Темы

Яблычны рай у рассветаўскіх садах

Яблычны рай у рассветаўскіх садах

Першае, што адчулі журналісты раёнкі калі наведаліся на тэрыторыю вытворчага ўчастка “Сад” у ААТ “Рассвет імя К.П. Арлоўскага” – гэта прыемны яблычны пах, які разносіўся па акрузе. На календары – жнівень – актыўная пара збору яблыкаў. Менавіта ў гэтым месяцы, а дакладней заўтра, праваслаўныя веруючыя святкуюць Яблычны Спас, час, калі дазваляецца есці яблыкі новага ўраджаю і стравы з іх.
Найбольш вялікія плошчы пад садавіну на тэрыторыі нашага раёна заняты ў ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” – больш за 200 га.

Сёлетні год нельга назваць самым “яблычным”, але ў садах сельгасарганізацый раёна, якія маюць іх на сваіх плошчах, і ў некаторых прыватных домаўладальнікаў, ураджай сакавітых пладоў даволі важкі.
Як адзначыў вядучы аграном-садавод вытворчага ўчастка “Сад” ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” Аляксандр Іваніцкі, больш за ўсё ў садах пасаджана зімовых і восеньскіх гатункаў яблыкаў. Па-першае, яны маюць працяглы тэрмін захоўвання і прывабны таварны выгляд, што вельмі важна пры рэалізацыі дадзенай прадукцыі, па другое, такія расліны менш пакутуюць ад замаразкаў, а значыць яны больш ураджайныя.
Сёлетні год, адзначыў Аляксандр Іваніцкі, для садаводаў стаў даволі няпростым. Значную частку ўра­джаю садова-ягадных культур рассветаўцы страцілі з-за зваротных замаразкаў. Уявіце, у 2022 годзе на 11 га чорных парэчак сабралі каля 10 т ягад, а ў бягу­чым – 776 кг. Не было чарэшань, толькі асобныя гатункі вішань далі невялікую колькасць ягад. Планавалі сёлета рассветаўцы атрымаць першы ўраджай грэцкіх арэхаў, якія займаюць плошчу ў 9 га, але і гэты цеплалюбівы госць моцна быў пашкоджаны марозамі.

І толькі яблыневы сад радуе вока наліўнымі пладамі, якія блішчаць пад сонечнымі промнямі і напаўняюць паветра прыемным водарам.
На пытанне, што паспрыяла важкаму ўраджаю садавіны, вядучы аграном-садавод адзначыў, што складальнікаў шмат: тут і строгае захаванне тэхналогій, і своечасовасць правядзення розных аперацый, а галоўнае – адказнасць кожнага працаўніка на сваім участку работы. Штатная колькасць працуючых на дадзеным вытворчым участку складае 22 чалавекі, у сезон колькасць рабочых з улікам наёмных складае больш за 100 чалавек.
Па словах спецыяліста, майская і чэрвеньская засухі не лепшым чынам адбіліся на колькасці завязі яблыкаў на дрэвах, але тыя плады, што засталіся, выраслі даволі вялізнымі і таварна прывабнымі. Такія яблыкі не залежваюцца на прылаўках гандлёвых кропак, прычым, не толькі ў нашай краіне, а і за яе межамі.

