Раённы конкурс “Самы класны класны!”, які сабраў яркіх, ініцыятыўных і таленавітых педагогаў

Класны кіраўнік… Гэта сувязнае звяно паміж сям’ёй і школай, паміж дзяцінствам і дарослым жыццём, паміж падлеткавым хаосам пошукаў і спробай зразумець сябе. Ён адначасова псіхолаг, дыпламат, настаўнік, слухач… Наколькі важная і шматгранная роля класнага кіраўніка
ў сучаснай школе, паказаў раённы конкурс “Самы класны класны!”, які сабраў яркіх, ініцыятыўных і таленавітых педагогаў.

За званне лепшага класнага кіраўніка змагаліся шэсць удзельнікаў, якія прайшлі адбор спачатку на школьным, затым на раённым завочным этапе. Конкурс дазволіў раскрыць асобу, прафесійныя кампетэнцыі і творчы патэнцыял педагогаў.
На школьным этапе класныя кіраўнікі прадэманстравалі свае дасягненні ў выхаваўчай рабоце, дзяліліся вопытам ўзаемадзеяння з дзецьмі і бацькамі. Лепшыя члены педагагічных калектываў прадстаўлялі свае ўстановы адукацыі на раённым этапе.
Завочны тур конкурсу прафесійнага майстэрства складаўся з трох заданняў, якія патрабавалі глыбокіх метадычных ведаў, творчасці і арыгінальнага падыходу.
Міні-разважанне “Выхаваўчая праца: ад пытанняў да адказаў”. Удзельнікам усяго толькі (!) трэба было па прапанаваных пытальных словах (што, хто, з кім, калі, якія, як, навошта, чаму, якімі) сфармуляваць пытанні і даць на іх адказы, раскрываючы заяўленую тэму.
Відэа пазакласнага мерапрыемства з вучнямі “Новая форма выхаваўчага мерапрыемства”. Тэму і форму мерапрыемства канкурсанты выбіралі самастойна. Журы адзначала арыгінальнасць задумак, уменне ўдзельнікаў ствараць атмасферу ўцягнутасці, а галоўнае – здольнасць праз такія мерапрыемствы ствараць цёплую і прадуктыўную выхаваўчую прастору, эмацыянальна насычаныя зносіны з дзецьмі.

Відэапрэзентацыі канкурсантаў “Роля класнага кіраўніка ў выхаванні патрыёта сваёй краіны” былі накіраваны на раскрыццё асабістай педагагічнай задумы і дэманстрацыю глыбокага разумення місіі класнага кіраўніка як выхавальніка грамадзяніна і патрыёта, пазіцыі дарослага, які дапамагае дзецям адчуць сябе часткай вялікай гісторыі сваёй краіны і зразумець, што будучыня залежыць і ад іх.
Фінальны этап стаў сапраўдным святам прафесіяналізму, творчасці і педагагічнага натхнення. Ён уключаў у сябе візітную картку “Я класны кіраўнік, а гэта значыць…” і педагагічны рынг “Адкрытая дыскусія”.
Прадстаўляючы візітную картку, канкурсанты раскрылі сваё прафесійнае крэда, расказалі пра значныя моманты працы, пра тое, што для іх значыць быць чалавекам, які ідзе побач з дзецьмі па шляху іх сталення. У выступленнях гучалі асабістыя гісторыі, педагагічныя адкрыцці, перажыванні і дасягненні – усё тое, што робіць працу класнага кіраўніка асаблівай.
“Адкрытая дыскусія” – педагагічны рынг, на якім удзельнікі адказвалі на пытанні, што тычацца актуальных праблем выхавання. Вырашаючы канкрэтныя педагагічныя сітуацыі, якія адлюстроўваюць узаемадзеянне класнага кіраўніка з калегамі, вучнямі, іх бацькамі і іншымі, класныя кіраўнікі прадэманстравалі высокі ўзровень прафесійнай кампетэнтнасці, уменне весці канструктыўны дыялог і імгненна арыентавацца ў складаных педагагічных пытаннях.
Кожны ўдзельнік конкурсу ўнёс у мерапрыемства сваю індывідуальнасць, вопыт і педагагічную філасофію. Журы адзначыла, што выступленні адрозніваліся змястоўнасцю, эмацыянальнай выразнасцю і разнастайнасцю падачы матэрыялаў. Вызначыць пераможцаў было няпроста, але па суме балаў месцы размеркаваліся наступным чынам: першае месца падзялілі Караліна Круглікава
і Надзея Комар, другое – у Аксаны Цітовай, на трэцім – Таццяна Белаглазава.

