Каб такое ніколі не паўтарылася…



– Складана падабраць словы, настолькі ўражвае мемарыяльны комплекс. Усё зроблена манументальна і без усялякага пафасу. Упэўнены, што скульптурныя кампазіцыі нікога не пакідаюць раўнадушным. Трагедыю, якая адбылася ў Борках, трэба памятаць. Важна як мага часцей прыводзіць сюды дзяцей, каб кожны, прачытаўшы ўспаміны на рэштках увасобленых тут сцен спаленых фашыстамі хат, усвядоміў, як усё было. І назаўсёды зразумеў, наколькі каштоўныя мір і спакой на зямлі, і што трэба рабіць усё магчымае, каб такое ніколі не паўтарылася…

– Боркі – свяшчэннае месца для кіраўчан. Пра жудасную трагедыю, якая адбылася тут 15 чэрвеня 1942 года, ведае кожны. І яна заўжды будзе нагадваць пра ахвяры фашызму на беларускай зямлі, пра тыя вёскі, якія спалілі гітлераўцы разам з жыхарамі.
Адрэстраўраваны мемарыяльны комплекс кранае душу, уражвае сваімі маштабамі. Сімвалічна, што ён адкрыты ў год 75-годдзя Вялікай Перамогі.
Ганаруся, што прымаў удзел у закладцы Парка памяці ў Борках. Няхай дрэвы растуць пад мірным небам, увасабляючы сабой жыццё.
На цырымоніі адкрыцця мемарыяльнага комплексу наш Прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка падкрэсліў, што фашызм, нянавісць пад знамёнамі дэмакратыі беларусы на сваёй зямлі не прапусцяць. Сапраўды, у цяперашні неспакойны час нам разам трэба рабіць усё магчымае, каб зберагчы мір і спакой у нашай суверэннай і незалежнай Беларусі.

– Сёння мы з прадстаўнікамі нашай раённай арганізацыі БРСМ мелі вялікі гонар прысутнічаць на цырымоніі адкрыцця мемерыяльнага комплексу “Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці” з удзелам Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Атрымалі незабыўныя ўражанні ад выступлення Прэзідэнта. У прыватнасці, ён падкрэсліў вялікую значнасць такіх мемарыялаў для выхавання новых пакаленняў. Сапраўды, вельмі важна перадаць ім памяць не толькі пра подзвігі продкаў, але і пра боль, які зрабіў наш народ моцным, навучыў берагчы мір.
Сённяшняе маладое пакаленне разумее, якой цаной заваявана наша шчасце. Мы схіляем галовы перад памяццю нявінных ахвяр фашызму. Наша задача – свята захоўваць слаўную гісторыю сваёй краіны і свайго народа, працягваць традыцыі старэйшага пакалення, працаваць на карысць працвітання роднай Беларусі.

– Можна толькі здзіўляцца, наколькі душэўна падышлі стваральнікі мемарыяльнага комплексу да сваёй работы. Сэрца сціскаецца ад болю, калі праходзіш па “дарозе смерці” і глядзіш на скульптурныя кампазіцыі. Усё зроблена дзеля таго, каб нашы ўнукі, праўнукі, наступныя пакаленні маглі пакланіцца памяці людзей, нявінна загубленых тут фашысцкімі акупантамі. І разумелі, наколькі страшная вайна, і бераглі мір і спакой.
Фота Наталлі Хадаковай.




