Жыццёвы шлях даўжынёй у стагоддзе

Жыццёвы шлях  даўжынёй у стагоддзе

stolet

Менавіта такі значны юбілей адсвяткавала 5 лютага Ніна Раманаўна Бяляўская, жыхарка аграгарадка Мышкавічы, простая сялянская жанчына, і ў сваім паважаным узросце — ўжо не толькі бабуля, прабабуля, а і прапрабабуля. Яе сталыя гады сагрэты клопатам і любоўю родных і блізкіх. А ў дзень юбілею не толькі яны віншавалі віноўніцу ўрачыстасці, але і прадстаўнікі СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, сумленнай працы ў якім Ніна Раманаўна аддала шмат гадоў жыцця, Мышкавіцкага сельскага Савета дэпутатаў, раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. З падарункамі, песнямі і музыкай завіталі яны да юбіляршы, а жыве яна зараз у дачкі Веры Цімафееўны. З добрай усмешкай і спагадай       успрымала гэтую да сябе ўвагу Ніна Раманаўна. Павіншаваў старэйшую жыхарку раёна і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Ставер. Ёсць прымаўка: чалавечы век кароткі. Але, згадзіцеся, век не можа быць кароткім. У век жыцця Ніны Раманаўны, пачынаючы з 1914 года, калі яна з’явілася на свет, умясцілася шмат самых розных падзей, часам пераломных для жыцця грамадства, якія не маглі не адбіцца на лёсе кожнага чалавека, нават у “глыбінцы”.
Нарадзілася Ніна ў в.Старыя Дваранінавічы, змалку зведала салёны пот сялянскай працы. Выйшла замуж за цейкавіцкага хлопца Цімафея Бяляўскага, і сталі маладыя жыць у Цейкавічах. У 1939 годзе нарадзіўся іх першынец — дачка Валя.  А ў студзені 1941-га з’явілася на свет другая дачушка Вера. Здавалася б, жыць маладой сям’і ды радавацца, гадуючы дзяцей. Толькі ўсе планы, мары і надзеі парушыла вайна.

Муж пайшоў на фронт, больш родныя яго не пабачылі: ён загінуў.
Потым доўга прыйшлося дазнавацца, дзе ён пахаваны, дасылалі пісьмы ўсюды, куды магчыма, і нарэшце атрымалі адказ, што Цімафей Васільевіч Бяляўскі пахаваны ў брацкай магіле ў расійскім горадзе Вялікія Лукі. Яго прозвішча ёсць на стэле Мемарыяла славы воінам-вызваліцелям у Мыш-кавічах, і родныя свята шануюць памяць аб ім.
Ніна Раманаўна больш не выйшла замуж, так удавой і жыла, гадуючы дзвюх дачок. Працавала даяркай на малочна-таварнай ферме ў тагачасным калгасе “Рассвет”. Сумленная, працавітая, на рабоце і ў кіраўніцтва гаспадаркі заўжды ў пашане была. Зранку і да позняга часу ўпраўлялася з рагулямі. А калі выйшла на заслужаны адпачынак, працягвала працаваць — ужо ў паляводчай брыгадзе. Дапамагала расціць і ўнукаў, і праўнукаў…
Незагоенай душэўнай ранай стала смерць старэйшай дачкі Валянціны ў 1998 годзе. І толькі цеплыня, шчырасць блізкіх людзей заўжды сагравалі і давалі сілы ў жыцці. А ў Ніны Раманаўны чатыры ўнукі, сем праўнукаў і зараз ужо дзве прапраўнучкі.
Як адзначыла ў нашай размове адна з яе ўнучак, названая ў гонар бабулі, Ніна Сяргееўна Бяляўская, якая працуе ў пашывачным цэху “Рассвета”, у дзяцінстве яны вельмі любілі ездзіць да бабулі ў Цейкавічы. Тут заўжды было весела, хадзілі ў лес за грыбамі, ягадамі, купаліся ў возеры. Зразумела, дапамагалі бабулі ў агародзе. У яе гасцінным доме асабліва людна было ў праводны тыдзень, на Радаўніцу, калі ўсе члены сям’і, якія дзесьці працавалі, вучыліся, знаходзілі магчымасць прыехаць. І з самай дарагой душой сустракала іх Ніна Раманаўна.
Ніна Сяргееўна, гаворачы аб сакрэце доўгажыхарства сваёй бабулі, назвала галоўным тое, што ў яе характары заўсёды пераважалі дабрыня, раўнавага, памяркоўнасць. Колькі памятае ўнучка, у сваім жыцці Ніна Раманаўна ніколі нікуды не спяшалася, усе пытанні і праблемы вырашала спакойна, цярпліва, “без нерваў”. Лішняга слова ніколі не скажа — маўляў, каб не пакрыўдзіць каго. “Прабачце, калі нешта не так сказала…” — і зараз заўсёды дадае да сваіх слоў бабуля.
Калі надышлі сталыя гады, Ніна Раманаўна з дапамогай родных стараецца клапаціцца аб сваім здароўі, каб не прыносіць ім зашмат клопатаў. А яны вельмі ўдзячныя медработнікам, якія, калі ўзнікаюць нейкія праблемы са здароўем бабулі, па першаму выкліку спяшаюцца на дапамогу. Гэта Вольга Зарубава і Таццяна Юркавец з Мышкавіцкага ФАПа, участковы ўрач-тэрапеўт Дзмітрый Варацілкін, урач-неўрапатолаг Уладзімір Журневіч.  “Дзякуючы ім, бабуля змагаецца са сваімі “балячкамі”, — адзначыла Ніна Сяргееўна. — Ну, і зразумела, дзякуючы догляду і ўвазе да яе маёй маці, а яе дачкі, цеплыні з боку ўсіх нас. Каб пражыць столькі год — без гэтага ніяк…”
Наталля
Сакольская.

Последние новости

Прямая линия

26 мая пройдет единая прямая телефонная линия по вопросам летней трудовой занятости

19 мая 2026
Читать новость
Прямая линия

21 мая пройдет заседание комиссии по координации работы и содействию занятости населения

19 мая 2026
Читать новость
Актуально

Лукашенко: потенциал Беларуси и Свердловской области России позволяет удвоить товарооборот

19 мая 2026
Читать новость
Общество

Фотоподборка «Дыхание весеннего неба»

19 мая 2026
Читать новость
Молодежная политика

В Бобруйске прошёл областной семинар-практикум «Молодёжная политика в современных условиях»

18 мая 2026
Читать новость
Актуально

Военный арсенал, кадры, международные встречи и проповедник из США. Итоги недели Президента

18 мая 2026
Читать новость