Усе ўдзельнікі атрымалі падзяку журы за якасную падрыхтоўку да конкурсу, а таксама падарункі ад раённага аддзялення Беларускай партыі “Белая Русь” і раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”.
Конкурс пакінуў яркія ўражанні і стаў значнай падзеяй педагагічнага жыцця раёна. Ён прадэманстраваў, што праца класнага кіраўніка – гэта не проста выкананне абавязкаў, а прызначэнне, якое патрабуе творчасці, адказнасці, мудрасці і пастаяннага развіцця. Кожны ўдзельнік паказаў сябе прафесіяналам, для якога дзеці – сапраўдная каштоўнасць, а выхаванне – усвядомленая і важная місія. Вынікі конкурсу, безумоўна, выявілі пераможцаў, але галоўнае тое, што побач з нашымі дзецьмі працуюць па-сапраўднаму класныя класныя!

Караліна Сяргееўна параўновае сябе з каменем:
– Я класны кіраўнік, а значыць, я – падмурак, але не маналітны. Я як камень, абточаны часам і вопытам. Я той камень, на які можа абаперціся маё дзіця, калі свет для яго раптам падасца зыбкім і няўстойлівам.
Яна ўдзячна арганізатарам конкурсу за магчымасць праявіць сябе, сваім вучням, калегам – за падтрымку і дапамогу, без якіх не было б перамогі.

– Настаўнік – гэта мастак, – сцвярджае Надзея Іванаўна. – Ён трымае ў руках пэндзаль, які складаецца з мноства метадаў і прыёмаў, і палітру фарбаў, якая дапамагае размаляваць свет дзіцяці кветкамі надзеі, веры і любові. Я імкнуся знайсці індывідуальны падыход да кожнага дзіцяці. І толькі, калі магу даць яму магчымасць развіцця, карціна набывае яркія колеры жыцця і, спадзяюся, стане крыніцай натхнення на новыя здзяйсненні не толькі для мяне, але і для маіх рабят.
Надзея Іванаўна рада сваёй перамозе і лічыць, што яна агульная: яе, калег і вучняў. А каб стаць самым класным класным іншым класным кіраўнікам яна жадае крэатыўнасці, цярпення, любові да дзяцей і разумення з боку вучняў, іх бацькоў і калег.

13 гадоў, на пасадзе класнага кіраўніка – 4 гады.
– Класны кіраўнік – гэта чалавек, які павінен умець быць больш строгім, чым бацькі, і лепшым, чым сябры, і больш дальнабачным, чым самі дзеці, – адзначае Таццяна Пятроўна. – Пры гэтым заставацца цярплівым настолькі, каб чуць не толькі словы, але і тое, што схавана паміж імі. Класны кіраўнік адыгрывае ключавую ролю ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні вучняў, выступаючы каардынатарам ўзаемадзеяння паміж школай і сям’ёй.

10 гадоў, на пасадзе класнага кіраўніка – 4 гады.
– Лічу, што класны кіраўнік – гэта той, хто дапамагае дзецям не толькі вучыцца, але і знаходзіць сябе, вучыцца сяброўству і адказнасці, імкнецца рабіць так, каб вучні адчулі: іх шлях важны, –
падзялілася думкамі Анастасія Міхайлаўна.

15 гадоў, столькі ж на пасадзе класнага кіраўніка.
– У рабоце настаўніка ёсць вельмі цяжкая, але вельмі важная місія – быць класным кіраўніком, – лічыць Аксана Валер’еўна. – На маю думку, класны кіраўнік – гэта не праца, гэта стан душы. Каб вырасціць і выхаваць чалавека, трэба ўкласці ў яго сваю душу і часцінку свайго сэрца.

– Класны кіраўнік – ключавая фігура ў выхаваўчай рабоце, – лічыць Вікторыя Аляксандраўна. – Менавіта ад якасці яго працы шмат у чым залежыць фарміраванне ўнутранага свету дзіцяці, а таксама стан выхаваўчай работы ва ўстанове адукацыі. Найважнейшыя прафесійныя якасці класнага кіраўніка – талерантнасць, жаданне, здольнасць і ўменне бачыць, адчуваць праблемы, асаблівасці і перажыванні дзяцей. А першы настаўнік застаецца прыкладам для дзіцяці на ўсё яго жыццё.