Яе шлях – праца і клопат

“З самай раніцы я іду ў кароўнік, дзе мяне ўжо чакаюць падапечныя – рагулі. Для мяне кожная з іх –
не проста жывёла. Каровы, як дзеці, пра якіх неабходна клапаціцца, як пра члена сям’і”, – дзеліцца ўражаннямі аб сваёй рабоце Ганна Пятроўна. Дарэчы, усе даяркі, пра якіх нам даводзілася рабіць матэрыялы, сцвярджаюць, што ўменне знайсці падыход да кожнай каровы і стварыць камфортныя ўмовы для дойкі – важныя складальнікі паспяховай працы.
“Дойка пачынаецца з падрыхтоўкі: старанна сочым за чысцінёй і гігіенай жывёлы, апрацоўваем вымя, каб прадухіліць захворванні. Пасля гэтага пачынаецца сам працэс даення – праца руцінная, якая патрабуе высокай канцэнтрацыі, увагі, бо ад здароўя і стану каровы напрамую залежыць якасць малака, якое мы атрымліваем”, – прадоўжыла расказ даярка.
У штогадовым раённым спаборніцтве сярод калектываў аператараў машыннага даення ў лінейны малакаправод Ганна Ганчарова сёлета заняла першае месца. Пры падвядзенні вынікаў ацэньваўся аб’ём надою, тлустасць малака, выкананне тэхналагічных стандартаў, догляд за жывёлай і іншае. За ёй замацавана 184 галавы БРЖ. Валавы надой за дзесяць месяцаў бягучага года склаў 719929 кг малака.
Нельга сказаць, што выбар прафесіі для Ганны Пятроўны быў выпадковым. Яна нарадзілася
ў Добасне, пасля школы вучылася ў Кіраўскім ліцэі №15. Даіць кароў, клапаціцца пра жывёлу для яе сям’і – справа радавая: бабуля і маці былі даяркамі, працавалі ў гэтай жа гаспадарцы, таму з працэсам даення кароў жанчына была знаёма з дзяцінства. Спачатку яна ўладкавалася лабарантам, а затым перайшла аператарам машыннага даення. Праца даяркі складаная і адказная. Патрэбны акуратнасць, вытрымка і любоў да жывёлы. Дарэчы, у хатняй гаспадарцы Ганчаровых таксама ёсць кароўка, і падаіць яе гаспадыня не давярае нікому акрамя мужа. Вадзім Мікалаевіч працуе механізатарам у гэтым жа сельгаспрадпрыемстве. І калі жонка на працы, падмяняе яе па хатняй гаспадарцы.
У сям’і Ганчаровых трое дзяцей: Кірыл, Яраслаў і Лізавета. Старэйшы сын ужо працуе юрыстам у КСУП “Барчыцы-агра”, сярэдні – сямікласнік, малодшая – вучаніца чацвёртага класа.
Ганна Ганчарова зараз працуе на новым малочнатаварным комплексе “Пясцова”. Ён быў пабудаваны ў мінулым годзе, і стаў трэцім такім праектам, рэалізаваным у раёне ў рамках Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №442 “Аб будаўніцтве (рэканструкцыі) малочнатаварных комплексаў”. Новыя памяшканні, сучаснае абсталяванне і арганізацыя працы змянілі будні даярак. “Вядома, шчыраваць на новай ферме камфортна, – расказвае Ганна Пятроўна. – Не трэба раздаваць камбікорм уручную, дзейнічае аўтаматычная сістэма гноевыдалення, устаноўлены сучасныя даільныя апараты, добраўпарадкавана тэрыторыя. Бытавыя ўмовы на ферме сталі лепшымі, і заработная плата вышэйшая”.
У гісторыі працы Ганны Ганчаровай прыклад таго, як традыцыя сустракаецца з мадэрнізацыяй: шматгадовыя навыкі, перададзеныя ёй ад бабулі і маці, зараз прымяняюцца на новым высокатэхналагічным комплексе. І ў гэтым спалучэнні – упэўненасць у заўтрашнім дні: тэхналогіі аблягчаюць руцінную працу, а чалавек застаецца цэнтрам працэсу, гарантам якасці і душой сельскагаспадарчай вытворчасці. Менавіта такія працаўнікі, як Ганна Ганчарова, умацоўваюць харчовую бяспеку, уносяць уклад у эканоміку і выхаванне новага пакалення, перадаючы дзецям павагу да працы і зямлі.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота аўтара.