Темы

За мір на зямлі, за шчасце нашчадкаў…

За мір на зямлі,  за шчасце нашчадкаў…

У многіх сем’ях і сёння захоўваюцца пажоўклыя лісты, выцвілыя фотаздымкі, дасланыя калісьці іх роднымі з фронту. Ёсць такія рэліквіі і ў сям’і Ірыны Галіцкай з аг.Жылічы, якая прынесла ў рэдакцыю пісьмы і малюнкі свайго дзядулі, якія былі зроблены напрыканцы 1944 і пачатку 1945 г.г., і папрасіла на старонках газеты расказаць пра слаўны баявы шлях Аляксея Макаравіча Галіцкага.
Свайго дзядулю Аляксея жанчына бачыла толькі на фотакартках: 30 студзеня 1945 года, не дажыўшы ўсяго 3 месяцы і 9 дзён да Перамогі, ён загінуў у адным з баёў ва Усходняй Прусіі.

Нарадзіўся А.М.Галіцкі 30 сакавіка 1908 года ў в.Харлапавічы, на той час Бабруйскай вобласці. Ён лічыўся ў сваёй і навакольных вёсках лепшым майстрам-кавалём. З раніцы і да змяркання па акрузе чуўся звон удараў па жалезу: з-пад рук Аляксея Макаравіча “выходзілі” зручныя, даўгавечныя і неабходныя ў сельскай справе рэчы. Каваль умеў нібыта “размаўляць” з металам, прымушаючы яго слухацца і скарацца. Дарэчы, яго вырабы, па словах унучкі Ірыны Валянцінаўны, і дагэтуль многія сяльчане выкарыстоўваюць у хатняй гаспадарцы і з удзячнасцю ўспамінаюць Макаравіча, як яго паважліва называлі мясцовыя.
Разам з жонкай Сафіяй Аляк­сей гадаваў траіх дзетак:
Валянціна, Ганну і Ірыну. Гас­падаром і татай ён быў цудоўным: у сям’і на той момант меўся добры дастатак, дзеці – забяспечаны ўсім неабходным, а самае галоўнае – акружаны бясконцай бацькоўскай любоўю і клопатам. Успаміны аб гэтым малодшыя Галіцкія пранеслі праз усё жыццё.

Калі пачалася Вялікая Ай­чынная вайна, і Кі­раў­шчыну акупіравалі фашысты, у доме Галіцкіх размясціўся нямецкі штаб. Сям’ю выселілі ў хлеў.
Аднойчы Аляксей Галіцкі наткнуўся ў лесе на параненага салдата, якога вырашыў забраць
на лячэнне дамоў. Ён ведаў, што гэта вельмі небяспечна: немцы жылі з імі ў адным двары, і калі б яны знайшлі чырвонаармейца, расстралялі б усю сям’ю. Мужчына разумеў, што рызыкуе, але сумленне не дазваляла яму зрабіць інакш…
У рады вызваленцаў Айчыны А.М.Галіцкі быў залічаны ў пачатку чэрвеня 1944 года. Ён мужна змагаўся з ворагам, гнаў яго са сваёй Радзімы, і далей – па краінах Еўропы. У кастрычніку 1944 года на яго грудзях заззяў медаль “За адвагу”, які наводчык станкавага кулямёта 2-й кулямётнай роты 339 гвардзейскага стралковага Беластоцкага ордэна Аляксандра Неўскага палка атрымаў пры адбіванні контр­атак праціўніка ў раёне вышыні 153.0. У загадзе Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 25.10.1944 года №75/н адзначана: “агнём са станкавага кулямёта Аляксей Галіцкі адсякаў контратакуючую пехоту праціўніка ад танкаў. У гэтым баі чырвонаармеец Галіцкі знішчыў да 10 нямецкіх салдат. Атака фашыстаў на дадзеным участку была сарвана”.

З кожным днём усё мацней і мацней быў націск Чырвонай Арміі, адзін за адным вызваляліся ад захопнікаў гарады, вёскі і пасёлкі. Жорсткім быў бой 14 студзеня 1945 года пры прарыве нямецкай абароны. Згодна архіўных звестак, кулямётны разлік Аляксея Галіцкага знаходзіўся ў баявых парадках пехоты. Сваім кулямётам ён падавіў дзве кулямётныя кропкі праціўніка, чым забяспечыў далейшы рух батальёна вызваленцаў. Праз 6 дзён, 20 студзеня, падчас руху батальёна на адкрытай мясцовасці, нечакана яго атакавалі немцы. Разлік Галіцкага, хутка развярнуўшы кулямёт, з упора расстрэльваў салдат праціўніка. Фашысцкая атака была адбіта. На полі бою засталося каля 15 забітых немцаў. У адпаведнасці з загадам 120-й гвардзейскай Рагачоўскай Чырвонасцяжнай дывізіі за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецкімі захопнікамі, праяўленыя пры гэтым доблесць і мужнасць камандзір кулямётчыкаў А.М.Галіцкі быў удастоены ордэна “Чырвоная Зорка”.
Загінуў слаўны абаронца Айчыны 30 студзеня 1945 года, пахаваны ў Арцельбурскім раёне Аленштайнскай акругі Усходняй Прусіі.

Родным Аляксея Мака­равіча засталіся на памяць пісьмы і малюнкі з фронту, якія ён пісаў і маляваў у перапынках паміж баямі і наступленнямі. Аддалі сям’і і яго баявыя ўзнагароды: прывёз іх, прыйшоўшы з фронту, старэйшы брат Пракоп: яны праходзілі службу ў адным палку і абяцалі адзін аднаму, што той, хто з іх застанецца ў жывых, паклапоціцца пра сям’ю загінуўшага. Так сталася, што падтрымка спатрэбілася родным Аляксея…
Сафія Галіцкая замуж больш не выйшла, выхавала трох дзяцей, дала ім адукацыю, радавалася нараджэнню ўнукаў.
Па словах Ірыны Валян­ці­наўны, у яе сям’і пісьмы і малюнкі дзядулі Аляксея захоўваюцца трапятліва, як самыя дарагія рэчы. У кожным дасланым лісце адчуваецца вострая туга Аляксея Макаравіча па сваіх дзецях і жонцы, па сваяках, любоў да мілых сэрцу мясцін Кіраўшчыны, малой радзімы. У апошнім лісце, які датаваны 28 студзеня 1945 года, салдат звяртаецца да сваёй дачушкі Ірыны, дзякуе ёй за пісьмо і абяцае хутка даслаць пасылку. Праз два дні А.М.Галіцкі загінуў, і ў Харлапавічы прынеслі яшчэ адну пахавальную …
Многія ўдзельнікі той вайны ахвяравалі ўласным жыццём, але адстаялі незалежнасць краіны, каб іх нашчадкі маглі спакойна вучыцца, працаваць і жыць.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота з сямейнага архіва Ірыны Галіцкай.

Последние новости

Актуально

Профессия – восстанавливать справедливость

12 сентября 2026
Читать новость
Актуально

Уважаемые работникии ветераны Кировского районного отдела Следственного комитета Республики Беларусь!

12 сентября 2026
Читать новость
Кибербезопасность

Методы мошенников постоянно модернизируются

11 сентября 2026
Читать новость
Актуально

Праздник «Вераснёўскі фэст. Палац у Жылічах» состоится 26 сентября 2026 года

11 сентября 2026
Читать новость
Актуально

11 сентября – Усекновение главы Иоанна Предтечи

11 сентября 2026
Читать новость
Актуально

«Отставание смерти подобно». Лукашенко о важности модернизации системы связи в войсках

11 сентября 2026
Читать новость