Восеньскія клопаты аграрыяў
Зладжана праводзяць комплекс восеньскіх палявых работ працаўнікі ААТ “Кіраўскае райаграпамтэхзабеспячэнне”.
Літаральна на апошніх гектарах ідзе ў РАПТЗ уборка цукровых буракоў. Гэтая культура сёлета займала плошчу ў 410 га. Па словах галоўнага агранома РАПТЗ Уладзіміра Дарафея, сёлетні год для салодкіх караняплодаў не зусім спрыяльны: раслінам літаральна не хапіла вільгаці, каб набраць неабходную вагу. Таму і сярэдняя ўраджайнасць ніжэйшая, чым у папярэднія гады – 320 ц/га. А вось цукрыстасць салодкіх каранёў высокая – 16,6%, што дазваляе сельгаставарыству рэалізоўваць іх па больш высокім кошце.
Уборку вядуць уласным камбайнам “Холмер”, кіруе якім адзін з перадавых механізатараў
– Дзмітрый Комар (на здымку). За дзень цукровыя буракі ён выкопвае на 10 га.
Як адзначыў Уладзімір Дарафей, сяўба азімых была праведзена згодна тэхналагічных патрабаванняў і ў аптымальныя тэрміны. Увесь насенны матэрыял – высокай якасці, бо без гэтага нельга разлічваць на важкія намалоты ў наступным годзе. На 110 га павялічылі плошчы пад азімыя збожжавыя, перавагу аддалі трыцікале. Сяўбу даверылі вопытным і адказным механізатарам – Аляксандру Сідарэнку, Мікалаю Варанчукову і Сяргею Чудапалу. Зараз вядзецца хімпраполка раслін ад пустазелля. На гэтых работах задзейнічаны Пётр Дрозд.
Радуюць галоўнага агранома і пасевы азімага рапсу. Захаванне тэхналогіі сяўбы адыграла сваю станоўчую ролю: падкормленыя і апрацаваныя палеткі радуюць прыгожай зелянінай і даюць спадзяванне на добры ўраджай гэтай алейнай культуры.
Зараз працягваюцца работы па ўзворванні глебы, каб вясной была магчымасць
хутка правесці сяўбу яравых. Гэты ўчастак работы даверылі Уладзіміру Комару, Андрэю Урбелю і Аляксандру Сідарэнку. На рахунку руплівых працаўнікоў – 500 га ўзараных плошчаў. Поўнасцю праведзены падрыхтоўчыя работы на плошчах пад сяўбу цукровых буракоў у наступным годзе: як вядома, культура гэтая вельмі “капрызная” і расце толькі на землях, дзе ёсць усё неабходнае для яе развіцця.
Завяршаецца ў сельгаставарыстве ўборка кукурузы на зерне, якая займала плошчу ў 120 га. Добрасумленна працуе на ўборцы “царыцы палёў” камбайнер Андрэй Слуцкі. Пакуль спрыяе надвор’е, работы вядуцца з раніцы і да змяркання. Хутка адвозяць залацістыя зярняты на сушыльны комплекс вадзіцелі Сяргей Комар і Леанід Паркалаў. Пасля апрацоўкі і дасушкі зерне кукурузы ідзе на рэалізацыю на КХП. Каля 400 т атрыманага ўраджаю заплюшчылі і паклалі ў рукавы: гэта цудоўны энергетычны корм для грамадскага статка.
Механізатарская праца – практычна бясконцы паток работ: пасей, падкармі, апрацуй, прапалі, пакасі, насушы, звязі, абмалаці і… зноў пасей. І на кожным яе этапе важным звяном з’яўляецца якасць правядзення работ, адказнасць кожнага ўдзельніка за канчатковы вынік.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.