Темы

«Арлоўскія замянілі мне бацькоў». 90-гадовая юбілярша з Мышкавіч Валянціна Рудакова падзялілася ўспамінамі пра легендарнага кіраўніка і чалавека

«Арлоўскія замянілі мне бацькоў». 90-гадовая юбілярша з Мышкавіч Валянціна Рудакова падзялілася ўспамінамі пра легендарнага кіраўніка і чалавека

У адзін з лістападаўскіх дзён журналісты “Кіраўца” наведаліся да жыхаркі аг.Мышкавічы Валянціны Рудаковай, прыёмнай дачкі нашага знакамітага земляка К.П.Арлоўскага. Падстава для сустрэчы была важная – Валянціна Кірылаўна адзначала 90-гадовы юбілей. У той дзень яна прымала шматлікія віншаванні ад родных, з падарункамі і кветкамі ад дырэкцыі ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” да юбіляршы завітала намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Наталля Шапавалава.


Юбілярша Валянціна Кірылаўна Рудакова прымае падарункі і кветкі ад дырэкцыі ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”, якія ўручыла намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Наталля Шапавалава.

Валянціна Рудакова жыве ў Мышкавічах, у доме, які ў свой час быў пабудаваны
(і дзе ён жыў) для вядомага на ўвесь былы Савецкі Саюз старшыні калгаса “Рассвет” К.П.Арлоўскага. Так склаўся лёс, што жыццё жанчыны ў нейкі момант стала цесна звязана з Кірылам Пракопавічам і яго жонкай Таццянай Васільеўнай, за што Валянціна Кірылаўна вельмі ўдзячная Богу, бо ўпэўнена, што без дапамогі і падтрымкі гэтай сям’і не давялося б ёй сустракаць такі значны жыццёвы юбілей…
У 1930 годзе ў Кірылы і Наталлі Котавых з Цейкавіч нарадзілася дачушка, якую назвалі Валяй. Сям’я была вялікая: гадавалася ў ёй чацвёра дзяцей. Бацькі з раніцы і да змяркання працавалі, каб пракарміць малых, з дзяцінства і рабят прывучалі дапамагаць па хатняй гаспадарцы.
1941 год для Валянціны і яе родных стаў вельмі трагічным. Пачалася Вялікая Айчынная вайна, фашысцкія карнікі акупіравалі раён, голад і страх быць забітымі вельмі палохалі. А 7 ліпеня таго ж года Валя з сястрой і братамі страцілі самага любімага чалавека: нечакана памёрла матуля. Чацвёра дзяцей засталіся з бацькам. Калі ішлі баі за вызваленне раёна, немцы спалілі дом Котавых, жылля ў той дзень пазбавіліся многія жыхары Цейкавіч. Жылі яны ў склепе. У 1944 годзе сям’ю Котавых напаткала яшчэ адно непапраўнае гора – памёр баць­ка. Дзеці засталіся круглымі сіротамі.
Аднойчы Кірыла Пракопавіч Арлоўскі з жонкай Таццянай Васільеўнай, якая з’яўлялася роднай цёткай Валі (матуліна сястра), запрасілі яе да сябе ў госці і прапанавалі пажыць з імі, дапамагаць па хатняй гаспадарцы. Шчасце 15-гадовай дзяўчынкі было бязмерным: яна зноў займела сям’ю.
Валюша была стараннай і паслухмянай, дапамагала Арлоўскім ва ўсім: палола агарод, наводзіла чысціню ў доме, гатавала. У 16 гадоў яна папрасіла Кірылу Пракопавіча дазволіць ёй пайсці працаваць на ферму. Маладой дзяўчыне даверылі найбольш адказны ўчастак – яна даглядала нованароджаных цялят ад высокапрадукцыйных кароў, якіх прывозілі ў калгас з розных куткоў былога Савецкага Саюза. Гадаванцы, па словах Валянціны Кірылаўны, былі для яе нібыта родныя дзеці: кожнага з соскі паіла, потым прывучала піць з вядра, перажывала, калі якое цяля захварэе. Усё блізка ўспрымала да сэрца.
За кожную галаву жывёлы цялятніца несла персанальную адказнасць: Кірыла Пракопавіч вельмі строга ставіўся да пытання захавання і павелічэння грамадскага статка. І Валянціна ніводнага разу яго не падвяла: у яе групе, дзе ўтрымлівалася 35 цялят, была стопрацэнтная захаванасць. За такую добрасумленную працу ў 1958 годзе цялятніца была ўзнагароджана ордэнам “Знак Пашаны”, не аднойчы была адзначана кіраўніцтвам калгаса.

