Темы

Восеньскія палеткі на Кіраўшчыне: рассветаўскі калейдаскоп

Восеньскія палеткі на Кіраўшчыне: рассветаўскі калейдаскоп

 

Рас-5

Старанна працуюць на ўборцы кукурузы механізатары Канстанцін Пятруша, Андрэй Казакоў, Мікалай Белакурскі, Максім Акуліч. 

Рас-4

За рулём «Джон Дзіра» — Віталь Кашкоў

Рас-3

Якасна ўзворвае глебу Аляксандр Міхалькоў

Рас-6

Вядзецца ўборка сталовых буракоў

Рас-2

Садавод Наталля Малашонак

 

Рас-1

Важкі ўраджай сакавітай прадукцыі

Вольныя хвіліны для земляробаў — справа рэдкая ў гэтыя восеньскія дні. Адна работа змяняе другую, а за ёй — яшчэ… Дажджы крыху “прытармазілі” тэмп палявых работ кіраўскіх сельгасвытворцаў, але тыя ніколькі не былі пад­уладныя надвор’ю: землеробы максі­мальна выкарыстоў­ваюць кожную пагодную хвіліну, бо яшчэ не ўвесь ураджай сабраны.
Сапраўдным калейдаскопам выглядаюць у гэтыя вераснёўскія дні дзеянні працаўнікоў ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”. На абшарах сельгаставарыства шырокім фронтам працягваюць разгортвацца работы. Напрыканцы мінулага тыдня мы наведалі розныя рассветаўскія ўчасткі, і паўсюль назіраліся высокая арганізацыя працы, тэмпы і, безумоўна, выдатнае стаўленне саміх рассветаўцаў да работ.
Яшчэ ў апошнія дні жніўня распачалі ў “Рассвеце” ўборку кукурузы на сілас. “Каралева палёў” выдалася на славу: своечасова апрацаваная і падкормленая, яна налілася ў поўнай меры. За в.Суянец падчас нашага прыезду на полі працаваў механізаваны атрад. Кормакамбайны даручылі маладым механізатарам, якія, між тым, далёка не навічкі на палявых работах.

На здымках: на ўборцы кукурузы старанна працуюць — Віталь Кашкоў (уверсе) і Канстанцін Пятруша (першы злева ўнізе), а Андрэй Казакоў, Мікалай Белакурскі і Максім Акуліч займаюцца адвозкай зялёнай масы.

