Хутка ў школу

Менш двух тыдняў застаецца да пачатку новага навучальнага года. Гэта перыяд актыўнай падрыхтоўкі да школы. Па ўсёй краіне працуюць школьныя кірмашы, якія прапануюць усё неабходнае да новага навучальнага года (ад канцтавараў і ранцаў да адзення і абутку, у тым ліку спартыўнага).
Працуе школьны базар і ў Кіраўску, які размясціўся побач з універмагам. Як адзначыла прадавец Аляксандра Жданава, найбольш запатрабаванымі ў пакупнікоў з’яўляюцца канцтавары. Тут можна набыць усё, што неабходна для вучобы ў школе і заняткаў у дзіцячым садзе. “Акрамя таго, – заўважыла Аляксандра, – тут даволі дэмакратычныя цэны на абутак і адзенне. І ўсе тавары якасныя, айчыннай вытворчасці”. Дарэчы, школьныя прылады, адзенне, абутак можна набыць і ва ўнівермагу.
Школьны базар будзе працаваць да канца месяца. Кіраўчанка Анастасія Кунгурава (на фота) падзялілася сваімі меркаваннямі аб зборы дзіцяці ў школу:
– Сёлета ў нашай сям’і адбудзецца важная падзея – наш сын Данііл пойдзе ў першы клас. У нас ужо ёсць спіс, што неабходна набыць у школу. Адзенне і абутак ужо купілі, канцтавары дакупляем.

Сёння ў нас шмат магчымасці і вялікі выбар тавару для збору дзіцяці ў школу: магазіны, школьныя кірмашы, Інтэрнэт. Кожны выбірае сам, дзе і што набываць. Мы глядзім, каб дзіцяці пакупкі падабаліся, бо ад яго настрою будзе залежаць і працэс засваення ведаў.
Галіна РУСЕЦКАЯ.