Валянціна Рудакова (першая злева) падчас адпачынку ў Кіславодску.

Жанчына з усмешкай успом­ніла выпадак, калі аднойчы ёй трэба было прайсці лячэнне, сваіх гадаванцаў яна даверыла толькі мужу, які часова перайшоў на яе працоўнае месца.
Жыццё ў доме Арлоўскага і цёткі Таццяны Валянціна Кірылаўна ўспамінае з цеплынёй у голасе: яны замянілі ёй бацькоў, клапаціліся пра яе, як пра родную. У яе было самае прыгожае і моднае адзенне, якое Арлоўскія прывозілі з розных паездак.
У доме Валянціны Кірылаўны на ганаровым месцы стаіць фотаздымак маленькай дзяўчынкі з Кірылам Пракопавічам Арлоўскім. Аказалася, што на фота – яе дачка Таццяна. У свой час яго зрабіў фотакарэспандэнт газеты, якіх да вядомага старшыні калгаса прыязджала мноства.
Дарэчы, у Таццяны Міка­лаеў­ны шмат прыемных успамінаў пра дзядулю, якім яна лічыла Кірылу Пракопавіча. Нягледзячы на даволі строгі і патрабавальны характар, дзяцей ён вельмі любіў. Пляменнікі жонкі былі для яго як родныя. Кожны раз, вяртаючыся са шматлікіх камандзіровак, ён абавязкова вёз ім гасцінцы, а дзятва чакала яго вяртання побач з домам на лавачцы.
Памятае жанчына і частыя сустрэчы Кірылы Пракопавіча са школьнікамі. Падчас адной з іх, калі яна вучылася ў 4 класе, ён паабяцаў рабятам, што праз год яны будуць навучацца ў прыгожай, прасторнай новай школе, дзе пабудуюць спартыўную залу, сталовую, светлыя класы. Школьнікі ўважліва слухалі, але ім было складана ўявіць, што такое хутка спраўдзіцца. Але Арлоўскі стрымаў сваё слова, у пяты клас Таццяна з аднакласнікамі, а таксама сотні мышкавіцкіх рабят пайшлі ў новую школу, на будаўніцтва якой былі выкарыстаны і ўласныя грошы старшыні калгаса.
Менавіта дзякуючы Кірылу Пракопавічу, упэўнена Ва­лян­ціна Кірылаўна, яна жыве такое доўгае жыццё. Яшчэ ў маладосці, калі цяжка захва­рэла, пабывала на прыёме ў вялікай колькасці ўрачоў, але паставіць правільны дыягназ і назначыць ёй лячэнне ніхто не мог. Здароўе з кожным днём станавілася ўсё горш, і Кірыла Арлоўскі вырашыў везці Валю ў Маскву. Там за некалькі гадзін ёй поўнасцю правялі абследаванне і паставілі несуцяшальны дыягназ – няўроз сэрца. Там жа ў сталіцы купілі ўсе неабходныя лекі, і Валянціна нібыта нанава нарадзілася… Разам з Арлоўскімі яна неаднойчы пабывала на адпачынку ў санаторыях, дзе і падмацавала здароўе так, што сэрца і да цяперашняга часу не турбуе болем.

Дачка Валянціны Рудаковай Таццяна Мікалаеўна з партрэтам, на якім яна ў 5-гадовым узросце з К.П.Арлоўскім.