На “Нью Холанд” выдатна працуе Канстанцін Пятруша. Ён ужо сёлета паспеў неаднаразова трапіць у лік лідараў — і на сяўбе, і на жніве, і вось цяпер таксама задае тон. Разам з ім абжынае кукурузныя палеткі на “Джон Дзір” Віталь Кашкоў. Гэта 5-ты сезон камбайнера на корманарыхтоўцы. Дагэтуль ён выдатна працаваў на пагрузчыку, а цяперашнюю машыну, нібыта эстафету, атрымаў ад Уладзіміра Асоса — вядомага рассветаўскага перадавіка мінулых гадоў. “Цяпер не магу планку зніжаць, — з усмешкай кажа пераемнік. — На гэтай машыне “біліся” рэкорды. Трэба і мне таксама імкнуцца да найлепшых рэзультатаў!..”. Да слова, разам з яшчэ адным перадавіком-рассветаўцам Міхаілам Вербенкам, Віталь ударна сёлета працаваў на нарыхтоўцы сенажу: уся закладзеная маса ў “Рассвеце” прайшла праз іх камбайны…
Як нам паведамілі ў райсельгасхарчы, на ўчарашнюю раніцу ў сельгаставарыстве ўбралі кукурузу на 523 га, сярэдняя ўраджайнасць — 321 т. Атрымана 16812 т зялёнай масы, з якой 15423 т закладзена ў сіласныя траншэі, астатняе — пайшло на падкормку жывёле.
Пад магутнымі жаткамі спелая кукуруза ператвараецца ў сакавітую масу. Адзін за адным грузавікі і трактары з прычэпамі займаюць месцы пад стрэ­ламі кормакамбайна. Знаёмыя асобы: Мікалай Белакурскі, Валерый Шчэрбіч, Міхаіл Букаты, Сяргей Іваніцкі, Андрэй Казакоў, Максім Акуліч, Іван Новікаў… Толькі, здаецца, учора шчыравалі яны на жніве і іншых работах, а зараз імкліва дастаўляюць свежаскошаную духмяную кукурузную масу да сіласных траншэй.
За Цейкавічамі — наступныя клопаты рассветаўцаў. Тут на адным з участкаў былі размешчаны пасевы сталовых буракоў. Як нам расказаў адказны за гэтае поле аграном Іван Фядотаў, сюды дастаўляюць работнікаў з розных падраздзяленняў “Рассвета”, умацоўвае “армію” яшчэ і ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, адкуль накіроўваюцца сезонныя работнікі. Па 60-70 чалавек штодзень працуюць на ўборцы чырвоных буракоў. Караняплоды сёлета займалі 17 га. Больш за палову агульнымі намаганнямі выкапаны, укамплектаваны ў спецыяльную тару і дастаўлены на захоўванне. Крыху пазней буракі будуць адсартыраваны і паступяць у гандлёвую сетку.
Наогул агароднінаводства — ні для каго не сакрэт — адна з візітных картак “Рассвета”. Ужо пачалі тут уборку капусты і цыбулі. На чарзе — морква. Ураджай з рассветаўскіх палёў знойдзе свайго пакупніка.
…Праз Цейкавічы накіроў­ваемся ў Валосавічы. Фруктовы сад, які раскінуўся на 220 га, нельга не заўва­жыць, а, тым больш, наліўныя плады, якія важкімі гронкамі звісаюць з галін маладых дрэўцаў. Тут актыўна вядзецца ўборка спелых яблык. Садавод Наталля Малашонак правяла невялікі экскурс у мясцовы “эдэм”:
— Плады ранніх гатункаў — яблыкаў і груш — убралі яшчэ раней — па меры іх саспявання. У прыватнасці, яблыкі гатункаў “белы наліў”, “алена”, і “каваленкаўскі” паспяхова пайшлі ў рэалізацыю. Зараз здымаем больш поз­нія гатункі: “вяснянку” і “ауксіс”. Напера­дзе — яшчэ больш познія — “алеся”, “імант”, “зорка”. Сакавітыя плады рассветаўскага сада, знятыя з дрэў, накіроўваюцца ў сховішча — іх час настане крыху пазней, калі яны, прайшоўшы свой шлях, лягуць на прылаўкі гандлёвых кропак.
Як адзначыла кіраўнік рассветаўскага падраздзялення “Сад” Алена Юркавец, для сёлетняга важкага ўра­джаю папрацавала шмат людзей, і задзейнічаны былі самыя сучасныя тэхналогіі. З убраных амаль 44 га сада атрымана 289 т
пладоў. Добрых слоў заслужылі сваёй працай садаводы Алеся Барысёнак, Наталля Вербенка. Выдатна спраўляецца з абавязкамі камбайнер па ўборцы пладоў Аляксей Бяляўскі. Не было б паспяховага збору яблык і груш без штодзённага кантролю агранома Аляксандра Іваніцкага — сёлетні ўраджай у многім і яго заслуга…
Кіпіць работа і за Валосавічамі. Думкі рассветаўцаў — пра будучы ўраджай. У дзень нашага наведвання ў свежую глебу клалася насенне азімай пшаніцы. Загадзя пасля сёлетняй уборкі падрыхтавалі і падкармілі глебу, падабралі папярэднікі. А таксама — і надзейных сейбітаў: Мікалай Дрозд, які яшчэ нядаўна шчыраваў на жніве, засявае палеткі ўдзень. Яго напарнік — Дзмітрый Кахновіч — займае месца ў кабіне трактара ўноч. Кругласутачна не спыняецца рухавік іх “Джон Дзіра”, а, як рэзультат — усё больш і больш засеяных пло­шчаў, якія плануюць рассветаўцы ператварыць у будучыя важкія намалоты.
Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фота аўтара.

Последние новости

Актуально

В Кировске прошел районный выпускной вечер — большой фоторепортаж

12 июня 2026
Читать новость
Актуально

Пётр Яцкевич — ветеран труда ОАО «Рассвет им. К.П.Орловского» даёт совет молодым аграриям

12 июня 2026
Читать новость
Актуально

«Беларусь помнит. Помним каждого». Как реализуют проект школьники Кировского района

12 июня 2026
Читать новость
Сельское хозяйство

Сенокосная страда в СХФ «Чигиринка»

12 июня 2026
Читать новость
Актуально

Юные кировчане приняли участие в III региональном художественном конкурсе «РЭХА ПЕРАМОГІ. Ажыўшыя лісты вайны»

12 июня 2026
Читать новость
Актуально

Конкурс для молодых семей «Властелин села-2026» состоится 16 июня

12 июня 2026
Читать новость