Дзякуй героям за мірнае жыццё
Вяртаючыся аднойчы з Магілёва, спынілі аўтамабіль на ўзбочыне, непадалёку ад нас перад вачамі была панарама славутага Буйніцкага поля.
Сёлета – 80 год з пачатку Вялікай Айчыннай вайны і гераічнай абароны Магілёва. У памяці ўсплылі фотаздымкі падбітых нямецкіх танкаў: іх сфатаграфаваў фотакарэспандэнт Трошкін, які разам з Канстанцінам Сіманавым быў тут на полі бою ў ліпені 1941 года. Падчас такіх успамінаў ячшэ раз пераконваешся ў каштоўнасці і значнасці для кожнага з нас Айчыны…
Мяняюцца час і арыенціры, аднак, нязменным застаецца людская памяць аб усіх і ўсім, каму давялося перажыць жахі Вялікай Айчыннай вайны. Тыя трагічныя падзеі, што адбываліся на нашай шматпакутнай зямлі, выклікаюць у беларусаў адчуванне болю, але ў апошні час мы адчуваем крыўду за тое, што нехта мае намер перапісаць гісторыю, перакруціць тыя ці іншыя факты.
Вайна і прыйшоўшыя з ёй бяда і гора правяралі людзей на трываласць, адданасць роднай зямлі і Радзіме. І ў гэтых нататках хацелася б на прыкладзе дзвюх сем’яў з в.Ахоцічы нашага раёна распавесці, як паводзілі сябе людзі ў той складаны і цяжкі для Айчыны час.
… Сям’я Лукі Русакевіча была вялікай – дзевяць чалавек. Жылі дружна, старанна працавалі, гадавалі дзяцей. Але здарылася вайна.
Калі вораг акупіраваў тэрыторыю раёна, моладзь яшчэ не паспелі мабілізаваць: сярод іх былі і два сыны Русакевіча – Анісім і Іван, яшчэ двое былі непаўналетнімі.
Былы салдат Лука Русакевіч ведаў звычкі немцаў: даводзілася сустракацца з імі яшчэ ў Першую сусветную вайну. Ён па магчымасці схаваў усё, што магло трапіць на вочы фашыстам. Тое самае параіў зрабіць і аднавяскоўцам.
Калі акупанты прапанавалі яму і далей працаваць лесніком, пагадзіўся. Многія сяльчане асудзілі Луку за гэты ўчынак, але большасць не паверыла, што ён пачаў служыць фашыстам. Як аказалася, пасада лесніка была своеасаблівай маскіроўкай. Леснікі Русакевіч, Ханяк і аб’ездчык Шчэрбіч змагаліся з ворагам па-свойму. Так, Лука Вікенцьевіч часцяком выводзіў чырвонаармейцаў, іх групы, а іншым часам і цэлыя падраздзяленні з акружэння, пераводзіў іх за Друць, да Дняпра. Арганізаваў свайго роду лазарэт, дзе сам лячыў параненых, дапамагаў ім дабрацца да сваіх.
Пазней Лука Русакевіч стаў разведчыкам першага створанага на тэрыторыі Кіраўскага раёна партызанскага атрада №620 імя В.І.Чапаева. І пры гэтым ён не пакідаў пасаду лесніка, каб не выклікаць падазрэнняў, мець магчымасць дапамагаць сваім людзям.
Яго сыны Анісім і Іван спачатку падтрымлівалі сувязь з партызанамі, а вясной 1942 года былі залічаны ў партызанскі атрад. Партызанілі і малодшыя дзеці Лукі – 16-гадовы Максім і 14-гадовы Яўген.
… Да вайны Астап Міхалап не карыстаўся аўтарытэтам сярод аднавяскоўцаў: на працы быў не ў першых радах, любіў больш пабалбатаць. Сям’я – немаленькая, але дастатку асаблівага не было.
У першую сусветную вайну ён быў салдатам царскай арміі, у Аўгустоўскіх лясах трапіў да немцаў у палон. Дадому вярнуўся толькі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, добра гаварыў па-нямецку. Бывала, расхваляў нямецкія парадкі, дысцыпліну, сельскую гаспадарку.
Калі ў Ахоцічах з’явіліся нямецкія салдаты, першым да іх пайшоў Астап Міхалап. За гэта аднавяскоўцы пачалі яго клікаць “нямецкім сабакам”. Калі ў вёску прыехалі акупацыйныя ўлады, каб прызначыць старасту, лепшай кандыдатуры чым Міхалап, яны не знайшлі. З першых дзён з новым “начальнікам” аднавяскоўцы імкнуліся не размаўляць.
Але, як высветлілася пазней, веданне нямецкай мовы і служба на немцаў не аднойчы дапамагалі Астапу адвесці бяду ад аднавяскоўцаў і партызан. Не пакідаў ён без дапамогі і сем’і чырвонаармейцаў.
Двое сыноў Астапа знаходзіліся на фронце, дваіх ён, не задумваючыся, адправіў у партызаны.
Да самай гібелі, а здарылася гэта ў ліпені 1942 года, Астап Міхалап заставаўся сапраўдным патрыётам сваёй Айчыны. У тыя гарачыя ліпеньскія дні эсэсаўцы схапілі больш дзесяці мясцовых жыхароў, сярод іх аказаліся Астап Міхалап і Лука Русакевіч. Яны загінулі ад рук фашыстаў…
Вайна – гэта заўсёды страшна: гінуць нявінныя людзі, дзеці, знішчаецца ўсё, што ствараецца плённай працай многіх пакаленняў.
Кожны раз, узгадваючы незабыўныя даты ў гісторыі нашага народа, мы павінны ўспамінаць герояў Айчыны, каму мы абавязаны мірным жыццём.
Аляксандр Дзмітрыеў.