У “Рассвеце” — новы кормаўборачны камбайн
— Тэндэр па пастаўцы дадзенай тэхнікі выйграла фірма “СВ-машыны”, з якой мы супрацоўнічаем не першы год, — паведаміў галоўны інжынер сельгасарганізацыі Аляксей Пятруша.— Звыш 5 гадоў на палетках гаспадаркі працуе без перабояў збожжаўборачны камбайн, набыццём якога займалася гэтая ж фірма.
Выкарыстанне сучаснай тэхнікі сумесна з маючыміся кормаўборачнымі камбайнамі дазволіць павялічваць колькасць нарыхтаваных кармоў да 2000 т у дзень. Калі ўлічыць, што сёлета неабходна нарыхтаваць яшчэ амаль 70 тыс. т і закласці ў траншэі якасны сілас, то рашэнне кіраўніцтва аб набыцці яшчэ адной адзінкі сельгастэхнікі — апраўданае.
Кожны дзень у гаспадарцы трэба накарміць 9000 галоў буйной рагатай жывёлы. Таму асаблівы клопат — аб падтрыманні на патрабуемым узроўні кармавой базы. А адсюль і ўнушальныя памеры пасяўных плошчаў: пад шматгадовыя травы занята 572 га, аднагадовыя — 395 га, кукурузу — 3350 га.
Нягледзячы на засушлівае лета, пасевы “каралевы палёў” радуюць. З убраных 235 га нарыхтавана 6412 т сіласу, сярэдняя ўраджайнасць культуры — 273 ц/га.
Вядома, што асноўны аб’ём кармоў павінен быць нарыхтаваны і закладзены ў траншэі ў тыя кароткія тэрміны, калі расліны найбольш багатыя пратэінам. А на такіх палетках, як у СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, гэта магчыма зрабіць толькі пры наяўнасці магутнай эфектыўнай тэхнікі.
Прасторная кабіна з кругавым аглядам забяспечвае ўсе ўмовы для рэзультатыўнай працы механізатара без напружання, а бартавы камп’ютар бярэ на сябе абавязкі па кіраванні рабочымі сістэмамі комплексу і параметрамі выконваемага працэсу.
Якасць нарыхтоўваемага корму павышаецца дзякуючы сістэме дазіраванага ўнясення кансерванта, а сістэма аўтаматычнай цэнтралізаванай змазкі дазваляе ў некалькі разоў скараціць час на штодзённае тэхнічнае абслугоўванне, што стварае рэзерв павышэння зменнай прадукцыйнасці.
З першых дзён комплекс даручылі вопытнаму механізатару Канстанціну Пятрушу, які дагэтуль працаваў на корма-ўборачным камбайне айчыннай вытворчасці. Новую машыну адразу ж задзейнічалі на ўборцы кукурузы на зялёную масу і сілас. Калі наш фотакарэспандэнт прыехаў на поле, каб зрабіць фотаздымак, за работай уважліва назіралі кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Багель і галоўныя спецыялісты — не маглі паскардзіцца на вытворцаў, засталіся задаволенымі.
Таццяна БАРАДЗІНА.