Розум і талент юных кіраўчан: вынікі абласнога этапа алімпіяды

У Магілёве прайшоў III этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах сярод вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Удзел у ім прынялі 16 вучняў і 1 выпускнік 9 класа 2024 года школ Кіраўскага раёна. Дзеці спаборнічалі па 10 вучэбных прадметах.
Пераможцы і прызёры алімпіяды прадэманстравалі выдатныя тэарэтычныя веды і практычныя навыкі, вырашаючы складаныя заданні па прадметах. Іх поспехі – гэта вынік стараннай падрыхтоўкі і глыбокага інтарэсу да прадмета не толькі саміх вучняў, але і настаўнікаў, якія аказалі важную дапамогу ў працэсе падрыхтоўкі і навучання.
Найбольшых поспехаў дасягнулі юныя кіраўчане па выніках алімпіяды па вучэбным прадмеце “Працоўнае навучанне. Абслуговая праца”: вучаніцы СШ №1 г.Кіраўска Карына Іванова і Карына Конарава (настаўнік Алена Пархамовіч) заваявалі дыпломы I і III ступені адпаведна, вучаніца Мышкавіцкай СШ Вікторыя Буціна (настаўнік Людміла Куцянкова) – дыплом III ступені. Міхаіл Гаўрыленка (настаўнік Таццяна Апсіт), які летась скончыў 9 класаў СШ №2 г.Кіраўска імя К.П.Арлоўскага, а цяпер вучыцца ў Магілёўскім дзяржаўным абласным ліцэі №3, па нямецкай мове заваяваў дыплом II ступені. Прадстаўнікі СШ №1 Марыя Дрозд (настаўнік Іван Храмянкоў) і Павел Габрусь (настаўнік Марына Дударэнка) удастоены дыпломаў III ступені па грамадазнаўстве і англійскай мове адпаведна. Заахвочвальныя водгукі атрымалі: па біялогіі – Аляксандра Кіхтэнка з СШ №1 (настаўнік Алеся Котава), па геаграфіі – Антон Сакадынец з СШ №2 (настаўнік Раіса Давыдовіч), па вучэбным прадмеце “Гісторыя Беларусі. Сусветная гісторыя” – Ілля Івароўскі, вучань СШ №2 (настаўнік Валянціна Яскевіч).
Трэба адзначыць, што сёлетні поспех кіраўскіх школьнікаў на абласным этапе алімпіяды значна перасягнуў вынікі папярэдніх двух гадоў: у 2024 і 2023 гадах вучнямі школ раёна было заваявана па
3 дыпломы. Відавочна, што вынікі, атрыманыя сёлета, можна было дасягнуць толькі ўпартай працай і мэтанакіраванасцю вучняў, якія сталі падставай для гонару сваіх настаўнікаў, устаноў адукацыі і бацькоў. Хай гэты поспех стане толькі першым крокам да новых вяршыняў!
Падрыхтавала Галіна РУСЕЦКАЯ.