Вераснёўскія клопаты аграрыяў КСУП «Ніва-Барсукі»

Увесь светлавы дзень на палетках сельгасарганізацый раёна не змаўкае гул тэхнікі: клопаты аграрыяў накіраваны на ўраджай наступнага года. Зараз актыўнымі тэмпамі вядзецца сяўба азімых культур.
У зладжаным рытме праходзяць работы ў КСУП “Ніва-Барсукі”. Здаецца, зусім нядаўна ніваўцы яшчэ ўбіралі збожжавыя, засыпалі залацістае зерне ў засекі, частку яго адпраўлялі ў залік дзяржзаказу. І вось ужо зноў зярняты роўнымі радамі кладуцца ў глебу, каб хутка апрануць палеткі ў яркую зеляніну маладых раслін.
Надвор’е пакуль спрыяе земляробам, таму работы вядуцца шырокім фронтам, адразу на некалькіх участках. Збожжавы азімы клін сёлета зойме 1750 га: на 750 га
размесціцца пшаніца, на 700 га — трыцікале, на 300 — жыта.
У мінулую пятніцу карэспандэнты “раёнкі” пабывалі на палетках сельгаспрадпрыемства і пацікавіліся не толькі ходам пасяўной кампаніі, але і ўсіх восеньскіх палявых работ.
“Пакуль што ў нас задзейнічаны адзін пасяўны агрэгат, — расказаў брыгадзір брыгады “Барсукі” Сяргей Сіўчыкаў. — Нагатове яшчэ адзін, у бліжэйшыя дні і яго ўключым у работу”.
Своечасова, з захаваннем тэхналогіі правялі ў сельгаспрадпрыемстве сяўбу рапсу на 432 га, свірэпіцы — на 120 га. Вырошчванне гэтых культур і іх рэалізацыя штогод дае ніваўцам магчымасць атрымліваць дадатковыя грошы.
Распачаць сяўбу азімых збожжавых даверылі аднаму з самых вопытных і адказных механізатараў Генадзю Макаронку. На гэтых работах ён не першы год, заўсёды ў ліку перадавікоў і ўнутрыгаспадарчага, і раённага спаборніцтваў. Справу сваю ведае на выдатна. Кіруе складанай тэхнікай з лёгкасцю, даглядае яе, не дапускае значных паломак. Пасяўныя работы механізатар выконвае хутка і якасна. У пары з ім на падвозцы і загрузцы насення працуе Уладзімір Ермалаеў.
Не менш адказная задача — падрыхтоўка глебы. Менавіта ад якасці праведзенага дадзенага агратэхнічнага прыёму залежаць будучыя збожжавыя намалоты. Даручылі гэтую справу Уладзіміру Лебедзеву, Аляксандру Якаўлеву і Валерыю Кухарэнку. На ўзворванні глебы заняты Дзяніс Бурак, Васіль Белаглазаў і Мікалай Таранаў. Кожны з іх з разуменнем і адказнасцю выконвае даручаную справу, усведамляючы, што ў тым ліку і ад іх залежыць хлебны каравай 2020 года.
Паралельна з сяўбой азімых вядуцца і іншыя сельскагаспадарчыя работы. Ідзе ўборка траў на падкормку для грамадскага статка. На здрабненні кармавых культур заняты Уладзімір Еўдакімаў, на адвозцы — Мікалай Сурын.

Ні на хвіліну не прыпыняюцца работы на прэсаванні саломы, якая адвозіцца да месцаў складзіравання. На вызваленыя палеткі адразу выходзяць трактары з глебаапрацоўваючымі агрэгатамі. Услед — пасяўныя агрэгаты.
Свайго часу дачакалася і “царыца палёў”, якая сёлета займае 1000 га, на 200 га яе ўбяруць на зерне, астатняе — на корм грамадскаму статку.

Як адзначыў Сяргей Сіўчыкаў, усе работы вядуцца ў адпаведнасці з планамі. Садзейнічае гэтаму адказнае стаўленне да сваіх абавязкаў механізатарскіх кадраў. Многія з іх не
адзін дзясятак гадоў прысвяцілі сябе нялёгкай земляробскай справе. З такімі надзейнымі спецыялістамі, упэўнены ў сельгаспрадпрыемствы, любыя задачы выканальныя.
На высокапрадукцыйную працу на восеньскіх палетках накіраваны меры маральнага і матэрыяльнага заахвочвання. Механізатары забяспечваюцца гарачым харчаваннем, працаўнікі поўнасцю ўкамплектаваны сродкамі індывідуальнай абароны і спецвопраткай.
З раніцы і да позняга вечара шчыруюць працаўнікі на палетках, каб забяспечыць высокія тэмпы і якасць сяўбы, каб быў закладзены трывалы падмурак пад ураджай наступнага года.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.