Выхавальнікі ясляў-садка №2 Кіраўска выхоўваюць у дзяцей пачуццё патрыятызму
Важным этапам фарміравання ў дзяцей дашкольнага ўзросту любові да сваёй малой радзімы з’яўляецца назапашванне імі сацыяльнага вопыту жыцця аб сваім горадзе, далучэнне рабят да свету яго гісторыі і культуры.
Выхоўваць патрыёта сваёй Радзімы — адказная задача, рашэнне якой у дзяцінстве толькі пачынаецца. Планамерная, сістэматычная работа, выкарыстанне разнастайных сродкаў выхавання, агульныя намаганні дзіцячага садка і сям’і, адказнасць дарослых за свае словы і ўчынкі могуць даць станоўчыя вынікі і стаць асноўным падмуркам для далейшай працы па патрыятычным выхаванні дзіцяці.
Перад выхавальнікамі дашкольнай адукацыі стаіць складаная задача: раскрыць дзецям багацце і непаўторнасць роднага краю, яго гісторыю, дапамагчы асэнсаваць асноўныя рысы нацыянальнага характару беларусаў, навучыць рабят адчуваць сябе неад’емнай часткай гэтай прыгожай зямлі, народа, каб яны на ўвесь свет з гонарам маглі сказаць: «Я — беларус!».
Ужо ў дашкольным узросце мы даем выхаванцам першапачатковыя веды аб нашай Радзіме. У сярэдняй групе асноўную ўвагу малышоў звяртаем на малую радзіму. У старэйшай — дзеці знаёмяцца з гісторыяй свайго горада, даведваюцца аб паходжанні яго назвы. Падчас мэтавых прагулак дзеці разглядаюць помнікі архітэктуры, сучасныя будынкі. Выхавальнікі расказваюць рабятам карысную інфармацыю пра назвы вуліц, тлумачаць, у гонар якіх знакамітых людзей, значных падзей яны так называюцца.
Знаёмства дзяцей з месцам, дзе яны жывуць, узбагачае іх веды, развівае дапытлівасць, спрыяе выхаванню пачуцця гонару за родны край. Дзеці ўсведамляюць, што іх горад, вёска, лес, рэчка — часцінка Радзімы і кожнае мястэчка непаўторнае па сваёй прыгажосці і гістарычным падзеям.
Алена КУРГАНСКАЯ, намеснік загадчыка ясляў-садка г.Кіраўска.