За хлебам першым – хлеб другі. Земляробы ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” актыўна вядуць уборку бульбы

За хлебам першым – хлеб другі. Земляробы ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” актыўна вядуць уборку бульбы

Здавалася б, зусім нядаўна на збожжавых палетках амаль не змаўкаў гул рухавікоў камбайнаў, аўтамашын і трактароў – працаўнікі палёў Кірашаўчыны спяшаліся ўбраць вырашчаны хлеб. Усё зрабілі своечасова: і выканалі дзяржзаказ, і засыпалі насенне, і назапасілі фураж. І вось надышоў час уборкі і другога хлеба, як ганарова называюць беларусы, бадай што, адзін з сімвалаў нашай краіны – бульбу.

Радуе ўраджай другога хлеба гатунку “каралева Ганна” механізатара Юрыя Бяляўскага

Вырошчванне бульбы ў нашым раёне ў значных аб’ёмах культывуе фактычна адна гаспадарка – ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”. Ці ёсць рэзон у яе вытворчасці, наколькі фінансава апраўдвае сябе культура – мы вырашылі пацікавіцца перш-наперш у спецыялістаў эканамічнай службы гаспадаркі. Пасля іх адказаў пытанне адпала само сабой. Возьмем хаця б мінулы год. Менавіта бульба аказалася адной з найбольш прыбытковых культур: выручка ад яе рэалізацыі склала 395 тыс.руб., а рэнтабельнасць – 65,4%. Як кажуць, каментарыі залішнія…
Але, безумоўна, каб атры­маць добры ўраджай, а потым адпаведна мець важкі прыбытак, патрэбна спачатку ў працэс вырошчвання шмат укласці. Гэта падкрэсліў у размове брыгадзір Сяргей Бяляўскі: на ўчастку, за які ён адказвае, і размешчаны бульбяныя абшары. Трэба і насенны фонд якасны забяспечыць, і пасадзіць насенне правільна і ў аптымальныя тэрміны, і ўнесці мінеральныя тукі, а потым – арганізаваць праполку, апрацаваць супраць фітафторы, іншых хвароб, шкоднікаў… Усё гэта рассветаўцы улічваюць у поўнай меры. Адсюль і рэзультат.

На адвозцы бульбы заняты малады вадзіцель  Яўген Бяляўскі

…Копка бульбы пазаўчора, калі мы наведалі “Рассвет”, вялася на ўчастку за Валосавічамі. Тут завіхаліся адразу некалькі адзінак тэхнікі. “Плацдарм” для трактароў з бульбаўборачнымі камбайнамі расчышчаў Юрый Мярэдаў, які збіваў сухое бацвінне і траву. А ўжо следам ішлі непасрэдна “бульбакопы”. На гэтым полі былі заняты 2 камбайны. За штурваламі трактароў – вопытныя механізатары Валерый Юркавец і Юрый Бяляўскі. Апошні з іх, да прыкладу, у справе бульбаводства ў гаспадарцы з 2007 года, а наогул у мехцэху “Рассвета” – ужо 30 год. Бункер за бункерам напаўняліся ў камбайны, прычэпленыя да “Беларусоў”, прыгожымі і ў асноўным буйнымі клубнямі. За працэсам пастаянна ўважліва назіраюць памочнікі, якія знаходзяцца непасрэдна на камбайне. У пары з названымі вышэй механізатарамі старанна працуюць Станіслаў Пячонка і Анатоль Дрозд. У копцы бульбы ўдзельнічаюць яшчэ 2 экіпажы, якія ў гэты дзень аператыўна ліквідавалі нязначныя паломкі тэхнікі, каб зноў выйсці ў поле. У іх саставах – Сяргей Фамін і Эдуард Фамін, а таксама Валерый Піскуноў і Юрый Нікіфіравец, якія яшчэ нядаўна разам шчыравалі на жніве і намалацілі больш за 2 тыс.т збожжа. Цяпер тым жа экіпажам ўбіраюць другі хлеб…

Уладзімір Стасюк – малады вадзіцель “Рассвета”

Пяццю аўтамашынамі свежавыкапаныя клубні адвозіліся ад камбайнаў. Адметна, што ва­дзіцелі, якія выконваюць даручаную работу на МАЗах, амаль усе – зусім маладыя хлопцы. Самы старэйшы з рулявых – Віталь Бабіч, які і сам не так даўно выдатна вызначаўся на розных работах, уваходзячы ў катэгорыю маладых вадзіцеляў. Астатнія – фактычна нядаўна папоўнілі рассветаўскую “шафёрскую” дружыну. У іх ліку – Павел Андросаў, Уладзімір Шапоткін, Уладзімір Стасюк, Яўген Бяляўскі. Апошні з названых за рулём 4-ты месяц пасля вяртання з арміі. Служыў у Бабруйску ў авіягарадку, а раней скончыў Магілёўскі агралесатэхнічны каледж імя К.П.Арлоўскага і працаваў перад службай у роднай гаспадарцы, якая таксама носіць імя нашага славутага земляка. Уладзімір Стасюк скончыў Жыліцкі сельгаскаледж. У Жылічы ён прыехаў разам з
бацькамі з далёкага Ка­зах­стана. Вельмі спадабалася сям’і ў Беларусі, тут і засталіся. А нядаўна Уладзімір перабраўся ў “Рассвет”, купіў дом, уладкаваўся на працу ў акцыянернае таварыства. Ніколькі не шкадуе…

