“Вялікая Айчынная вайна ў гісторыі маёй сям’і”

На гэтую тэму напярэдадні 75-й гадавіны Вялікай Перамогі журналісты “Кіраўца” прапанавалі паразважаць жыхарам раёна.
Падзеі Вялікай Айчыннай чорнай рысай прайшліся па гісторыі амаль кожнай сям’і. Побач з намі жывуць тыя, хто сваімі вачамі бачыў вайну, прапусціў праз сэрца ўвесь яе жах і боль: франтавікі, працаўнікі тылу, вязні фашысцкіх канцлагераў і турмаў, мірныя жыхары – ахвяры акупантаў, чыё жыццё паламала вайна… Памяць жыве, дзякуючы ўспамінам, мастацкім і дакументальным творам патрыятычнага накірунку, хронікам, фотаздымкам. Яе трэба шанаваць – дзеля тых, хто загінуў, заваёўваючы незалежнасць Радзімы, і дзеля тых, хто працягвае жыць…

– Для маёй сям’і свята Вялікай Перамогі заўсёды чакаемае і самае дарагое. Маім бацькам Мікалаю Максімавічу і Галіне Васільеўне, як і тысячам савецкіх людзей, давялося прайсці праз гады ваеннага ліхалецця. Ім пашчасціла выжыць, сустрэць пераможны май 1945-га года.
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, бацьку было 17 год. На фронт яго не ўзялі, таму разам з сябрамі-аднагодкамі ён дапамагаў партызанам, а пасля прыходу Чырвонай Арміі быў залічаны ў рады абаронцаў Айчыны ў артылерыйскія войскі. Пры вызваленні Ліды тата быў паранены, праходзіў лячэнне ў шпіталі. Падлячыўшы раны, вярнуўся ў строй, вызваляў Польшчу, Усходнюю Прусію, дайшоў да Берліна. Доўгачаканую Перамогу ён сустрэў на Эльбе. Яго слаўны баявы шлях адзначаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені, медалямі “За адвагу”, “За перамогу над Германіяй”, “За ўзяцце Берліна”, “За ўзяцце Кёнігсберга” і іншымі.
Дэмабілізаваўся ён у 1947 годзе, вярнуўся да бацькоў у Хамічы. Працаваў у мясцовым калгасе і завочна вучыўся ў Мінскім фінансавым тэхнікуме. Рабоце ў гэтай сферы прысвяціў 25 год свайго працоўнага жыцця. На жаль, таты ўжо няма ў жывых, але ў нашай сям’і свята шануецца памяць аб ім, а яго баявыя ўзнагароды сталі сямейнымі рэліквіямі.
Нямала гора прынесла вайна і маёй маці Галіне Васільеўне. Разам са сваімі роднымі яна дапамагала партызанам у барацьбе з ненавісным ворагам. За гэта па даносе паліцая іх сям’я трапіла ў турму, дзе прабылі каля месяца. Потым маю бабулю немцы расстралялі, а маці з братам выратаваліся, выжылі на акупіраванай немцамі тэрыторыі, дачакаліся вызвалення малой радзімы ад ненавіснага ворага.
Дзень Перамогі – усенароднае свята, практычна адзінае, якое цесна аб’ядноўвае розныя краіны, людзей розных нацыянальнасцей і веравызнання.

– Мае прадзеды – Пракоп Піліпавіч Паўлоўскі і Аляксей Дзянісавіч Мельнік у гады Вялікай Айчыннай вайны былі прызваны абараняць Радзіму. Абодва не вярнуліся…
Пракоп Піліпавіч ваяваў у званні сяржанта, у 1941-м годзе прапаў без вестак, пазней высветлілася, што загінуў пад Смаленскам у жніўні 1944 года, пахаваны на ваенных могілках у Смаленску. Аляксей Дзянісавіч быў стралком, удзельнічаў у вызваленні Варшавы. Загінуў 16 кастрычніка 1944 года. Пахаваны ў Польшчы ў брацкай магіле.
Фотаздымкі прадзедаў, на жаль, не захаваліся. У сетцы Інтэрнэт мы знайшлі звесткі з інфармацыяй аб баявым шляху і пахаванні.
З дзяцінства ў памяці захаваўся расказ маёй прабабулі Марыі. Вёска Слабада Горацкага раёна. Недалёка праходзіла лінія фронту, населены пункт знаходзіўся ў тыле і быў заняты немцамі. Нярэдка да яго даляталі снарады, і хаты ўзрываліся. У хаце прабабулі Марыі жылі немцы.
Аднойчы фашысты забралі карову з сям’і майго дзядулі Паўла, якому тады было 10 год. Відавочна, што на той час рагулі былі першымі карміцелькамі, таму хлопчык доўга бег за немцам з каровай і плакаў…
Мы з сястрой памятаем пра ваеннае мінулае сваіх продкаў і хочам, каб нашы дзеці таксама памяталі!

– Мой прапрадзядуля па матулінай лініі – Радзівон Васільевіч Дрозд,
1903 г.н., ураджэнец в.Баравыя Селішчы Кіраўскага раёна, якая зараз ужо не існуе, а раней была недалёка ад Ахоціч, у гады Вялікай Айчыннай вайны ваяваў у саставе партызанскага атрада. Гэта я ведаю, дзякуючы маім бацькам. Яны дапамагаюць нам з братамі аднавіць гісторыю нашай сям’і.
Пасля вызвалення Беларусі служыў радавым стралком 5-й стралковай Арлоўскай дывізіі 36-га стралковага палка.
Доўгі час лічыўся прапаўшым без вестак на тэрыторыі Прусіі.
У кнізе “Памяць.Кіраўскі раён” (стар.341) напісана, што ён загінуў 6 жніўня 1944 года ў Беластоцкім краі (Прусія, а зараз Польшча) – дзе былі ўзятыя гэтыя дадзеныя, нашай сям’і не ўдалося выствеліць. Згодна асабістых пошукаў у архівах, ведаем, што сувязь родных і знаёмых прыпынілася з ім, відавочна, у 1945-м годзе. Па інфармацыі сведкі – у архівах мы знайшлі апытальны ліст, – апошні раз прапрадзядулю бачылі перад Беластоцкай аперацыяй (5 – 27 ліпеня 1944 года). Маецца заключэнне ваенкома: Р.В.Дразда лічыць загінуўшым ад ран у 1945 годзе. Дакладнае месца пахавання і падрабязнасці яго гібелі нам, на жаль, невядомы.
Яго жонка, Праскоўя Васільеўна, да канца жыцця не мела ніякіх звестак пра мужа, засталася ўдавой з 4-ма дзецьмі на руках…
Амаль некалькі год таму ў далёкіх родных нам удалося знайсці фотаздымак Радзівона Дразда! Гэта была асаблівая радасць для нас! Я ганаруся, што мой прапрадзядуля Р.В. Дрозд абараняў нашу Радзіму і дзякую бацькам за тое, што яны вучаць нас шанаваць памяць аб ім!