Дзеля забеспячэння занятасці насельніцтва Кіраўскага раёна


Аб тым, як у раёне вырашаюцца пытанні з працаўладкаваннем грамадзян і ажыццяўляецца рэалізацыя Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”, расказвае начальнік сектара занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Людміла ПІМОШЫНА:
— Ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама па стане на 1 лістапада зарэгістраваны ў якасці беспрацоўных 46 чалавек (у 2015 г. на гэтую ж дату — 86). Такім чынам, узровень беспрацоўя па Кіраўшчыне на пачатак года складае 0,6% пры прагнозе на канец года 1,4%. У той жа час ёсць 88 вакансіі (64 з іх — у горадзе), гэта значыць, што магчымасць працаўладкавацца ёсць. З агульнай колькасці вакансій 46 заяўлена па рабочых прафесіях.
Сёлета ў сектар занятасці па пытаннях працаўладкавання звярнулася 816 чалавек, працаўладкавана 486, з іх 316 беспрацоўных.
З пачатку года на навучанне накіравана 18 беспрацоўных. Прадпрымальніцкую дзейнасць за кошт сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва арганізавалі 5 чалавек. Дарэчы, калі такія грамадзяне адпрацуюць на працягу года і не будуць мець ніякіх парушэнняў, сродкі ў бюджэт не вяртаюцца.
Больш за 270 чалавек прынялі ўдзел у аплачваемых грамадскіх работах.
Па праграме “Маладзёжная практыка” ў нас працаўладкаваны 1 чалавек. У мэтах адаптацыі інвалідаў да працоўнай дзейнасці аказана садзейнічанне ў працаўладкаванні таксама 1 грамадзяніну.
Сёлета часовай працоўнай занятасцю ў вольны ад вучобы час было ахоплена 100 школьнікаў і навучэнцаў (111,1% да адпаведнага ўзроўню мінулага года).
Выканана заданне па працаўладкаванні беспрацоўных у лік устаноўленай наймальнікам брані прыёму на работу грамадзян, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай абароне і не могуць на роўных умовах канкурыраваць на рынку працы.
Асаблівая ўвага надаецца рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. У мэтах яго рэалізацыі ў раёне ўсімі суб’ектамі гаспадарання створана 45 рабочых месц: 40 з іх з’явіліся пры рэгістрацыі індывідуальных прадпрымальнікаў, 3 — на новым прадпрыемстве ТАА “БелЭварс”, па аднаму — у райвыканкаме і КУП “Кіраўскія бытпаслугі”.
19 грамадзян атрымліваюць дапамогу па беспрацоўі. У выпадку, калі беспрацоўны не будзе выконваць свае абавязкі, ён можа пазбавіцца права на атрыманне сацыяльных выплат. У прызначэнні дапамогі можа быць адмоўлена ў наступных выпадках: спыненне працоўнага дагавора, заключанага на нявызначаны тэрмін; па ўласным жаданні, пагадненні бакоў або спыненне працоўнага дагавора на падставах, прадугледжаных пп.4, 5, 7-9 арт.42, п.5 арт.44 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (сістэматычнае невыкананне работнікам без важкіх прычын абавязкаў, ус-кладзеных на яго працоўным дагаворам або правіламі ўнутранага працоўнага распарадку, калі да працаўніка раней прымяняліся меры дысцыплінарнага спагнання; прагул (у тым ліку адсутнасць на рабоце больш за тры гадзіны на працягу працоўнага дня) без важкіх прычын; з’яўленне на рабоце ў стане алкагольнага, наркатычнага або таксічнага ап’янення, а таксама распіцце спіртных напіткаў, ужыванне наркатычных сродкаў або таксічных рэчываў у рабочы час або па месцы працы; учыненне па месцы працы крадзяжу маёмасці наймальніка; аднаразовае грубае парушэнне правілаў аховы працы, што прывяло да калецтва або смерці іншых работнікаў; уступленне ў законную сілу прыгавору суда, якім работнік асуджаны да пакарання, што выключае працяг работы, або судовай пастановы аб працаўладкаваннi работнiка, якi абавязаны кампенсаваць расходы, затрачаныя дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, а таксама звальнення (адлічэння) за парушэнне воінскай (вучэбнай) дысцыпліны, страты (адсутнасці) крыніцы даходу ў выніку незаконных дзеянняў; непрадстаўлення дэкларацыі аб даходах). Карацей кажучы, матывамі звальнення работнікаў па гэтых падставах пераважна служаць іх неправамерныя дзеянні.
Сёлета на фінансаванне мерапрыемстваў па забеспячэнні занятасці насельніцтва было зрасходавана больш за 55 тысяч рублёў.
Для запаўнення вакансій і працаўладкавання беспрацоўных інфармацыя аб паступаючых ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва вакансіях штодзённа абнаўляецца і размяшчаецца ў Агульнарэспубліканскім банку вакансій на партале Дзяржаўнай службы занятасці.
Запісала
Людміла СЯМЁНАВА.