З любоўю да роднай зямлі

У другі раз удзельнічаць у рабоце Усебеларускага народнага сходу ад Кіраўшчыны будзе перадавы трактарыст-машыніст СВК “Калгас “Ніва” Аляксандр Петранкоў. Ён быў у ліку дэлегацыі нашага раёна і падчас правядзення трэцяга Усебеларускага народнага сходу.
Такі высокі давер аказаны яму няпроста: Аляксандр Сяргеевіч — старанны і адказны механізатар, неаднаразовы пераможца раённага працоўнага спаборніцтва, яго праца адзначана высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі: у 2004 г. — медалём “За працоўныя заслугі”, у 2013 г. — ордэнам Пашаны, шматлікімі Ганаровымі граматамі і падзякамі.
Заўсёды сялянская праца лічылася справай няпростай, патрабуючай ад чалавека адказнасці, сумленных адносін, любові да роднай зямлі. Менавіта такімі якасцямі валодае Аляксандр Петранкоў: на працягу 35 гадоў ён старанна працуе на карысць развіцця і працвітання сваёй малой радзімы, імкнецца да таго, каб кожную вясну палеткі пакрываліся маладой зелянінай збожжавых, каб зноў і зноў засекі гаспадаркі напаўняліся залацістай збажыной.
Нарадзіўся і вырас Аляксандр Петранкоў у Барсуках. Пасля школы скончыў Бабруйскае СПТВ №8, дзе атрымаў спецыяльнасць трактарыста-машыніста. Адслужыўшы ў арміі, зноў вярнуўся ў родную вёску. У 1981 г. уладкаваўся на працу ў тагачасны калгас імя Куйбышава, зараз — СВК “Калгас “Ніва”, дзе і па сённяшні дзень плённа працуе. Тут жа, у Барсуках, сустрэў сваю будучую жонку Ірыну, з якой выхавалі дзвюх дачок.
Перадавы працаўнік у сельгаскааператыве, добры гаспадар ва ўласным доме, клапатлівы муж і бацька — усе гэтыя словы можна выказаць у дачыненні да Аляксандра Сяргеевіча. Старанна і адказна працаваць ён навучыўся яшчэ ў дзяцінстве: у яго бацькоў, акрамя Сашы, было яшчэ восем дзяцей.
Мабыць, таму Аляксандр Петранкоў не цураецца ніякай сялянскай работы, усё ўмее, усё робіць па-гаспадарску.
Зараз механізатар заняты на правядзенні аднаго з важнейшых агратэхнічных сельгасэтапаў: хімічнай апрацоўцы раслін ад шкоднікаў і пустазелля, а таксама ажыццяўляе комплекс работ па падкормцы пасеваў угнаеннямі.
Сярод чарады сялянскіх клопатаў для Аляксандра Петранкова самая любімая пара — жніво. І нягледзячы на тое, што для яго гэта справа звыклая, усё роўна кожны раз яна патрабуе напружання сіл, строгага захавання працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны. На думку механізатара, вырасціць ураджай — гэта палова справы, галоўнае, своечасова і без страт яго ўбраць, не згубіўшы ніводнага зярнятка.
Аляксандр Сяргеевіч упэўнены, што ў хлебаробскай справе, як у той прымаўцы: “Адзін ў полі не воін” — толькі агульнымі намаганнямі можна дабіцца выканання пастаўленых задач.
Калектыў СВК “Калгас “Ніва”, як адзначыў Аляксандр Петранкоў, дружны і згуртаваны: кіраўніцтва і спецыялісты граматна накіроўваюць працаўнікоў на выкананне даведзеных заданняў. Большая частка работнікаў — людзі, якія прысвяцілі працы на зямлі не адзін дзесятак гадоў, але прыемна, што пэўны ўклад у дасягненне добрых вы-нікаў уносіць і маладое пакаленне. Упэўнены, што сялянская праца і надалей будзе ў пашане, што Беларусь будзе красавацца залацістымі збожжавымі палеткамі, зялёнымі лугамі і сінявокімі азёрамі.
Каменціруючы прадстаячы ўдзел у рабоце важнейшага народнага форуму Беларусі, Аляксандр Петранкоў адзначыў, што, у першую чаргу, чакае разгляду пытанняў аб далейшым развіцці сельскай гаспадаркі і сацыяльнай сферы сяла, менавіта на гэта нацэльвае аграрыяў Беларусі і Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.
Па словах Аляксандра Сяргеевіча, у апошнія гады нямала зроблена: у вёсках узводзяцца новабудоўлі, добраўпарадкоўваюцца дарогі, на дапамогу працаўнікам прыходзіць сучасная тэхніка, будуюцца новыя малочнатаварныя фермы, на якіх выкарыстоўваецца навейшае абсталяванне — усё гэта дае спадзяванне на далейшае стабільнае развіццё нашай краіны, умацаванне дабрабыту яе грамадзян, паляпшэнне ўмоў жыцця і працы.
Людміла СЯМЁНАВА.