Беражлівыя адносіны да лесу – клопат пра будучыню. Да Дня работнікаў лесу
Лясы… Пры гэтым слове ў памяці ўсплываюць бяскрайнія зялёныя абшары, якія, нібыта ніці, ахутваюць нашу прыгожую Беларусь. А для таго, каб прыроднае багацце было дагледжаным, каб не змяншалася колькасць лясных насаджэнняў, а іх выкарыстанне было рацыянальным, штодня працуюць людзі, якія звязалі сваю прафесійную дзейнасць з лясной гаспадаркай.
Напярэдадні прафесійнага свята карэспандэнт раённай газеты наведаў Грыбавецкае лясніцтва ДЛГУ “Бабруйскі лясгас”, дзе пацікавіўся ў ляснічага Аляксандра Навіцкага дзейнасцю ўзначальваемага ім калектыву:
– Наша работа, перш за ўсё, складаецца з абароны, аховы і аднаўлення лясоў, кантролю за рацыянальным лесакарыстаннем з улікам захавання біялагічнай разнастайнасці лясных багаццяў. Значную ўвагу надаем лесааднаўленню – вясеннім і асеннім пасадкам маладых дрэўцаў розных парод.
Нашы спецыялісты кантралююць стан лесанасаджэнняў: у выпадку неабходнасці ажыццяўляецца вырубка старых ці небяспечных дрэў, яны вырашаюць, якія пасадкі можна вылечыць ад хвароб ці шкоднікаў, а якія лепш убраць, бо іншы раз маштабы заражэння дрэў здольныя прывесці да сур’ёзных праблем і страты значнай часткі лясных масіваў. Сярод клопатаў лесаводаў – барацьба з высыханнем хваёвых насаджэнняў. Так, на пашкоджаных караедам участках лесу робяцца скразныя санітарныя высечкі, каб не дапусціць распаўсюджвання гэтага небяспечнага жука.
Ляснічы Аляксандр Навіцкі, памочнік ляснічага Дзмітрый Дзячук
Вялікую ўвагу надаем навядзенню парадку ў лясах і месцах адпачынку, а таксама добраўпарадкаванню прылягаючай тэрыторыі каля адміністрацыйнага будынку лясніцтва.
Агульная тэрыторыя, якую абслугоўвае наша лясніцтва, – 15078 га, з якіх 13600 га пакрыты лясамі і насаджэннямі.
Сёлетняе спякотнае надвор’е прынесла нямала праблем і ў нашу галіну: на значных плошчах загінула шмат 1- і 3-гадовых маладых дрэўцаў, якія былі пасаджаны раней. Таму зараз актыўна займаемся дапаўненнем, гэта значыць – на месцы загінуўшых хутка зноў будуць зелянець новыя расліны.
Шмат робім і па ахове лесу ад пажараў. Ажыццяўляем догляд за існуючымі мінералізаванымі палосамі, пракладваем новыя. У спякотнае надвор’е вялі пастаянны маніторынг лясных масіваў, каб не дапусціць узгарання. Радуе, што з пастаўленымі задачамі справіліся паспяхова, ніякіх надзвычайных сітуацый не было дапушчана.
Ляснік Сяргей Дрозд, ляснік-вальшчык Уладзімір Федарэнка, ляснік Дзмітрый Іваноў
Прыемна, што сваё прафесійнае свята сустракаем з добрымі фінансава-эканамічнымі паказчыкамі. Усе даведзеныя кіраўніцтвам планавыя заданні імкнемся выконваць. Для гэтага ёсць і добра ўкамплектаваная матэрыяльна-тэхнічная база, і зладжаны калектыў калег-аднадумцаў.
Увогуле, кадры – галоўны складнік стабільнай дзейнасці любой галіны. У лясной гаспадарцы асабліва. Менавіта ад добрасумленнасці, адказнасці за даручаную справу залежыць вынік нашай працы, бо леснікі, вальшчыкі, трактарысты ўвесь дзень праводзяць на замацаванай тэрыторыі, самі плануюць выкананне пастаўленых задач.
У калектыве нашага Грыбавецкага лясніцтва 20 чалавек. Адразу адзначу, што гэта сапраўдныя прафесіяналы, з якімі па сілах выканаць любую справу. Штодня, прыкладаючы нямала сіл, яны гадуюць, захоўваюць і прымнажаюць лясное багацце нашага раёна.
Ляснік Святлана Цеплякова
Асаблівых слоў удзячнасці заслугоўваюць добрасумленныя адносіны да сваіх абавязкаў памочніка ляснічага Дзмітрыя Дзячука, спецыялістаў адзінай дзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы ўліку драўніны і здзелак з ёй майстроў лесу Таццяны Кейзік і Аляксандра Мінчукова, трактарыста па вывазцы драўніны Анатоля Круталевіча. Нельга не адзначыць вальшчыкаў Сяргея Цеплякова і Аляксандра Маглюя. Іх работа даволі складаная, патрабуе не толькі ўважлівасці, прафесіяналізму і сілы, але і дысцыпліны, вытрымкі, майстэрскага валодання галоўным інструментам вальшчыка – бензапілой.
Да прафесійнага свята знакам “20 год бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь” адзначана майстар лесу Вольга Новікава. Вольга Іванаўна – адна з самых старэйшых работнікаў лясніцтва, яе вопыт і веды лясной гаспадаркі – каштоўны скарб калектыву.
На ўласным вопыце скажу, што ў нашай сферы выпадковыя людзі працаваць не змогуць, бо работнікі лесу – гэта спецыялісты, якія аддаюць сябе прафесіі цалкам, якія любяць прыроду і робяць усё, каб зялёнае багацце нашай Беларусі толькі прымнажалася. Лічу, што ўсе, хто займаюцца аховай і аднаўленнем лясоў, робяць вельмі важную і неабходную справу, як для сучанага, так і для будучых пакаленняў.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.