Темы

Першыя хрысціяне Кіраўшчыны

Першыя хрысціяне Кіраўшчыны

Крест

Сваімі меркаваннямі аб тым, калі з’явіліся першыя хрысціяне на Кіраўшчыне, падзялілася з наведвальнікамі нашага сайта Марыя Савельева з аг.Барчыцы.

З часоў хрышчэння князем Уладзімірам Русі мінула ўжо 1029 год. У наступным годзе вернікі будуць адзначаць чарговы юбілей гэтай памятнай даты. Але любы чалавек, які цікавіцца гісторыяй, разумее, што хрысціць усю Русь у адно імгненне было немагчыма, простыя людзі не маглі адразу адмовіцца ад сваіх ранейшых багоў і ідалаў. 

Калі я сутыкнулася з гэтай тэмай падчас падрыхтоўкі да выпускнога экзамена па гісторыі Беларусі, у мяне ўзнікла заканамернае пытанне: калі Кіраўшчына стала хрысціянскім краем, калі нашы далёкія продкі пачалі верыць у Хрыста і ці можна вызначыць канкрэтную мяжу паміж хрысціянствам і паганствам?
У раннім Сярэднявеччы тэрыторыю нашага раёна насяляла ўсходнеславянскае племя дрыгавічоў. Яны пакінулі на нашай зямлі шматлікія помнікі, самымі, бадай, інфарматыўнымі з якіх з’яўляюцца курганныя могільнікі. Самыя буйныя з апісаных навукоўцамі курганныя могільнікі дрыгавічоў у раёне, якія налічвалі больш за 100 насыпаў, знаходзіліся каля вёсак Валосавічы і Любонічы. Менавіта па матэрыялах іх раскопак стала магчымым судзіць аб прыняцці дрыгавічамі хрысціянскіх традыцый. Да сярэдзіны Х стагоддзя ў гэтых могільніках бытаваў абрад крэмацыі, калі нябожчыка спачатку спальвалі, а потым рэшткі збіралі ў гаршчок-урну і хавалі ў кургане. А з сярэдзіны Х стагоддзя з’явіўся новы абрад – інгумацыя. Яго змест заключаецца ў тым, што калі чалавек паміраў, то яго больш не спальвалі, а проста, часам у берасцяных трунах, хавалі ў кургане. Вось тут і вызначаецца першая прыкмета таго, што хрысціянства пачало браць верх над паганствам, бо менавіта царква забараняла спальваць нябожчыкаў. Чаму? Ды таму, што калі спаліць цела, то хто ўваскрэсне ў час другога прышэсця і паўстане перад Боскім судом? Але нават нягледзячы на пранікненне хрысціянскіх поглядаў у пахавальны абрад дрыгавічоў нельга казаць, што ўсе яны сталі вернікамі. Канчаткова аб выцясненні паганства можна казаць толькі ў ХІІІ стагоддзі, калі звычай насыпаць курган над магілай памерлага зышоў у нябыт, і вылізныя насыпы ператварыліся ў невялічкія ўзгоркі, якія насыпаюць і сёння. Такім чынам, 988 год – гэта сімвалічная дата, пачатак адліку хрысціянства ў Кіеве, у той час як у аддаленых ад сталіцы раёнах Русі яшчэ доўга бытавалі паганскія звычаі.
На жаль, помнікі археалогіі няспынна знікаюць з твару кіраўскай зямлі, як і па ўсёй Беларусі, а інфармацыю аб іх мы атрымліваем з цыдулак навукоўцаў, якім больш за сто гадоў. Помнікі разбураюцца падчас натуральных прыродных працэсаў, ад рук аграрыяў і так званых “чорных капацеляў”. Ужо сёння нават старажылы вёскі Любонічы не могуць прыгадаць, дзе знаходзіўся адзін з буйнейшых дрыгавіцкіх могільнікаў на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Ад яго засталася бадай толькі назва суседняй вёскі – Курганы.
Калі не прадпрымаць дзеянняў у напрамку больш пільнай абароны помнікаў гісторыі, то можа стацца так, што новай інфармацыі аб нашай старажытнасці мы атрымаць ужо не зможам. Таму кожнаму з нас неабходна зрабіць усе, што ад нас залежыць, каб захаваць гістарычную спадчыну для нашчадкаў.

Последние новости

Актуально

Августовская педагогическая конференция

28 августа 2026
Читать новость
Безопасность жизнедеятельности

Опасный макияж: шаг до трагедии

28 августа 2026
Читать новость
Знай наших!

Скрыжавалі ракеткі

28 августа 2026
Читать новость
Физкультура и спорт

Триумф на велотрассе

28 августа 2026
Читать новость
Знай наших!

Прафесія, ад якой залежыць жыццё

28 августа 2026
Читать новость
Безопасность жизнедеятельности

Как защитить телефон?

28 августа 2026
Читать новость