Першы яблычны ўраджай у гаспадарцы сабралі яшчэ ў ліпені. Каля 30 т летніх гатункаў сакавітай прадукцыі было рэалізавана праз уласную гандлёвую сетку “Рассвета”. Потым надыйшоў час “каваленкаўскага” і “алены”.
Гэтымі днямі рассветаўцы займаліся нарыхтоўкай экспартных яблыкаў гатунку “ауксіс”. Увесь сабраны ўраджай адправіцца на прылаўкі магазінаў суседняй Расіі. Варта адзначыць, што гэты сорт даўно палюбіўся пакупнікам за свае смакавыя якасці і вялізнае ўтрыманне ў мякаці карысных рэчываў.
Як адзначыў Аляксандр Іваніцкі, здыманне таварных яблыкаў – працэс даволі няпросты. Усе занятыя на гэтых работах працуюць у пальчатках, кожнае яблыка акуратна здымаецца і ўкладваецца ў скрыні. Плады “ауксіса” вельмі адчувальныя да ўдараў і здаўлівання, таму працэсам здымання яблыкаў займаюцца найбольш адказныя і вопытныя садаводы. Усяго ж таварных яблыкаў у “Рассвеце” сабралі больш за 60 т.
Паралельна садаводы вядуць збор ападу яблыкаў: кожны дзень дзясяткі тон адпраўляюцца на нарыхтоўчы пункт райспажыўтаварыства.
Як толькі з яблыні ўбіраецца апошні плод пачынаюцца работы па апрацоўцы дрэў. Дарэчы, работы ў садзе не прыпыняюцца практычна круглы год. Дзесьці ў снежні садаводы праводзяць зімовую абрэзку дрэў, потым – фарміраванне кроны, апрацоўкі і падкормкі, якіх бывае за сезон каля 15-20. Па словах вядучага агранома-садавода, каб атрымаць важкі ўраджай, трэба прыкласці нямала намаганняў. Пры належным доглядзе “жыве” сад у сярэднім каля 15-20 гадоў.

Вялікую ўвагу рассветаўцы надаюць і далейшаму развіццю садаводства, укараненню сучасных тэхналогій. Зараз асноўны ўпор тут робяць на інтэнсіўныя сады. Па словах Аляксандра Іваніцкага, такая тэхналогія дазваляе на абмежаваных плошчах атрымліваць максімальны ўраджай. Зараз у рассветаўскіх садах на 1 га плошчаў размешчана каля 666 дрэў, у інтэнсіўным са­дзе іх на такі ўчастак будзе 1,5 тысячы. Сярод “плюсаў” сучасных садоў – магчымасць арганізацыі кропельнага паліву кожнага дрэва, прычым плануюць разам з вадой уносіць усе неабходные мікраэлементы і дабаўкі.
Зараз тут ужо маюць 15 га інтэнсіўных садоў, у будучым плошчу павялічаць да 60 га і ўвогуле пяройдуць на новыя тэхналогіі вырошчвання яблыкаў.
Людміла СЯМЁНАВА.

На верхнім фота: у кожнага з рассветаўцаў – свой участак на зборы сёлетняга ўраджаю. Пакуль многія з мужчын старанна шчыруюць на палявых работах, іх другія палавінкі не менш актыўна збіраюць плады ў садзе гаспадаркі. Якраз такіх мы і сустрэлі падчас візіту ў гэты вытворчы ўчастак. Муж кожнай з садаводаў, якіх вы бачыце на гэтым фота, – Аляксандры Пятруша, Аксаны Жалдак і Алесі Барысёнак – адпаведна Канстанцін, Ігар і Іван – перадавыя механізатары і вадзіцель, якія зараз старанна працуюць на корманарыхтоўцы і жніве. Іх жонкі не адстаюць у стараннасці падчас нарыхтоўкі садавіны. Ды яшчэ і паспяваюць прыгатаваць смачныя стравы, каб сустрэць гаспадароў сем’яў дома пасля насычаных працоўных дзён.

Последние новости

Актуально

Августовская педагогическая конференция

28 августа 2026
Читать новость
Безопасность жизнедеятельности

Опасный макияж: шаг до трагедии

28 августа 2026
Читать новость
Знай наших!

Скрыжавалі ракеткі

28 августа 2026
Читать новость
Физкультура и спорт

Триумф на велотрассе

28 августа 2026
Читать новость
Знай наших!

Прафесія, ад якой залежыць жыццё

28 августа 2026
Читать новость
Безопасность жизнедеятельности

Как защитить телефон?

28 августа 2026
Читать новость