Сваё сямейнае шчасце Валянціна Рудакова пачала будаваць у 1951 годзе, калі выйшла замуж за мясцовага хлопца Мікалая. Вяселле маладыя згулялі ў доме Арлоўскага, пра святочны стол таксама паклапаціўся Кірыла Пракопавіч з жонкай. Але галоўным падарункам стала ўласнае жыллё для маладых. Справа ў тым, што Кірыла Арлоўскі па суседстве з домам, дзе жыў, пабудаваў сабе новы, блочны, а гэты за сімвалічную плату, як таго патрабавала дамоўленасць у калгасе, выкупілі Рудаковы. У гэтым доме, дзе прайшлі шчаслівыя гады яе юнацтва, сямейнага жыцця, Валянціна Кірылаўна жыве і зараз.
Разам з мужам Мікалаем Васільевічам яны выхавалі двух дзяцей: дачку і сына, дапамаглі ім стаць “на ногі”, выгадавалі ўнукаў.
Гаспадар дома ўсё жыццё адпрацаваў у калгасе сталяром. Яго вырабы з драўніны і дагэтуль прыносяць карысць многім гаспадыням. Чаго толькі ён ні майстраваў: у свой час у калгасным санаторыі была дзяжа для выпечкі хлеба, якую зрабіў Васільевіч, як яго паважліва называлі аднавяскоўцы. У доме таксама ўсё зроблена яго рукамі, і дагэтуль ёсць рэчы, якімі Рудаковы карыстаюцца ў хатняй гаспадарцы.
Не без гонару Валянціна Кірылаўна адзначае, што адзін з яе ўнукаў пайшоў па дзедавых слядах: юнак атрымаў спецыяльнасць сталяра-чыр­вонадрэўшчыка і вырабляе з натуральнага прыроднага матэрыялу прыгожыя рэчы.
Мікалая Васільевіча не стала ў 2014 годзе, для жанчыны гэта – бясконцы боль. Успаміны пра мужа заўсёды выклікаюць на яе вачах слёзы…
Валянціна Кірылаўна лічыць сябе вельмі шчаслівым чалавекам: удзячная лёсу за тое, што ў яе быў такі цудоўны муж, а ў дзяцей – клапатлівы бацька, які з’яўляўся падтрымкай і апорай ва ўсім.
Зараз жанчына агорнута ўвагай і клопатам дзяцей і ўнукаў. Дачка Таццяна з мужам жывуць у Бабруйску, але практычна ўвесь час знаходзяцца ў Мышкавічах, даглядаюць Валянціну Кірылаўну. Таццяна Мікалаеўна 40 год свайго працоўнага жыцця прысвяціла галіне аховы здароўя. Зараз строга назірае за здароўем матулі. Сын з сям’ёй жыве ў Мінску, яны таксама частыя госці ў яе доме.
На пытанне, ў чым жа сакрэт яе даўгалецця, Валянціна Кірылаўна сціпла адзначае, што ніякіх асаблівых парад у яе няма, проста трэба радавацца кожнаму новаму дню, з павагай ставіцца да людзей, з любоўю – да родных, праца­ваць з душой і жыць у гармоніі з навакольным светам. А яшчэ, упэўнена жанчына, не так важна, колькі год чалавек пражыве, а важна – як, які след пакіне пасля сябе, якую памяць…
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА
і з сямейнага архіва.

Последние новости

Актуально

В Кировске прошел районный выпускной вечер — большой фоторепортаж

12 июня 2026
Читать новость
Актуально

Пётр Яцкевич — ветеран труда ОАО «Рассвет им. К.П.Орловского» даёт совет молодым аграриям

12 июня 2026
Читать новость
Актуально

«Беларусь помнит. Помним каждого». Как реализуют проект школьники Кировского района

12 июня 2026
Читать новость
Сельское хозяйство

Сенокосная страда в СХФ «Чигиринка»

12 июня 2026
Читать новость
Актуально

Юные кировчане приняли участие в III региональном художественном конкурсе «РЭХА ПЕРАМОГІ. Ажыўшыя лісты вайны»

12 июня 2026
Читать новость
Актуально

Конкурс для молодых семей «Властелин села-2026» состоится 16 июня

12 июня 2026
Читать новость