні з цяжкасцямі, ні з уласным часам. І вынікі былі адчувальнымі — работнікі пастаянна атрымлівалі прэміі.
Доўгія гады свайго жыцця прысвяцілі развіццю беларускага кінематографа кінамеханікі В.А. Іваніцкі, А.І.Чахлоў, В.А. Конанаў, Т.М.Сівакова, В.В.Салановіч, Р.Ц.Рудзько, Н.С.Кавалеўская, В.Г. Медзвядзёва, М.Н.Купрыянава і інш. З адказнасцю да даручанай справы ставіліся галоўны бухгалтар К.Д.Трысцянецкая, эканаміст Т.А.Шамедзька, касір-бухгалтар К.Д.Гурэцкая, дырэктар “Кінасеткі” А.В.Радчанка, начальнік аддзела кіна-відэамерапрыемстваў В.І.Сазонаў і інш.
У цяперашні час у аддзеле кінавідэамерапрыемстваў налічваецца 12 кінавідэаўстановак і 1 аўтакінавідэаперасоўка. Дзякуючы праведзенаму капітальнаму рамонту Цэнтра вольнага часу і лічбавай мадэрнізацыі кіназалы з’явілася магчымасць для развіцця калектыўнай культурна-забаўляльнай дзейнасці. Гледачам прапаноўваецца разнастайны рэпертуар фільмаў пры высокай якасці дэманстрацыі. Работнікі Цэнтра вольнага часу наладжваюць розныя мерапрыемствы, каб павялічыць колькасць наведвальнікаў. Для іх створаны належныя ўмовы для адпачынку і актыўнага правядзення вольнага часу.
