Восеньскі кірмаш — купляйце на запас!

Правядзенне восеньскіх кірмашоў у Кіраўску стала ўжо добрай традыцыяй. І нельга пераацаніць іх важнасць: менавіта ў гэты час жыхары горада актыўна назапашваюць агародніну, фрукты на зіму, папаўняюць запасы тым, чаго самі не вырасцілі або што не ўрадзіла на ўласных зямельных надзелах.
У мінулую суботу ў райцэнтры адбыўся першы раённы сельскагаспадарчы кірмаш, на якім сваю прадукцыю прадставілі 9 сельгасарганізацый раёна, Жыліцкі сельгаскаледж, ліцэй №15, райспажыўтаварыства, КУП “Кіраўскія бытпаслугі”, сялянска-фермерская гаспадарка “Красніца”, прадпрымальнікі, прыватныя асобы.
Трэба адзначыць, што тавараў было шмат і на любы густ. Гараджане актыўна раскуплівалі збожжа, бульбу, моркву, свежую рыбу, саджанцы пладовых дрэў, кустоўе. У мясным павільёне на гарадскім рынку жадаючыя набывалі мяса і мясапрадукты з КСУП “Чырвоны баец”.
Мноствам відаў прапаноўваемай прадукцыі і прыгожым убраннем прыцягвала да сябе гандлёвая кропка райспажыўтаварыства. Пакупнікі змаглі набыць тут розную агародніну, фасолю, журавіны і іншае.
Вельмі здзівіў гараджан руплівы гаспадар з в.Пацава Слабада, які прывёз на продаж кавуны. Невысокі кошт спрыяў іх хуткай рэалізацыі. Тыя кіраўчане, хто паспытаў кавун, адзначалі яго выдатныя смакавыя якасці.
У ліку першых распрадалі сваю прадукцыю ААТ “Дабаснянскае”, КСУП “Барчыцы-агра”, СГФ “Чыгірынка”. Усяго на кірмашы было рэалізавана прадукцыі на 4400 рублёў (44 млн. да дэнамінацыі).
Узнімалі настрой прысутным культработнікі.
Адным словам, задаволеныя пакупнікі разыходзіліся з карыснымі пакупкамі, а прадаўцы — з наяўнымі грашыма. Арганізатары кірмашу спадзяюцца, што ў наступныя разы гандаль будзе ісці больш ажыўлена, бо многія кіраўчане ў гэты дзень яшчэ не спяшаліся набываць прадукцыю, нібы прыцэньваліся…


