Жыхары Кіраўшчыны працягваюць дзяліцца меркаваннямі аб дзяржаўным свяце – Дні народнага адзінства


Марына САМОЙЛАВА, кіраўчанка, мнагадзетная маці:
– У календары дзяржаўных святаў нашай краіны з’явілася новая дата – Дзень народнага адзінства. Ужо сама гэтая назва сведчыць пра тое, што галоўная ідэя Дня – яшчэ раз нагадаць беларусам, што мы павінны быць адзінымі ў сваёй любові да Радзімы, да захавання нашай гісторыі, памяці, традыцый.
Падзеі жніўня 2020 года ў чарговы раз прадэманстравалі, наколькі крохкім можа быць мір і спакой на вуліцах нашых гарадоў, як у адно імгненне бурацца добрыя адносіны паміж блізкімі людзьмі, сябрамі, знаёмымі, як пад уплывам экстрэмістаў у некаторых грамадзян мяняюцца ідэалы, як перапісваецца гісторыя.
Беларусы заўсёды былі шчырай, адкрытай і дружалюбнай нацыяй. Наш народ ніколі не прадпрымаў нават спробы прэтэндаваць на тэрыторыі суседніх краін, а вось з мэтай абароны сваёй зямлі ад ворага давялося не аднойчы браць зброю ў рукі. І перамога савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне – яскравы прыклад таго, што толькі аб’яднаўшыся, толькі разам можна захаваць незалежнасць і мірнае неба над галавой.
Як маці, ведаю, што дзеці – вельмі шчырыя і адкрытыя, не заўсёды яны могуць зрабіць правільны аналіз той інфармацыі, якую атрымліваюць з інтэрнэта. Таму мы, дарослыя, павінны аб’яднаць свае намаганні ў выхаванні сваіх дзяцей патрыётамі краіны, трэба навучыць іх цаніць мірнае неба над галавой, шанаваць і прымнажаць здабыткі старэйшых пакаленняў. Дзень народнага адзінства – яшчэ адна магчымасць нагадаць нашай моладзі пра тое, што самае каштоўнае – гэта жыць у свабоднай краіне, мець права вучыцца, працаваць, займацца любімай справай, ажыццяўляць свае мары, а галоўнае – быць паўнапраўнымі грамадзянамі ў сваёй дзяржаве.