Бульба адпраўляецца на захоўванне

А другі хлеб, дарэчы, урадзіў! Як адзначыў Сяргей Бяляўскі, у сярэднім каля 300 ц клубняў атрымліваюць рассветаўцы з кожнага гектара. І гэта пры тым, што лета сёлета было засушлівым. Асабліва радуе гатунак з прыгожай назвай “каралева Ганна” – такая бульба заняла сёлета 144 га. Таксама на мясцовых палях было пасаджана насенне правераных раней на ўраджайнасць гатункаў “мемфіс”, “сельвана”, “скарб”.
Уся бульба дастаўляецца ў сховішча, разлічанае на 3 тыс.т. Тут з ёю “распраўляецца” брыгада руплівых працаўніц з 10 чалавек. Як расказала загадчык сховішча Вольга Татарчук, дастаўленая з поля бульба выгружаецца ў прыёмны бункер, дзе яна падзяляецца на тры фракцыі. Першая – гэта рэшткі пяску, глебы, якія асыпаюцца асобна. Другая – дробныя клубні, якія адразу ж засыпаюцца ў кузаў аўтамашыны і адвозяцца на фермы гаспадаркі ў якасці корму для жывёлы. І, нарэшце, трэцяя фракцыя – самая каштоўная – буйныя клубні. Яны паступаюць спачатку на транспарцёр, дзе рабочыя ўважліва выбіраюць пашкоджаныя (калі такія сустракаюцца), а таксама выпадкова трапіўшае сухое бацвінне. Далей з дапамогай спецыяльнай тэлескапічнай стралы, якой не першы сезон умела кіруе Святлана Каўрыга, бульба засыпаецца на захоўванне ажно пад самую столь сховішча. Час яе рэалізацыі надыдзе пазней…

Святлана Каўрыга

Але ўжо і зараз продаж расветаўскай бульбы нала­джаны ў гандлёвых кропках сельгаставарыства. Фарміруе таварныя сеткі з клубнямі яшчэ адна брыгада, якая складаецца з 5 работнікаў. Тавар на прылаўках не залежваецца. Жыхары райцэнтра і не толькі гараджане спяшаюцца зра­біць запасы на зіму, і другі хлеб традыцыйна займае сярод іх адно з самых пачэсных месцаў.
Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фота аўтара.

Последние новости

Знай наших!

Воспитанники отделения велоспорта Кировской ДЮСШ пополнили медальную копилку

18 мая 2024
Читать новость
Образование

Прывіць вучням жаданне быць здаровымі

18 мая 2024
Читать новость
Прямая линия

Изучаем мнение

18 мая 2024
Читать новость
Общество

18 мая – Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту

18 мая 2024
Читать новость
В стране и мире

Лукашенко: кто стреляет в иконы и памятники, это варвары

17 мая 2024
Читать новость
Духовность

Кировчанин – в числе победителей

17 мая 2024
Читать новость
Знай наших!

На навукова-практычным форуме

17 мая 2024
Читать новость
Животноводство

Как предотвратить распространение опасных болезней животных

17 мая 2024
Читать новость
Ваше здоровье

Информационно-образовательная акция «Контролируем давление – продлеваем жизнь!»

17 мая 2024
Читать новость
Профилактика и безопасность

С 16 по 24 мая Госавтоинспекция проводит целевые мероприятия по предупреждению наездов на уязвимых участников дорожного движения

17 мая 2024
Читать новость

Рекомендуем

Актуально

Празднование Дня Победы на Кировщине (фоторепортаж)

10 мая 2024
Стрелка вверх
Общество

Сямейная пара кіраўчан Яўгенія і Вікторыі Зайцавых напярэдадні Дня сям’і падзяліліся сакрэтамі свайго шчаслівага сямейнага жыцця

15 мая 2024
Стрелка вверх
В стране и мире

Лукашенко прибыл в Москву, где примет участие в саммите ЕАЭС и посетит в День Победы военный парад

8 мая 2024
Стрелка вверх
Общество

На площади имени Кирова райцентра прошли торжества по случаю празднования Дня Государственного флага, Государственного герба, Государственного гимна Республики Беларусь

12 мая 2024
Стрелка вверх
В стране и мире

Лукашенко прибыл с государственным визитом в Азербайджан

15 мая 2024
Стрелка вверх
Кировск — здоровый город

Контролируем давление – продлеваем жизнь!

7 мая 2024
Стрелка вверх